Ксёндз Кірыл Бардонаў: Мудрасць вечнасці

Кожны чалавек жадае сабе быць мудрым. Нам не хапае мудрасці прыняць важнае рашэнне ў складаных абставінах або мудрасці пазбягаць хворай цікавасці да жыцця іншых. Біблія адкрывае чалавецтву мудрасць у тым, пра што людзі часта забываюць: сціпласць у адносінах і шчырасць у памкненнях.

У Святым Пісанні змешчаны шматлікія прыпавесці, якія раскрываюць перспектыву жыцця кожнага чалавека: існаванне людзей ніколі не закончыцца, але будзе змяняцца. Адной з такіх прыпавесцей з’яўляецца гісторыя пра 10 паннаў, дзяўчат, якія сабраліся на вяселле.

У старажытным Ізраілі перад вяселлем жаніх са сваімі спадарожнікамі прыходзіў да дома бацькоў нявесты, дзе яго чакала абранніца. Потым яны разам ішлі да дома жаніха, і першую вясельную ноч нявеста праводзіла ў акружэнні сваіх сябровак. Паколькі на вуліцах не было штучнага асвятлення, да ўрачыстай працэсіі маглі далучыцца толькі тыя, хто прынёс з сабой святло. Гэта былі паходні або іншыя светачы, крыніцы святла.

У тыя часы ніхто не ведаў, калі дакладна прыйдзе жаніх да дома нявесты. І яе сяброўкі цярпліва чакалі разам з абранніцай. Евангельская прыпавесць распавядае пра 10 дзяўчат. Пяць з іх узялі з сабой у запас алей для светачаў, а пяць не падумалі пра гэта. З’яўленне жаніха было раптоўным: “Сярод ночы ўзняўся крык: “Вось жаніх, выходзьце яму насустрач”. Тады ўсталі ўсе панны гэтыя і прывялі ў парадак светачы свае. Неразумныя ж сказалі мудрым: “Дайце нам вашага алею, бо нашыя светачы гаснуць”. А мудрыя адказалі: “Каб хапіла і вам, і нам, пайдзіце лепш да тых, хто прадае, і купіце сабе”. Калі ж пайшлі яны купляць, прыйшоў жаніх, і тыя, якія былі падрыхтаваныя, увайшлі з ім на вяселле, і зачыніліся дзверы. Пасля прыходзяць і астатнія панны ды кажуць: “Пане, пане, адчыні нам”. Ён жа сказаў ім у адказ: “Сапраўды кажу вам: не ведаю вас”.

Асноўная думка, якая падсумоўвае гэтую прыпавесць, прыведзена самім Хрыстом: “Чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны”. Усе панны паснулі ў чаканні жаніха, гэта значыць самога Хрыста. З’яўленне жаніха прымусіла тых паннаў, якія не мелі запасу алею, пайсці і набыць яго, таму яны не змаглі трапіць на вяселле. Вяселле на мове Святога Пісання з’яўляецца вобразам неба, раю. Такім чынам, у нас можа ўзнікнуць справядлівае пытанне: што трэба рабіць, каб заўсёды быць гатовымі сустрэць Хрыста? Кожны, хто паддаецца сваім эмоцыям, прымаючы важнае рашэнне, ніколі не зможа сустрэць Хрыста ў сваім жыцці. Жаданне пазбягаць “дрэнных” эмоцый можа настолькі панаваць над чалавекам, што ён пачне атаясамліваць сябе са сваімі эмоцыямі: “Калі мае эмоцыі дрэнныя, то і я кепскі чалавек”. Гэта тупіковы шлях, які, на жаль, у апошні час пачынае набіраць папулярнасць.

Сапраўдная мудрасць заключаецца ў тым, каб разумець, што мы можам ацэньваць чалавека толькі па тых выбарах, якія ён робіць, а не па яго эмацыянальным стане. Стомленыя бацькі, якія, нягледзячы ні на што, не абражаюць сваіх дзяцей і праяўляюць да іх сваю любоў, выклікаюць у нас большую павагу, чым людзі, якія проста падтрымліваюць свой прыгожы вобраз і не здольныя пераадольваць цяжкасці.

Хто ж здольны сустрэць Хрыста з палаючым светачам? Той, хто ў сваіх нямоглых бацьках бачыць сваіх настаўнікаў жыцця. Той, хто дбае не пра свой уласны поспех, а пра шчырасць кожнага свайго выбару. Той, хто памятае, што кожны наш жыццёвы выбар застанецца ў вечнасці.

На жаль, мы часта арыентаваныя на дасягненне поспеху: мець найлепшую адукацыю і найбольш уплывовых сяброў, быць матэрыяльна багатымі. І толькі калі мы бачым, як узыходзіць і сядае сонца, мы ўспамінаем: “Толькі чыстае сэрца Бога ўбачыць...”

Ксёндз Кірыл Бардонаў

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter