Беларускі саюз тэатральных дзеячаў уручыў прафесійныя узнагароды

Крыштальная цырымонія

“Паўлінка” трапіла да Зінаіды Зубковай

У  Міжнародны дзень тэатра, які традыцыйна адзначаецца 27 сакавіка, ва ўрачастай зале Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі віталі служыцеляў Мельпамены. Тут прайшла цырымонія ўручэння штогадовых узнагарод Беларускага саюза тэатральных дзеячаў.


У гэтым годзе прэтэндэнтаў на “Крыштальную Паўлінку” было дванаццаць, паведаміў старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў:

— Усе годныя людзі, вялікія майстры, але па выніках тайнага галасавання перамагла зорка Купалаўскага тэатра народная артыстка Беларусі Зінаіда Зубкова.

— Я настолькі ўзрушана гэтай падзеяй, што нават ноччу не спала, успамінала ўсё сваё творчае жыццё ў тэатры, якое пачалося ў мяне з 1960 года, — сказала Зінаіда Зубкова. — Для мяне “Крыштальная Паўлінка” вельмі дарагая ўзнагарода. І гэта не толькі мая перамога, але і нашага тэатра. Таму віншую ўсіх нас і хачу падзякаваць дырэктару Купалаўскага тэатра Паўлу Палякову і мастацкаму кіраўніку Мікалаю Пінігіну. А яшчэ я лічу, што трэба даваць больш прызоў нашай тэатральнай моладзі. Гэта вялікі стымул для далейшай працы.

Былі ўручаны і іншыя ўзнагароды. “Крыштальны анёлак” сёлета “прыляцеў” да вядучага майстра сцэны Гродзенскага абласнога тэатра лялек Людмілы Паўлоўскай. “Крыштальная зорка” заззяла ў руках прафесара кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Дзмітрыя Мохава. Актрыса Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Я. Коласа Анастасія Рэўчанка стала ўладальніцай “Крыштальнай кветкі”. Стыпендыю Беларускага саюза тэатральных дзеячаў “Тэатральная дынастыя” атрымала актрыса Тэатра-студыі кінаакцёра Лідзія Мардачова (сям’я Юрчанковых). Разам са стыпендыяй Лідзія Міхайлаўна заахвочана і прызам “Агмень”. 

Свае пачэсныя ўзнагароды ўручыла таксама Міністэрства культуры.

pepel@sb.by 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter