Крыштальнае прызнанне

У Міжнародны дзень тэатра прыз “Крыштальная Паўлінка” за вернасць беларускаму нацыянальнаму тэатру і шматгадовую творчасць уручаны салісту Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Беларусі, заслужанаму артысту краіны Міхаілу ДРУЖЫНЕ. Прэміі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, заснаванай сёлета Міністэрствам культуры і Беларускім саюзам тэатральных дзеячаў, удастоены вядучы майстар сцэны артыст Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Валянцін САЛАЎЁЎ .

Хаця б у сваё прафесійнае свята акцёры адпачылі. Аднак не. Людзі, што не проста працуюць у тэатры, а служаць яму, пражываюць у ім сваё жыццё, не могуць адзначаць Міжнародны дзень тэатра без гледачоў і, канешне, падарункаў. Шаснаццаць гадоў запар у гэты дзень, які, дарэчы, адзначаецца з 1962 года, у госці да акцёраў, рэжысёраў, драматургаў прыходзіць “Крыштальная Паўлінка”. Прыз за таленавітае жыццё ў тэатры, адзначыў старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў. Гэтай узнагароды ўжо былі ўдастоены Стэфанія Станюта, Расціслаў Янкоўскі, Зінаіда Канапелька, Наталля Гайда, Валерый Раеўскі, Святлана Акружная, Марыя Захарэвіч, Генадзь Аўсяннікаў і іншыя.
— Не думаў, што буду ўдастоены такога гонару, — прызнаўся сёлетні ўладальнік “Крыштальнай Паўлінкі” Міхаіл Дружына. — Але, напэўна, я яе заслужыў за 52 гады сваёй дзейнасці ў тэатры оперы. Я ў мінулым ваенны лётчык. Ніколі не марыў стаць артыстам. Так атрымалася — Гасподзь даў мне голас, і прыйшлося скончыць кансерваторыю. Потым запрасілі ў тэатр. Зараз я сумую па авіяцыі. Але мая вялікая Любоў — да мастацтва, да канцэртнай дзейнасці. І вельмі прыемна пасля гадоў творчасці бачыць, што цябе любяць.
За вернасць беларускаму лялечнаму тэатру і шматгадовую творчую працу прыза “Крыштальны анёлак” удастоены акцёр Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек Аляксандр Васько. “Крыштальная зорка” заблішчэла ў руках артысткі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Тамары Міронавай, а “Крыштальная кветка” — прыз за яркі дэбют у спектаклі “Палачанка” дастаўся акцёру Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача Аляксандру Гладкаму.
Вядучы майстар сцэны, артыст нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа (Віцебск) Валянцін Салаўёў працуе ў тэатры з 1986 года. Лічыць, што яго прафесія — адна з самых гуманных. “Тэатр робіць чалавека больш чыстым духоўна, — гаворыць ён. — І калі ўдаецца ўзвысіць думкі гледача, прымусіць падумаць аб сэнсе свайго існавання на Зямлі, то для мяне няма лепшай узнагароды. Нядаўна ў нашым тэатры адбылася прэм’ера спектакля па п’есе Аляксея Дударава “Млын”, дзе я сыграў галоўную ролю. Глядач не застаўся раўнадушным да тых праблем, якія мы ўзнялі — аб духоўнасці і матэрыяльнасці, любові і нянавісці”.
— Тэатру ўжо неаднойчы прадказвалі сыход у нябыт, але, як бачым, яго роля ў сучасным жыцці чалавека толькі павялічваецца, з якой бы сілай не трымала нас каля сябе тэлебачанне, камп’ютэрызацыя, — адзначыў Аляксей Дудараў. — І дзякуючы гледачу тэатр існуе. Глядач — гэта сааўтар таго дзейства, што адбываецца на сцэне. Узаемаабагачэнне людзей, што знаходзяцца па абодва бакі рампы, ідзе на нейкім касмічным узроўні. Тэатр увесь час змяняецца. Адзін і той жа спектакль не можа быць сыграны аднолькава, нават калі прайшло зусім няшмат часу.
Заўважылі поспехі беларускага тэатра і за мяжой. Лепшыя спектаклі, якія былі паказаны замежнаму гледачу ў час гастроляў у Германіі, Іспаніі, Егіпце, Арабскіх Эміратах і іншых краінах, атрымалі высокую ацэнку грамадскасці і прафесійных крытыкаў. Удасканаленне тэатральнага мастацтва Беларусі адбываецца ў многім дзякуючы абменным выступленням. На іх арганізацыю дзяржавай летась было выдаткавана больш чым 2 мільярды рублёў. Яшчэ большых поспехаў можна будзе дасягнуць, калі рэалізуецца Дзяржаўная праграма рэканструкцыі і мадэрнізацыі тэатраў да 2010 года, па выніках якой ва ўсіх тэатральных установах будзе ўстаноўлена сучаснае абсталяванне.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter