Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Луцку, які здаўна паяднаны з беларускай старонкай, выйшла кніга беларускай паэтэсы з украінскімі родавымі каранямі Аксаны Спрынчан “Кава з украінскім мёдам”

Крынічная вада паэзіі

Аксана Спрынчан. Фота: Іван Ждановіч
Дзед Аксаны — вядомы беларускі паэт Браніслаў Спрынчан, быў родам з Украіны, з сяла Каніж Новаміргарадскага раёна Кіраваградскай вобласці. (З 2016 года Кіраваград — гэта горад Крапіўніцкі. Да 1924 года Елісаветград, да 1934-га — Зіноўеўск, да 1939-га — Кірава. — Рэд.). Хоць і пісаў Браніслаў Спрынчан больш на рускай мове, аднак жа выдатна і паветра, ауру беларускага слова ён адчуваў, бачыў усе колеры беларускай паэзіі. Шмат перакладаў вершаў беларускіх класікаў і паэтаў-сучаснікаў на рускую мову. Падзеяй у літаратурным жыцці ў свой час было выданне “Вянка” Максіма Багдановіча ў пераўвасабленні на рускую мову Браніслава Спрынчана.

Паэтычны зборнік Аксаны Спрынчан “Кава з украінскім мёдам” — гэты творчы праект, які з украінскага боку як перакладчык ажыццяўляў Мікола Мартынюк, заслугоўвае шырокай увагі. Па-першае, кніга выдадзена ў Луцку на дзвюх мовах. І ў чытача як з Украіны, так і з Беларусі ёсць магчымасць спрычыніцца да прыгожага пісьменства суседняга народа. Па-другое, сам факт з’яўлення ёмістага, грунтоўнага паэтычнага зборніка беларускай аўтаркі ў суседняй краіне сведчыць пра непарушнасць культурных, літаратурных сувязяў нашых народаў.

На ўкраінскім стэндзе кніжнай выставы ў Мінску
Фота: іван ждановіч

“Кава з украінскім мёдам” — гэта і прыгожы, вытанчаны напамін: украінскія перакладчыкі праз усё ХХ стагоддзе былі ўважлівыя да беларускай паэзіі. Кнігі вершаў і паэм Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Ніла Гілевіча, Рыгора Барадуліна, Уладзіміра Караткевіча, Пімена Панчанкі, Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Яўгеніі Янішчыц, Алега Лойкі для чытача з неабсяжнай украінскай прасторы гучалі ды гучаць — як родныя. Спадзяёмся, што такім жа дружалюбным і для паэтаў, і для чытачоў будзе і ХХІ стагоддзе. Так яно і ёсць цяпер, бо ва Украіне выдаюцца кнігі Людмілы Рублеўскай, Алены Масла ды шмат яшчэ каго з сучасных беларускіх пісьменнікаў, а цяпер яшчэ і Аксаны Спрынчан.

“Менавіта з Вамі/ мне было/ пабачыцца ў Вільні/ ў часы Вялікага Княства Літоўскага./ Як маглі Вы спазніцца/ на гэтулькі стагоддзяў/ і сустрэцца са мною/ на вуліцах іншай сталіцы?..”, — піша Аксана Спрынчан. Тонкі лірык, яна не цураецца грамадзянскіх матываў, робіць гэта шчыра і прачула. Таму і цягне да сябе, таму і вабіць яе паэзія. Таму і кожная кніга Аксаны Спрынчан — гэта як цудадзейная крынічная вада. У кнізе, якая выйшла ў свет на дзвюх мовах, ёсць і ўкраінскія, валынскія матывы, а Луцк, нагадаю, гэта сталіца слаўнага Валынскага краю.

Мікола Берлеж

Голас Радзімы № 13 (3565), чацвер, 5 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter