Бясконца чароўная... Аўтарскi праект Уладзiмiра Цвiркi. Крынічкі

Крынiчкi

Яны — непараўнальны прыродны цуд, а часам нават i святое месца 

Вакол гэтай крынiчкi, здавалася, бесперапынна круцiўся ўвесь свет. Я маю на ўвазе, увесь навакольны свет, а ён быў не такi ўжо i маленькi: каля дзесяцi вёсачак ды немалое мястэчка. Не толькi людзi з навакольных паселiшчаў ведалi пра крынiчку. 

Чуткi пра чароўныя i лекавыя ўласцiвасцi яе з цягам часу распаўсюдзiлiся далёка, i да крынiчкi сталi прыязджаць людзi з зусiм не блiзкiх мясцiн. 
Тутэйшыя жыхары здзiўлялiся, але адначасова з гонарам кiвалi галовамi: «Чаму не? Наша крынiчка — яна такая! Пра яе, мо, нават у суседняй краiне чуткi ходзяць». 

Наконт суседняй краiны яны, можа, i перабольшвалi, але, каб не пакрыўдзiць iхнюю неабмежаваную пашану да гэтай прыроднай з’явы, пра тое нi словам, нi паўсловам не дазволiў я сабе згадаць. А вось як тая крынiчка магла так сябе зарэкамендаваць, такую любоў да сябе заслужыць ды такую прыцягальнасць для ўсяго наваколля мець, спытаць не прамiнуў. На маё задавальненне, у той жа самы момант пасыпалiся на мяне ўспамiны ды гiсторыi розныя, якiх хапiла б не на адну такую замалёўку.


Вядома ж, трэба пачаць з самага пачатку — як з’явiўся тут гэты непараўнальны прыродны цуд. Першая легенда апавядае, што вельмi-вельмi даўно пасля працяглай i багатай на снег зiмы магутная вясновая паводка падмыла i зрушыла з месца вялiкi камень, якi заўсёды ляжаў тут. Лiчылася, што гэты камень яшчэ з паганскiх часоў стаяў на месцы старадаўняга капiшча.
Дык вось, паводка зрушыла камень i працягнула яго па схiле ўнiз. На месцы ж, дзе ён да гэтага ляжаў, вось гэтая самая крынiчка i заструменiла. А таму, казалi тады людзi, каб нагадваць сучаснiкам, адкуль яны, хто такiя, каб не пакiдалi памяць пра продкаў, не забывалi спрадвечную гiсторыю краю.
Наступная легенда, якую пачуў, ужо блiжэй да нашага часу. У Першую сусветную вайну тут як быццам узарваўся снарад цi, можа, граната. I варонка, якая з’явiлася ў месцы выбуху, у сухую пару года стала запаўняцца вадой. На месцы струменьчыка паставiлi невялiкi драўляны зруб, а ўсю астатнюю частку варонкi засыпалi пяском. Крынiчка стала сiмвалам, яна быццам казала, што выбух — гэта смерць ды няшчасце, а вада — гэта жыццё ды любоў памiж людзьмi. I яшчэ такiя пачуў успамiны: калi салдаты каля вёскi намерылiся бетонныя ўмацаваннi ўзводзiць, мясцовыя жыхары iм распавялi пра крынiчку ды пра тое, як яна з’явiлася, i салдаты тыя дзоты цi доты далей ад вёскi перанеслi, каб па вёсцы, а значыць, i па крынiчцы стрэлаў не было. Так i атрымалася. Падчас усёй вайны нi адзiн снарад не ўпаў на крынiчку цi на вёску. «Вось як крынiчка ўратавала цэлае паселiшча», — скончылi свой расповед жыхары.


Вось менавiта з таго часу над — ужо без перабольшвання — святым месцам з’явiлася невялiчкая драўляная каплiчка. 
А ў каваля, якi змайстраваў крыжык на яе дах, дачушка, якая з дзяцiнства доўгi час хадзiць не магла, раптам пайшла лiтаральна за дзень якi. Прыходзiў да крынiчкi каваль з дзiцём — дзякаваць ёй.
У савецкiя часы гэтая каплiчка «выпадкова» гарэла колькi разоў. Але жыхары блiжэйшай вёскi, а то i хто з навакольных, моўчкi бралi пiлы i сякеры i лiтаральна за дзень-другi ўзводзiлi новую каплiчку, яшчэ i нашмат прыгажэйшую за папярэднiя.


Падчас Вадохрышча да гэтай невялiкай святынi, што стаiць на ўскрайку могiлак, на якiх да нашага часу захавалiся старыя каменныя магiльныя плiты, адсюль у вялiкай бочцы возяць ваду. У вынiку вадзiца тая пасля акунання ў яе жыватворнага крыжа ўдвая больш святой становiцца. Таму i моц у яе лекавая, неверагодная, таму i народу столькi да яе iмкнецца. Вядома ж, вера не апошняя справа ў жыццi чалавечым. А як жа без веры? Яна з вадзiцаю крынiчнай разам цуд увасабляе. Не верыш — адыдзi ўбок. 


Скончыўшы свае ўспамiны, мясцовыя жыхары правялi мяне да крынiчкi, якая зноў i зноў клiкала да сябе людзей з усяго навакольнага свету. На гэтым бы i скончыць аповед пра крынiчку i яе легендарнае нараджэнне, пра яе жыццё, недзе пра пакуты, недзе пра шчасце, таму што не кiнуў яе чалавек у адзiноце, засланiў, захаваў.

Але да месца будзе трошкi сказаць i пра сучаснае жыццё крынiчкi, як сёння маецца гэтая святая зямелька, лапiнка нашай Бацькаўшчыны. А пратаптаная сюды сцежка, заўважная i даволi шырокая. Ходзяць людзi, пэўна, каб вады ў бутэльку набраць, цi проста твар, вочы абмыць, цi нават пабыць з крынiчкай сам-насам, мабыць, падзялiцца самым дарагiм цi папрасiць дапамогi.

Струменiць крынiчка, як найлепшы сябар, амаль нячутна, каб чуць самыя цiхiя i патаемныя думкi тых, хто да яе прыйшоў, хто знайшоў час ля яе прыпынiцца. 
Гледзячы па тым, што сцежка да крынiчкi не зарастае травой, можна сказаць, што дапамагае яна ўсiм, хто сюды прыходзiць, хоць i можа здавацца такой кволай i маленькай. Але, мабыць, у гэтым i хаваецца яе моц — дапамагчы чалавеку i ўсяму жывому бескарысна.


v-cvirko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter