Крынiчка партызанскай мужнасцi

Пад Гомелем сустрэлiся былыя партызаны i падпольшчыкi

Каля мемарыяльнага комплексу «Партызанская крынiчка», што ў дзесяцi кiламетрах ад Гомеля, сустрэлiся былыя партызаны i падпольшчыкi. Тут, каля так званай Шчакатоўскай дачы, у канцы жнiўня 1941 года 37 работнiкаў партыйных органаў Гомеля i блiжэйшых раёнаў стварылi партызанскi атрад «Бальшавiк». Яго камандзiрам быў прызначаны дырэктар аўтарамонтнага завода Iлья Федасеенка. Крынiца, што бруiла каля летнiка, у далейшым i стала сiмвалам партызанскага руху на Гомельшчыне.

Першымi аперацыямi партызан сталi падрывы аўтамабiляў з немцамi на Рэчыцкай i Чарнiгаўскай шашы, разгром нямецкага аўтарамонтнага пункта. Фашысты неаднаразова рабiлi спробы знiшчыць лясных мсцiўцаў, але планы ворага не ажыццявiлiся: атрад арганiзавана мяняў дыслакацыю i пазбягаў сустрэч з ворагам. Дзейнасць «Бальшавiка» нанесла вялiкi ўрон акупантам: за час iснавання атрада партызаны пусцiлi пад адхон звыш 100 фашысцкiх эшалонаў, узарвалi дзесяткi мастоў i складоў, разграмiлi 15 нямецкiх гарнiзонаў. Партызаны «Бальшавiка» Емельян Барыкiн, Фёдар Котчанка i Аляксандр Iсачанка за мужнась i гераiзм у барацьбе з захопнiкамi былi ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Ветэраны партызанскага руху ўсклалi кветкi да манумента «Партызанская крынiчка», ушанавалi памяць загiнуўшых таварышаў мiнутай маўчання.

– Гэта сустрэча яшчэ адзiн доказ, што людская памяць вечная, што падзеi Вялiкай Айчыннай вайны i сёння хвалююць нас, не дазваляючы забыць аб подзвiгах нашых бацькоў i дзядоў, – зазначыў, звяртаючыся да прысутных, старшыня гарвыканкама Вiктар Пiлiпец. – Вялiкая ўдзячнасць усiм, хто ў свой час не апусцiў рукi перад небяспекай i смерцю, а са зброяй у руках адстойваў свой горад i сваю Радзiму...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter