Краіна казак — Беларусь

Першыя лісты ад удзельнікаў конкурсу “НГ” і выдавецтва “Рыфтур” “Краіна казак — Беларусь” з’явіліся ў рэдакцыйнай пошце.Скласці сучасную казку пра Сінюю птушку натхніла бабруйчанку Ларысу Луцкую выява возера Галадзянка — аднаго з групы Сарачанскіх азёр, якія знаходзяцца ў Астравецкім раёне.

Птушка шчасця
Выяву Сіняй птушкі ведае з дзяцінства кожны, хто больш, чым “Чупа-чупсы”, любіць самаробныя бабуліны ледзяшы на палачках. Бо цукеркі гэтыя, дарма што называюцца “пеўнікамі”, злеплены з яе — дзівоснай і таямнічай істоты, якая прыносіць людзям шчасце.
Пэўна, вам карціць даведацца, дзе гэта нашыя бабулі бачылі Сінюю птушку? Тады слухайце!
Некалі людзі і птушкі жылі разам і не палохаліся адзін аднаго. Спрытныя і дужыя страусы каталі чалавечых дзетак у вазках, ганарлівыя паўліны ўпрыгожвалі палацы падчас святочных мерапрыемстваў, а кры-клівыя гракі ды вароны дапамагалі сялянам збіраць з палеткаў каменне і знішчаць пустазелле. Людскі род сябраваў з птушыным. Але самым пажаданым госцем для кожнага чалавека была Сіняя птушка, адзін позірк на якую прыносіў удачу на дзень, тыдзень ці нават месяц.
Людзі так і прызвычаіліся хадзіць, задраўшы галаву да аблокаў, каб не прапусціць ніводнай птушкі шчасця. А Сінія птушкі ведалі пра сваю дзівосную сілу і ўзнімаліся ўсё вышэй, каб іх было добра відаць з розных хат і вёсак.
Але аднойчы адна Сіняя птушка схавалася сярод галінак ліпы на дзіцячай пляцоўцы і выпадкова пачула, пра што гаворыць дзятва.
— Мая матуля зусім перастала са мной гуляць, — сумна сказала адна дзяўчынка. — Яна ўвесь час кажа, што занятая, а сама толькі глядзіць на неба...
— Мой тата таксама цяпер вяртаецца дахаты толькі ноччу. Раней, калі ён не шукаў птушак сярод аблокаў, мы гулялі з ім у футбол і хадзілі ў грыбы, — пагадзіўся з ёй хлапчук.
Я не ведаю, ці доўга слухала дзяцей Сіняя птушка. Але з таго часу яна перастала ўзнімацца высока ў неба і трапляцца на людскія вочы.
Не, птушка шчасця не пакінула Беларусь. Яна і зараз прыносіць поспех, удачу і шчасце тым, хто ўбачыць яе сярод лясоў і балот.
На жаль, няшмат хто з людзей здольны, мроячы пра недасяжнае, уважліва глядзець вакол сябе!

Шукаць птушку шчасця, як вы ўжо зразумелі, варта ў заказніку “Сарачанскія азёры”. У возера Галадзянка, якое на здымку Сяргея Плыткевіча ператварылася ў Сінюю птушку, адзінаццаць “братоў” — азёры Тумскае, Ёдзі, Вераб’і, Каймін, Туравейскае, Белае, Залаўскае, Гульбеза, Баранскае, Галодна, Клевел.
Маляўнічыя азёры і ўзгорысты рэльеф заказніка — спадчына ледавіка, які “ўзараў” тэрыторыю нашай краіны 1 мільён 316 тысяч гадоў таму. Рухаючыся, волат выдзіраў горныя глыбы і абломкі, цягнуў з сабою велізарныя камяні. А пакідаючы Беларусь, ён, як таленавіты разьбяр, стварыў на нашай зямлі унікальны малюнак. Узвышшы, грады, шматлікія азёры, схілы, катлавіны, лагчыны, валуны, якім старажытныя легенды прыпісваюць незвычайныя, таямнічыя здольнасці...

Сённяшні фотаздымак Сяргея Плыткевіча шмат каму нагадвае выяву мужыка — з цыгарэтай, у брылі “а-ля Фрунзік Мкртчан”, на сінім фоне возера Богінскае. Гэта ў басейне ракі Дзісна, на Браслаўшчыне. На возеры восем выспаў, агульнай плошчай 32,5 га. Два з іх — Церанцейка і Гарадзішча, сапраўдныя помнікі прыроды, парослыя аерам, чаротам, трыснягом і гарлачыкамі.
Цікава, на якія літаратурныя творы натхніць чытачоў гэты жарт прыроды?

Нагадваем умовы конкурсу. Вам трэба ўважліва паглядзець на здымкі фотамастака Сяргея Плыткевіча, зробленыя ім з вышыні птушынага палёту. Кожны з убачаных фотамастаком краявідаў нагадвае нейкага дзівоснага звера, фантастычную птушку ці іншапланетны пейзаж.
Складзіце легенду ці казку пра тое, што бачыце на здымку, і дашліце ў рэдакцыю. Пераможцы кожнага тура конкурсу ўбачаць свае творы надрукаванымі. Аўтары самых цікавых, арыгінальных і фантастычных апавяданняў атрымаюць каштоўныя падарункі ад выдавецтва “Рыфтур”.

Шліце свае допісы з пазнакай “Краіна казак” на адрас: 220013, г.Мінск, вул. Б.Хмяльніцкага, 10а, “Народная газета”.
Ці на электронную скрыню info@ng-daily.by

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter