У мастоўскіх Вялікіх Азёрках унікальны народны танец выконваюць на школьных выпускных замест вальса

Котчынская кадрыля і 20 яе кален

КУЛЬТУРНЫ брэнд Мастоўскага раёна — котчынская кадрыля. Танец, асаблівасці якога яшчэ паўстагоддзя таму мясцовыя перадавалі, як кажуць, з нагі ў нагу, спакон веку бытаваў у Котчыне. З цягам часу вёска састарэла, моладзь з’ехала, клуб закрылі… Можа, і зніклі б скокі з адметным мясцовым каларытам, калі б не перавандравала традыцыя ў суседнія Вялікія Азёркі. Тамтэйшыя вяскоўцы з імпэтам перанялі котчынскую кадрылю і цяпер даюць з ёй жару на розных вясковых святах. Карэспандэнты “СГ” пацікавіліся асновамі ўнікальнай нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці краіны.


“ГАРМАНIСТ, а цяпер нашу, котчынскую”. Звычайна менавіта з гэтай рэплікі і пачынаецца танец. Яго выконваюць 6 пар, апавядае адна са старажылаў Вялікіх Азёрак Галіна Шэлястовіч. Амаль усё жыццё яна працуе ў вясковым сельскім клубе:

— Памятаю, як мы толькі падступаліся да кадрылі. Гэта было больш за 40 гадоў таму. У 1960 годзе танец упершыню ўбачылі на хрэсьбінах у Марыі Калбасянковай, якая тады яшчэ была дырэктарам клуба. У 1969 годзе яе калектыў пачаў браць удзел у першых паказальных фальклорных фэстах, а ў 71-м у Котчына прыехаў вядомы беларускі балетмайстар Іван Хвораст. Ён запісаў і зрабіў сцэнічны варыянт нашай кадрылі, які быў уключаны ў аўтарскую кнігу “Беларускія танцы”. Мы пачалі далучацца да котчынскага вопыту. У выніку і перанялі танец. Дарэчы, раней, як расказвалі старажылы, у ім было не 20, а нават 24 калены. А вячоркі, дзе скакалі кадрылю (у нас гаварылі “гулялі кадрылю”), маглі зацягнуцца ў клубе аж да гадзіны ночы: так многа моладзі было ў вёсцы.

76-гадовая Галіна Антонаўна цяпер у Азёркаўскім клубе акампаніятар, але, калі патрэбна, і майстар-клас па кадрылі спадобіцца даць, дый сама  можа патанчыць на сцэне. Маўляў, усё жыццё ў культуры, з моладдзю, таму заўсёды і сілы знаходзяцца. Гэтаксама, дарэчы, і іншыя старажылы Вялікіх Азёрак: у вёсцы вы і цяпер не знойдзеце ніводнага з іх, ногі якога не памятаюць гэты танец.

Літаральна з заплюшчанымі вачыма выконваюць котчынскую кадрылю і вяскоўцы сярэдняга ўзросту. Жыхары ад 18 до 55 гадоў складаюць асноўную групу. На рэпетыцыі людзей за вушы цягнуць не патрэбна: самі прыходзяць. Танцавальныя гадзіны для іх не толькі магчымасць культурна адпачыць, але і пагутарыць адзін з адным, пазнаць апошнія навіны. Некаторыя ж удзельнікі самадзейнасці, хоць і стаміліся на працы, ідуць у клуб проста з-за павагі да культработнікаў, зазначае дырэктар Азёркаўскага сельскага клуба Ірына Шэлястовіч:

— Гэныя жартаўліва тлумачаць: “Культработнік на вёсцы — гэта другі чалавек пасля дырэктара школы і старшыні сельскага Савета...” Насамрэч бывае цяжкавата збірацца канцэртнай групай на рэпетыцыі. Асабліва цяпер, калі пачаўся сельскагаспадарчы сезон: у нас у калектыве механізатары, даяркі, ёсць брыгадзір фермы, зваршчык (працуюць у СВК “Азеранскі”). Дзіву даюся, як яны лавіруюць паміж сваімі справамі і сем’ямі, знаходзячы час на заняткі. Часамі нават да 11 гадзін ночы затрымліваемся ў клубе… Добра, што ёсць касцяк. Чаму? На жаль, большасць перавагу аддае не культурнаму адпачынку, а ляжні на канапе. Іншага, бывае, цяжка нават на канцэрт выцягнуць, якая там аматарская творчасць!

Загадчыца Азёркаўскага сельскага клуба Ірына ШЭЛЯСТОВІЧ, кіраўнік народнага ансамбля народнай песні «Ярыца» (г. Масты) Шаміль ТАЙРОЎ і настаўніца музыкі Азёркаўскай сярэдняй школы Валянціна МАРМЫШ акампаніруюць сярэдняй узроставай групе, якая танчыць котчынскую кадрылю.

У гэтым годзе Ірына Шэлястовіч адзначае свой прафесійны юбілей: загадвае сельскім клубам ужо 10 гадоў. На працу прыйшла па навучанні той самай Галіны Шэлястовіч, якая і паказала Ірыне Мікалаеўне папулярную котчынскую кадрылю. Акрамя дарослых, загадчык клуба вядзе заняткі па танцы для малодшай і сярэдняй узроставых груп. У першай — дзеці 3—4-х класаў мясцовай школы, у другой ужо падлеткі — 9—11-класнікі. Цікава, але школьнікі назубок ведаюць танец. І ўжо каторы год выконваюць яго замест вальса на выпускным вечары.

Усё ж самае цікавае дзейства, калі котчынскую кадрылю танчаць на фэстах трыма складамі. Кожная пара-ўдзельніца па чарзе паўтарае рухі па прынцыпе “ўсё за ўсімі”. Танцавальныя фігуры адасабляюцца адна ад адной музычнымі паўзамі: “Мышка”, “Полька”. Іх колькасць можа быць большай ці меншай у залежнасці ад фармату свята. Спачатку саліруе асноўны (дарослы) склад калектыву. Затым уступаюць старшакласнікі, а завяршаюць кадрылю самыя маленькія ўдзельнікі. Назіраць за дзеяй, здаецца, можна бясконца, а ногі самі рвуцца ў скокі.

Дзіўна, але котчынскую кадрылю выконваюць нават дынастыямі. Напрыклад, у калектыве танчаць два сыны Ірыны Шэлястовіч — Данііл і Максім, а таксама пляменніца Кацярына. Са сваімі дзецьмі Дзмітрыем і Аляксандрам займаецца вартаўнік СВК Сяргей Ламака.

Каб цалкам узнавіць адмысловы танец, азёркаўскім культработнікам не хапае толькі тых самых касцюмаў, у якіх выконвалі котчынскую кадрылю. Але пакуль гэта мара: справа па аднаўленні далёка не танная. Хаця навукоўцы даўно апісалі фірменныя рысы строю. Перш за ўсё, гэта так званая саматканая спадніца (яе ў вёсцы завуць “зграбнай”). Яна вельмі цяжкая, бывае розных колераў, з нашытымі тасёмкамі, запрасаваная ў складкi. У кашулi прамы рукаў, сабраны на манжэту з арнаментам чорнага і чырвонага колеру, каўнер адкладны, скруглены. Абавязкова патрэбны гарсэт. Галаўны ўбор жанчыны — крамная хустка або каптур з круглымi вушкамi i шаўковымi стужкамi-завязкамi.

Мужчынскі строй больш традыцыйны, але таксама з асаблівасцямі. Пояс павінен быць шырокі, з раслінна-геаметрычным арнаментам. Уздоўж — вузкiя безузорныя рознакаляровыя палоскi цёмна-бэзавага, зялёнага, жоўтага колеру. Сярэдзiна пояса саткана нiццю толькі чырвонага колеру.

ДАРЭЧЫ

У сцэнічным варыянце котчынская кадрыля ёсць у рэпертуары сталічнага ансамбля танца, музыкі і песні “Белыя росы” і народнага ансамбля беларускай песні “Гарадніца” Цэнтра культуры Гродна.

uskova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter