Кот дзеда Піліпа і «кактэйль» бабы Лізы

У пасляваенныя гады садоў у нашай вёсцы амаль не засталося...

У пасляваенныя гады садоў у нашай вёсцы амаль што не засталося. З-за таго, што кожная яблыня, груша ці вішня абкладалася падаткам, людзі са слязамі на вачах высякалі ўласныя сады.

Але ўсё ж больш-менш «заможныя» вяскоўцы па некалькі дрэў захавалі.

Ну а мы, падлеткі, ведаючы, што самыя смачныя яблыкі — у чужым садзе, рабілі туды начныя набегі. Тым больш што спалі мы на духмяным сене ў пуні, так што нашы бацькі нават не здагадваліся пра начныя рэйды сваіх нашчадкаў.

А вось уласнікі садоў пра гэта ведалі і ўсяляк імкнуліся абараніць сваю вітамінную прадукцыю.

Дзед Піліп, напрыклад, які насіў вялікія рыпучыя боты на драўлянай платформе, так званыя «дзеравянікі», прывязваў на ноч ката да адмысловых дзвярэй, петлі якіх намазваў ці то шкіпінарам, ці то газай. Кот усю ноч хадзіў туды-сюды, і дзверы рытмічна рыпелі.

Доўгі час мы думалі, што гэта дзед Піліп ходзіць у сваіх рыпучых «дзеравяніках», і ў ягоны сад — ні нагой, аж пакуль нехта з хлапчукоў днём не выкрыў дзедава «вынаходства», бо Піліп забыўся раніцай адвязаць ката, а сам кудысьці паехаў.

Тыя ж садаўладальнікі, якія мелі стрэльбы, маглі пальнуць калі ў паветра, а калі па азадках «садоўнікаў», набіўшы патроны буйной соллю. Праўда, такое здаралася вельмі рэдка, бо каму ж хочацца рызыкаваць сваім мяккім месцам.

А вось далей за ўсіх пайшла баба Ліза.

У яе было ўсяго тры яблыні, што раслі пад самай хатай, але яблыкі на іх былі вельмі смачнымі, таму наведваліся мы туды часцей за ўсё.

Баба Ліза была жанчына тоўстая, за тое вяскоўцы празвалі яе на польскі лад «груба Ліза», і, зразумела, непаваротлівая. З-за гэтага яе ніколькі не баяліся, нават калі яна выходзіла з хаты і сварылася на нас, абзываючы ўсялякімі крыўднымі словамі.

Канчаткова пераканаўшыся ў тым, што ніякія словы на нас не дзейнічаюць, груба Ліза нарэшце вынайшла спосаб адвадзіць ад свайго саду падшыванцаў.

За некалькі дзён яна сабрала ў вядро змесціва свайго начнога гаршка, разбавіла вадой да пэўнай кансістэнцыі, каб павялічыць плошчу паражэння, і, дачакаўшыся нашага чарговага «візіту», прама з прыступак свайго ганка выплюхнула на нас гэты смярдзючы «кактэйль».

Патроху дасталося ўсім, але большая частка трапіла на майго сябра Стасіка, бо ён бліжэй за ўсіх знаходзіўся да бабы Лізы, так што нават пасля таго, як мы памыліся ў возеры, ад Стасіка яшчэ амаль тыдзень аддавала яе духам.

Пасля гэтага ў сад да грубай Лізы мы, вядома, не наведваліся, але ж і ейны спосаб у нашай вёсцы ніхто больш не прымяняў. Відаць, сваё вынаходства груба Ліза трымала ў сакрэце.

Аўгуст ВАЙЦЯХОВІЧ, жыхар в. Слабодка Браслаўскага раёна

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter