Падарожжа ў Косава

Косава: палескі Парыж

СХАВАНЫ сярод густых бароў Прыбелавежжа гарадок Косава вядомы як малая радзіма вялікага сына нашай зямлі, нацыянальнага героя Польшчы, ЗША і Літвы, ганаровага грамадзяніна Францыі, лідара нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года ў Рэчы Паспалітай, удзельніка вайны за незалежнасць ЗША, славутага ваеннага і палітычнага дзеяча Андрэя Тадэвуша Банавянтуры Касцюшкі.


Над косаўскімі сядзібамі ўзвышаецца гатычнага стылю Троіцкі касцёл з алтарным вобразам маці Боскай Міласэрнасці, дзе лютаўскім днём 1746 года хрысцілі будучага сусветна вядомага ваеннага дзеяча. А на высокім пагорку, што ў цэнтры паселішча, нібы маладая ў белым вэлюме, другое стагоддзе красуецца мураваная царква Святога Антонія. 

У гістарычных дакументах Косава ўпершыню ўзгадваецца ў сярэднія вякі. Але, як сведчаць тысячагадовыя курганы, значна раней тут жылі людзі. Захавалася грамата вялікага князя Аляксандра Ягелончыка аб дараванні ў 1494 годзе маёнтка маршалку Вялікага Княства Літоўскага Яну Літавору Храптовічу. Гаспадарылі тут князі Сангушкі-Кобрынскія, брэсцкі ваявода Андрэй Ляшчынскі, канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. 

Ветэран вайны і працы Мікалай ДЗМІТРЫЕЎ

У канцы ХIХ стагоддзя па праекце варшаўскага архітэктара Францішака Яшчолды ваколіцу ўпрыгожыў палаца-паркавы комплекс магната Казіміра Пуслоўскага з Белай, Чорнай і Ружовай заламі і дванаццаццю вежамі, які атрымаў назву Косаўскі замак. Дызайнам інтэр’ера займаўся вядомы італьянец Марконі. Замак упрыгожвае наваколле. Насупраць яго на былым падмурку па малюнку Напалеона Орды адноўлены сядзібны дом Касцюшкаў.

Больш як два стагоддзі таму Косава атрымала статус мястэчка Гродзенскай губерні. Пры польскай уладзе было цэнтрам павета Палескага ваяводства, а ў савецкія часы — раённым цэнтрам, а зараз — горад Івацэвіцкага раёна.

Станочнік мэблевага прадпрыемства Антон КАНЯВЕГА

У гэтых мясцінах нарадзіліся вядомыя беларускія літаратары Піліп Пястрак і Яраслаў Пархута.

ПЕРШЫЯ кволыя ручаі ад талага снегу прабіваюцца па брукаваных косаўскіх вулачках, нясуцца да вузенькай рэчкі Грыўды, з якой можна водным шляхам патрапіць у Балтыйскае і Чорнае моры. Па Агінскаму каналу, выкапанаму ўручную два з паловай стагоддзі таму, сплаўлялі лес, адпраўлялі за мяжу тавары. Дзесяць гадоў з вясны да глыбокай восені капалі рыдлёўкамі рэчышча даўжынёю ў паўсотні кіламетраў жыхары Слонімскага павета. Зараблялі няблага. Зямлю куплялі, дамы будавалі. Сярод старых косаўскіх муроў захаваліся некаторыя з тых даўніх часоў. 

Дырэктар ААТ «Косава» Вячаслаў ШЭСТАК

Чарговая вандроўка паклікала ў шчыльна забудаванае мястэчка. Галоўная вуліца названа ў гонар сусветнавядомага земляка і цягнецца да сядзібы, дзе нарадзіўся і вырас Тадэвуш Касцюшка. На былым падмурку ў канцы мінулага стагоддзя паўстаў зрублены з меднастволых сосен новы зруб, які стаў домам-музеем Касцюшкі. У канцы ХIХ стагоддзя гасцяваў тут вядомы беларускі дзеяч культуры Напалеон Орда і пакінуў у спадчыну малюнак дома Касцюшкаў на фоне Косаўскага замка. У гады Вялікай Айчыннай вайны драўляныя пабудовы згарэлі, і толькі дзякуючы малюнку аднавілі сядзібу. Перад уваходам устаноўлены вялікі камень з выбітым партрэтам Андрэя Тадэвуша Банавянтуры Касцюшкі. У Амерыцы і Францыі яму пастаўлены помнікі. Кожны год у лютым прыязджаюць сюды дэлегацыі з Польшчы, Францыі, ЗША, Літвы, каб аддаць даніну павагі ваеннаму і палітычнаму дзеячу, які прымаў удзел у вызваленчым руху ў гэтых краінах. 

Старшыня Косаўскага гарсавета Марыя ЛЮНДЫШАВА

Тадэвуш Касцюшка вярнуўся на радзіму ў званні генерал-маёра і ўзначаліў вызваленчую барацьбу. Паражэнне паўстання ўвосень 1794 года прывяло да трэцяга па- дзелу Рэчы Паспалітай, які спыніў незалежнае існаванне Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага. Жыццёвы шлях палкаводзец закончыў дзвесце гадоў таму ў Швейцарыі, дзе і пахаваны.

Старшыня Косаўскага гарсавета Марыя Люндышава спадзяецца, што галоўную плошчу ўпрыгожыць помнік Тадэвушу Касцюшку. Іншых спраў хапае ў Марыі Васільеўны. Да яе звяртаюцца з самымі рознымі пытаннямі. Кожнага выслухае, калі ёсць магчымасць — дапаможа. Дзясяты год кіруе гарсаветам. Паралельна функцыяніраваў і Косаўскі сельсавет, якому падпарадкоўваліся навакольныя вёскі. Чатыры гады таму яго ліквідавалі, і ўсе функцыі перададзены гарсавету. Кабінет Марыі Васільеўны маленькі, утульны. Сцены ўвешаны карцінамі з мясцовымі краявідамі. На падстаўцы красуецца арыгінальны сувенір, якім адзначана першынство сярод сельскіх і пасялковых Саветаў Брэсцкай вобласці па пажарнай бяспецы. 

Урач-стаматолаг Косаўскай гарадской бальніцы Ларыса МІХЕЕВА і медсястра Алена БЕЛЯКОВА

— Выйсці б у лідары па стварэнні рабочых месцаў, — заклапочана Марыя Люндышава. — Горад развіваецца дзякуючы малому бізнесу.  Пасля закрыцця мэблевай фабрыкі паўстала праблема працаўладкавання. Баранавіцкая фірма выкупіла гэтае прадпрыемства, і там засталося толькі 300 чалавек. Частка рабочых уладкавалася на прадпрыемствы, якія арганізаваў прадпрымальнік Сяргей Калейчык. Адкрыў ён і кафэ “Стары двор”. Дзякуючы малому бізнесу створана 58 працоўных месцаў. З 2200 жыхароў горада толькі дзевяць чалавек зарэгістраваны ў цэнтры занятасці. Усяляк імкнёмся дапамагаць прадпрымальнікам развівацца. Значна скарацілася колькасць працаўнікоў і ў ААТ “Косава”, якое год таму ўзначаліў Вячаслаў Шэстак. 

ВЯЧАСЛАЎ Аляксандравіч скараціў нават пасады галоўных спецыялістаў, акрамя галоўнага ветурача. Сам спраўляецца з кіраваннем вытворчым працэсам. Па спецыяльнасці ён аграном. Раней быў брыгадзірам, галоўным аграномам. Некалькі гадоў не працаваў у гаспадарцы, упакоўваў мэблю на фабрыцы. Летась раённае кіраўніцтва прапанавала яму ўзяць гаспадарку ў арэнду. Параіўся з зяцямі і пакуль рашыўся на пасаду дырэктара ААТ “Косава”. З першага дня ўстанавіў рэжым жорсткай эканоміі, узяўся за дысцыпліну, і вынік не заставіў сябе доўга чакаць. Два гады таму валавы намалот збожжа крыху перавышаў 1200 тон, а летась засыпалі ў засекі зерня ў тры з паловай разы больш. Сабралі пачаткаў кукурузы 600 тон. Фуражом фермы забяспечылі. Гаспадарка ўзнялася з аўтсайдараў у лідары па прыросце вытворчасці малака. За адзін год сярэдні надой на карову вырас амаль на паўтары тоны. Сёлета косаўскія жывёлаводы плануюць выйсці на гадавы пяцітысячны рубеж па надоях малака. 

Вадзіцель ААТ «Косава» Сяргей ВАЙЦЯХОЎСКІ

Няма праблем з кадрамі жывёлаводаў і механізатараў. Сярэднямесячны заробак зімою перавышае 450 рублёў. Усё гатова да выхаду ў поле. Сорак пяты хлебаробскі сезон пачнецца ў старэйшага механізатара Уладзіміра Харужага, які многія гады працуе на “МТЗ-80”. Разам з Уладзімірам Сцяпанавічам вывядуць трактары ў поле сын Мікалай і ўнук Уладзімір.

Пятнаццаты сезон будзе адвозіць зерне ад камбайнаў вадзіцель Сяргей Вайцяхоўскі. Неаднаразова выходзіў пераможцам абласнога спаборніцтва на жніве. Ганарыцца дачкою Дар’яй і сынам Андрэем, якія з залатымі медалямі закончылі Косаўскую сярэднюю школу і зараз паспяхова вучацца ў сталічных вышэйшых навучальных установах. 

Пяць круглых выдатнікаў і ў сёлетнім выпуску сярэдняй школы, якою кіруе былая выпускніца Валянціна Каліноўская. Большасць педагогаў калектыву — былыя выхаванцы школы. Прасторныя холы, светлыя вучэбныя кабінеты, цудоўны школьны краязнаўчы музей, якім кіруе настаўніца гісторыі Наталля Бялевіч, — усё пакідае прыемнае ўражанне.

Выдатнікі вучобы Ганна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ, Наталля МІСКЕВІЧ, Дыяна ПЯТРОЎСКАЯ і Антон ХАРУЖЫ

Трохпавярховы тыпавы будынак прызначаны для навучання амаль тысячы школьнікаў, а іх тут у тры разы менш. Аўтобусамі прывозяць дзяцей з навакольных вёсак. З кожным годам меншае моладзі ў Косаве. За мінулы год толькі адна сям’я справіла наваселле. Участкі для будаўніцтва прыватнага жылля незапатрабаваныя. Мала хто з гараджан трымае жыўнасць. Дзесяць гадоў назад тры статкі кароў пасвіліся за агародамі. Дзясятак кароў засталося, з іх шэсць трымае гаспадарлівы Іван Вярэніч, які пераехаў са Столінскага раёна. Прывезлі столінцы ў Косава вопыт вырошчвання гародніны ў цяпліцах. Яшчэ снегам захінута зямля, а ў расадніках ужо ўзыходзяць памідоры, агуркі. Павялічваецца колькасць агароднікаў. Попыт на прадукцыю ёсць. 

– МОЛАДЗЬ бы заахвоціць працай і добрымі заробкамі, — разважае старшыня гарсавета. — Каб заставаліся і развівалі горад. Ландшафт цудоўны. Шмат гістарычных мясцін. Праз Косава пракладзены турыстычныя маршруты. Побач Белавежская пушча, зоны адпачынку на Выганішчанскім возеры, Ружанскі палац Сапегаў. За мінулы год 19 шлюбаў зарэгістравалі, але гэта не толькі жыхары Косава. Да нас едуць з іншых мясцін, каб правесці вясельную ўрачыстасць у гістарычным музеі Касцюшкі ці на востраве сярод прыроднага царства. 

Дом-музей на сядзібе Касцюшкі ў Косаве сёння.

Мараць пра сямейнае жыццё Алеся Несцярэнка і Юрый Бакуноў, з якімі сустрэўся ў цэнтры мястэчка. Алеся пасля школы пайшла працаваць у кафэ, а Юрый закончыў Баранавіцкае прафтэхвучылішча машынабудаўнікоў і працуе станочнікам на Баранавіцкім аўтаагрэгатным заводзе. Вырас юнак у прыёмнай сям’і Святланы Мацвіені. Часта наведваецца да яе. 

Трыццаць гадоў як прыехалі маладымі спецыялістамі выпускнікі Гродзенскага медінстытута Галіна і Сяргей Крывецкія. Траіх сыноў выхавалі. Галіна Віктараўна кіруе гарадской бальніцай, якой сёлета спаўняецца 95 гадоў. Лечацца тут у асноўным жыхары мястэчка і навакольных вёсак. Дзевяностагадовую Любоў Мікалаеўну Ляўчук сваякі прывезлі ў бальніцу з вёскі Сердзюкова, дзе яна жыве. Працавала на калгаснай ферме, у паляводстве. Сваю гаспадарку мае. Зімою, калі менш спраў, вырашыла паправіць здароўе. Лечыць яе Галіна Віктараўна. Сяргей Іванавіч прымае пацыентаў у паліклініцы. Адзіная ў Косаве ўрач-стаматолаг Ларыса Міхеева ледзьве паспявае перадыхнуць. Чарга ў стаматалагічны кабінет. Дапамагае Ларысе Фёдараўне медсястра Алена Белякова. Па штаце ўсяго некалькі ўрачоў тут. Нагрузка вялікая. Акрамя прыёму ў паліклініцы, яшчэ 50 хворых стацыянара і начныя дзяжурствы. 

Рэтра Косава. 1935 год.

— Любім свой маленькі горад, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць, — усміхаецца на развітанне Галіна Крывецкая. — Ні на які іншы не прамяняем наш палескі Парыж.

Так лічыць і ветэран вайны і працы Мікалай Дзмітрыеў, які родам з Пскоўшчыны. Косава стала другой радзімай. Зусім юным прыехаў сюды з маладой жонкай. Дзяцей выхавалі, далі ім адукацыю. Дачка ў Брэсце жыве, сын — у Санкт-Пецярбургу. Аўдавелы Мікалай Іванавіч адзін застаўся ў трохпакаёвай кватэры. Штодня яго наведвае сацыяльны работнік Алена Янчанка. Часта тэлефануе старшыня гарсавета Марыя Васільеўна. 

ПАКІДАЮЧЫ Косава, доўга разважаў пра ўбачанае. Чамусьці падумалася, што гораду павязло на кіраўніка. Ці мо Марыі Васільеўне Люндышавай, якая родам з Прыбужжа, пашчасціла стаць жыхаркай палескага Парыжа. 

Івацэвіцкі раён

Фота аўтара і з архіва Косаўскай сярэдняй школы

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter