“Контр-страйк” ці рыцарскі турнір?

Падчас фестывалю сярэднявечнай культуры “Белы замак” стралялі з лука, танцавалі на хадулях і дэфілявалі ў касцюмах з шоўку і аксаміту.

Падчас фестывалю сярэднявечнай культуры “Белы замак” стралялі з лука, танцавалі на хадулях і дэфілявалі ў касцюмах з шоўку і аксаміту.

І хто сказаў, што рыцараў у ХХІ стагоддзі днём з агнём не адшукаеш? У раён Астрашыцкага Гарадка, што пад Мінскам, на Міжнародны фестываль “Белы замак” з’ехаліся ажно каля шасцісот прадстаўнікоў рыцарскіх клубаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы і Украіны. Свята сярэднявечнай культуры і музыкі з 1998 года ладзіць гісторыка-культурны цэнтр “Рыцарскі Замак”. З кожным годам арганізатары стараюцца здзівіць наведвальнікаў новымі конкурсамі, гульнямі і інтэрактывамі з духам даўніны.

Прызнацца, трапіўшы ў гэтыя дні на тэрыторыю гісторыка-культурнага цэнтра “Рыцарскі Замак”, створанага на месцы былога пансіяната “Тэатральны”, не ведала, куды адразу і падацца: кінуцца ў танцы пад сярэднявечную музыку, што даносілася з замка, набыць старажытны амулет на шчасце і дабрабыт ці адправіцца на рысталішча, дзе  рыцары ўжо рыхтаваліся да турніру? А мо, адразу падмацавацца? Паўсюль лунаў неверагодны пах смажаных дранікаў і запечанага мяса. А вакол шпацыравалі такія прыгажуні і прыгажуны, адны касцюмы якіх, здаецца, можна было разглядаць цэлы дзень, не сыходзячы з месца...

—  Даўно марыла пра такі строй, але змагла дазволіць сабе толькі цяпер, — расказвае Наталля Чарнышова, ці  лэдзі Олвен з “Ордэна Паўночнага храма”, апранутая ў  сукенку з шоўку, упрыгожаную жэмчугам, і аксамітны плашч. — Ведаеце, калі чымсьці “гарыш” — не шкадуеш ніякіх грошай, часам асабістымі рэчамі ахвяруеш, толькі б пашыць новы касцюм. Сярэднявеччам захапляюся ўжо дванаццаць гадоў. Убачыла неяк рыцараў і вырашыла да іх далучыцца, знайшоўшы такім чынам выдатнае прымяненне сваім ідэям і рукам залатым: шыю, прыбіраюся, гатую...

Пакуль гаварыла з лэдзі Олвен, на рысталішчы распачаўся бугурт — наступленне дзвюх груп рыцараў — дзесьці пяцьдзясят на пяцьдзясят чалавек —  апранутых у кальчугі, шлемы, даспехі. Я ўсё не магла зразумець, чаму гэта рыцары з такой асцярогай ідуць адзін на аднаго. Гэта ж проста гульня, думала я, пакуль у паветра не ўзняліся мячы, сякеры, алебарды, а рыцары, губляючы раўнавагу, не сталі падаць на снег. Гул, скрыгат, крыкі... Я вам скажу, адрэналін яшчэ той! І без сапраўдных траўм не абышлося. Каму прадзіравілі нагу, каму нос разбілі...

— Нават незаточаная зброя небяспечная, — гаворыць Іван Бузук, ці сэр Птах, з Баранавічаў. — Калі тая ж алебарда трапіць у пальчатку, можна і палец зламаць. Але нас гэта не палохае. Варта хоць раз аказацца ў рыцарскім касцюме і  з’ездзіць на фестываль, каб палюбіць сярэднявечную атмасферу назаўсёды. 

Цікава, стральба з лука гэткая ж небяспечная? Накіравалася да пляцоўкі, дзе трэніраваліся лучнікі.

— Небяспечная, калі бесталкова арганізаваць месца стральбы і не растлумачыць людзям правілы бяспекі, — расказвае інструктар па стральбе з лука Віктар Калач, ці Глюк, як яго называюць вучні і сябры. — Насамрэч гэты від мастацтва, спорту, захаплення развіты ва ўсім свеце. У Карэі, да прыкладу, яму вучаць з першага класа. Стральба з лука развівае канцэнтрацыю ўвагі, вучыць валодаць сабой.

Маленькіх лучнікаў можна было сустрэць і  на беларускім фестывалі. Трынаццацігадовы Валянцін Нікіцік, да прыкладу, трапляў у мішэнь зусім не горш вопытных лучнікаў.

— Убачыў, як страляюць з лука на адным з фестываляў, куды мяне прывезла мама, — расказвае Валянцін.

— Зацікавіўся і тут жа сказаў: усё, мама, ніякага каратэ, буду страляць з лука.

Можа, і мне паспрабаць? Эх, міма... Спроба не ўдалася, і я адправілася шукаць іншы занятак. А выбраць было з чаго. Выступленні акрабатаў і хадулістаў, майстар-класы па сярэднявечных танцах, паказ даспехаў і гістарычных касцюмаў... Не дзіва, што пакідаць такое “жывое” свята не было жадання ні ў мяне, ні ў іншых гасцей і ўдзельнікаў фестывалю.  

— Атмасфера фестывалю вельмі цёплая, — прызнаўся Дзмітрый Барсукоў з піцерскага рыцарскага клуба.

—  Вельмі рады, што ў Беларусі так цікавяцца сярэднявечнай культурай. Гэта здорава, што моладзь не сядзіць ля камп’ютараў, рэжучыся ў “контр-страйк”, а актыўна адпачывае. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter