Конемабіль Адама Кузьміча

У вёску з прыгожай назвай Любачын, што на Лунінеччыне, мы завіталі невыпадкова. Даўнія падпісчыкі «Народнай газеты» Адам Раманавіч і Таццяна Іванаўна Кузьмічы выйгралі прыз – набор спальнай бялізны. Нам падказалі, дзе адшукаць сядзібу Кузьмічоў: хата стаіць ля самага берага ракі. Заглянулі на падворак, дзе тупаў гаспадар, і адразу здзівіліся незвычайнаму транспарту.Стаіць «Запарожац» з адрэзаным «носам», да якога прымайстраваны перад воза – колы на шарніры з аглоблямі. Вось дык дзіва!

– Гэта мой конемабіль, -– смяецца Адам Раманавіч. – Змайстраваў у мінулым годзе. Купіў у аднаго чалавека стары кузаў аўтамабіля, усё астатняе зрабіў сам, каб было зручна кіраваць незвычайным транспартам.
Лейцы працягнуты ў салон «карэты», дзе акрамя кіроўца могуць сесці пяць чалавек. Прымацаваў спецыяльную ручку, каб шчоткі чысцілі лабавое шкло. У салоне такога транспарту не страшны ні дождж, ні вецер.
— А дзе ж “матор”? — пытаюся ў дзядзькі Адама.
— Зараз пакажу.
Адам Раманавіч крочыць да хлеўчыка, выводзіць адтуль кабылку Машку, хутка запрагае. “Сядайце, правязу з шыкам!”
У гаспадара ёсць і добры воз для перавозкі розных грузаў. А конемабіль выкарыстоўвае для паездак у нядзелю ці на свята ў царкву — у вёску Лахва, альбо Кажан Гарадок, па іншых справах.
У сям’і Кузьмічоў чацвёра дзяцей — тры сыны і дачка, сем унукаў.
— Усе жывуць побач з намі, толькі дачка ў Лунінцы, — працягвае размову гаспадыня Таццяна Іванаўна. — Дапамагаюць ва ўсім, часта збіраемся разам за адным сталом — 17 чалавек. Дружна жывём, не сумуем.
Адаму Кузьмічу 67 гадоў, 27 з іх ён адпрацаваў механізатарам і камбайнерам, мае ўзнагароды. Пасля інсульту за цяжкую працу не возьмешся, але Адам Раманавіч не сядзіць у хаце. Такі характар у чалавека: увесь час нешта робіць па гаспадарцы. І трэба адзначыць, што далёка не ў кожнага на падворку, як у Кузьмічоў, убачыш такі парадак. Усякая рэч на сваім месцы. Розныя і, здаецца, простыя прыстасаванні, да якіх не кожны дадумаецца, вельмі дапамагаюць гаспадарам. Гэта і свая незвычайная сістэма падачы вады ў лазню, і дрэваапрацоўчы станок, і яшчэ шмат чаго цікавага. Сапраўдны самабытны майстар! Нядаўна Адам Раманавіч сам зрабіў моцную лаву і перадаў царкве ў Лахве.
...Некалькі хвілін нашай размовы, а гаспадыня ўжо ставіць на стол патэльню са шкваркамі і яйкамі. “Падсілкуйцеся, бо дарога да Мінска далёкая”.
Адам Раманавіч і Таццяна Іванаўна шчыра падзякавалі рэдакцыі за атрыманы прыз, пажадалі “Народнай газеце” і надалей заўжды быць з народам, адлюстроўваць жыццё такім, як яно ёсць.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter