У замежных суполках беларусаў карыстаецца папулярнасцю выданне “Сузор’е беларускага памежжа”

Кніга, якая не старэе

У замежных суполках беларусаў карыстаецца папулярнасцю выданне “Сузор’е беларускага памежжа”

Амаль 10 гадоў, наколькі мне вядома, спатрэбілася энтузіястам, каб сабраць артыкулы, апрацаваць іх, выдаць энцыклапедычны даведнік “Сузор’е беларускага памежжа” — ён пабачыў свет у 2014 годзе ў мінскім выдавецтве “Энциклопедикс”. Два гады прайшло, а даведнік гэты не састарэў. І, мяркую, не састарэе! У яго, нагадаю, уключана больш за 1650 артыкулаў: тэксты пра нашых супляменнікаў, іх суполкі, творчыя гурты ў дзяржавах, якія ўтварыліся на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, а таксама ў Польшчы.

Праца над кнігай ішла няпроста, выпуск выдання затрымліваўся па шэрагу прычын. Рыхтавалі яго актывісты Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, супрацоўнікі Інстытута культуры Беларусі, актывісты Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”. Старшыня рэдкалегіі — вядомы навуковец, асветнік, прафесар  Адам Восіпавіч Мальдзіс.

Прыемна, што ў выданні шмат артыкулаў і пра беларусаў Комі. Пераважная большасць з іх падрыхтаваны на аснове маіх нарысаў, замалёвак, публікацый іншых аўтараў кнігі “След на северной земле” (складальнікі А. Крупенька і М. Курачкін, выйшла ў Сыктыўкары ў 2006 годзе). Я падлічыў: у энцыклапедычны даведнік уключаны 52 артыкулы па Комі, прадстаўлена 14 гарадоў і раёнаў нашай рэспублікі. Пэўна, ніводнаму іншаму рэгіёну Расіі не нададзена столькі ўвагі! Прыемна адчуваць, што і праца журналістаў з Сыктыўкара Тамары і Мітрафана Курачкіных прыйшлася да месца: у даведніку — больш за 40 нашых артыкулаў, падрыхтаваных у суаўтарстве з Ірынай Казловай. Гэта аповеды пра беларусаў, якія праявілі сябе на комі зямлі: пра вядомых афіцэраў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі, кіраўнікоў прадпрыемстваў, кваліфікаваных рабочых…

Напрыклад, у даведніку змешчаны тэкст пра беларуса, выпускніка Беларускага лесатэхнічнага інстытута Пятра Галавачова (1929—2004). Гэта ён 22 гады ўзначальваў адно з буйнейшых прадпрыемстваў Рэспублікі Комі: Сыктыўкарскі лесапілавальна-дрэваапрацоўчы камбінат (ЛДК). Пры ім камбінат развіўся, стаў адным з вядучых у Паўночна-Заходнім рэгіёне СССР. У гонар Пятра Галавачова, які меў шматлікія дзяржаўныя ўзнагароды, на сцяне прадпрыемства ў 2006 годзе ўмацавана мемарыяльная дошка.

Выданне і цяпер у Сыктыўкары — запатрабаванае. “Сузор’е беларускага памежжа” ёсць і ў новым офісе беларускай суполкі: на відным месцы. Наведнікі, асабліва хто ведае беларускую мову, з цікавасцю гартаюць і чытаюць даведнік. Вялікі дзякуй усім, хто стварыў гэтую цудоўную кнігу.

Мітрафан Курачкін, заслужаны работнік культуры Рэспублікі Комі, г. Сыктыўкар

Голас Радзімы № 46 (3502), чацвер, 8 снежня, 2016 у PDF
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter