Кніжная вёска

Першыя Шчорсаўскія чытанні ладзіліся на Гродзеншчыне — у той самай вёсцы, дзе славуты граф Храптовіч збіраў сваю ўнікальную бібліятэкуУ Шчорсаўскі дом культуры прыязджалі навукоўцы са сталіцы, студэнты і аспіранты ВНУ, бібліятэкары раёна. Прыйшлі і жыхары аграгарадка Шчорсы, каб паслухаць пра графа-земляка. Летась было 200 гадоў з часу смерці Іяхіма Літавора Храптовіча, буйнога дзяржаўнага і грамадскага дзеяча. Ён быў канцлерам Вялікага Княства Літоўскага, міністрам замежных спраў Рэчы Паспалітай. Ды цяпер найперш вядома яго бібліятэка — салідны ўнёсак у развіццё асветы і культуры Бацькаўшчыны. У памяць пра графа і ладзіліся чытанні, прысвечаныя развіццю бібліятэчнай справы на Гродзеншчыне.
Першыя Шчорсаўскія чытанні ладзіліся на Гродзеншчыне — у той самай вёсцы, дзе славуты граф Храптовіч збіраў сваю ўнікальную бібліятэку

Партрэт графа Іяхіма ХраптовічаУ Шчорсаўскі дом культуры прыязджалі навукоўцы са сталіцы, студэнты і аспіранты ВНУ, бібліятэкары раёна. Прыйшлі і жыхары аграгарадка Шчорсы, каб паслухаць пра графа-земляка. Летась было 200 гадоў з часу смерці Іяхіма Літавора Храптовіча, буйнога дзяржаўнага і грамадскага дзеяча. Ён быў канцлерам Вялікага Княства Літоўскага, міністрам замежных спраў Рэчы Паспалітай. Ды цяпер найперш вядома яго бібліятэка — салідны ўнёсак у развіццё асветы і культуры Бацькаўшчыны. У памяць пра графа і ладзіліся чытанні, прысвечаныя развіццю бібліятэчнай справы на Гродзеншчыне.
Экслібрысы з графскай бібліятэкіВёска Шчорсы ўпершыню згадваецца ў дакументах XV стагоддзя: віленскі магнат Мамоніч прадаў тады яе роду Храптовічаў, у якіх яна і была ва ўладаннях да верасня 1939-га. Кожны ўладальнік па-свойму вызначаў жыццё вёскі. Ды стала знакамітай яна ў сярэдзіне XVIII стагоддзя: Іяхім Храптовіч праславіў яе і сябе, апантана збіраючы кнігі. Жыццё, інтарэсы графа былі разнастайныя — палітыка, культура, навукі. У многіх пачынаннях багаты шчорсавец быў першым у Беларусі. Ён раней амаль на 100 гадоў, чым на дзяржаўным узроўні, адмяніў у сваіх уладаннях прыгоннае права. Першым адкрыў лякарню і школу для дзяцей сялян, увёў севазварот. Першым стварыў гэткі вытворчы камбінат, дзе займаліся жывёлагадоўляй, раслінаводствам, рыбалоўствам, вырабам будматэрыялаў і нават маленькіх суднаў-віцінаў. Але галоўнае, што праславіла Шчорсы, — знакамітая на ўсю Еўропу бібліятэка, якую гаспадар пачаў збіраць, калі вучыўся за мяжой. Ён скупляў старыя рукапісныя кнігі і перыядычныя выданні са ўсёй Еўропы: выдадзеныя ў Германіі, Францыі, Італіі, Галандыі ды іншых краінах. Калі ў 1880-м зрабілі першы перапіс кніг у бібліятэцы, там было каля 20000 тамоў. Сярод іх — манускрыпты, пісаныя на пергаменце, кнігі-гіганты метровага памеру і зусім маленькія, у далонь велічынёй. Дарэчы, да ўвагі тых, хто працуе са старадрукамі: на кожнай кнізе быў экслібрыс графа з родавым гербам Храптовічаў. Пабачыце дзе такое — напішыце ў рэдакцыю. Магчыма, гэта дапаможа кнізе вярнуцца ў Беларусь хаця б у лічбавым фармаце.
Аднавіць поўны спіс чытачоў бібліятэкі немагчыма, а сярод іх былі польскі гісторык І. Лелявель, фалькларыст і этнограф Я.Чачот (ён быў некаторы час бібліятэкарам), паэт У. Сырокомля. Двойчы на год па некалькі месяцаў працаваў там і Адам Міцкевіч, збіраючы матэрыялы для паэмы “Конрад Валенрод”. Наведаў бібліятэку і польскі кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, вяртаючыся ў 1784 годзе з Нясвіжа, ад Радзівілаў, у Гародню.
Пасля смерці графа-кнігалюба бібліятэку папаўняў яго сын Адам. Потым кнігазбор перайшоў яго брату Іерэнею, пазней — яго сыну Міхаілу, рускаму дыпламату ў Неапалі, Бруселі і Лондане. З часам бібліятэка стала недаступнай для чытачоў, выданні пачалі распрадавацца. Апошнім уладальнікам маёнтка і гаспадаром бібліятэкі стаў граф Канстанцін Храптовіч-Буцянёў. Яны з братам Міхаілам і вырашылі на пачатку ХХ стагоддзя перадаць кнігазбор на часовае захаванне ў бібліятэку Кіеўскага ўніверсітэта святога Уладзіміра: зрабіць яго тым самым адкрытым для навукоўцаў. У свеце ўжо неспакойна. Некалькі соцень найкаштоўнейшых кніг былі адвезеныя ў Кракаў, частка трапіла ў Музей мастацтваў імя Пушкіна ў Маскву, частка архіва — у Санкт-Пецярбург і Кіеў.
У Шчорсах і сёння кніжна…Як запэўніваюць мясцовыя краязнаўцы і найстарэйшыя жыхары Шчорсаў, яшчэ каля трох тысяч тамоў заставалася ў бібліятэцы да 1939 года, жыў тады ў бібліятэчным флігелі і стары граф Канстанцін. Лёс тых кніг аказаўся самы трагічны: іх спалілі. “То быў самы сапраўдны акт вандалізму, — з горыччу ў голасе распавядае бібліятэкар Шчорсаўскай сельскай бібліятэкі Леакадзія Воранава. — Мая бабуля расказвала мне, як палілі кнігі. Іх дом знаходзіўся ў тым месцы, дзе тое адбывалася — каля развароту вузкакалейкі пры выездзе на Шчорсы. На грузавіках вывозілі кнігі, падпальвалі, а для таго, каб яны лепш гарэлі, іх пераварочвалі віламі спецыяльна пастаўленыя для таго людзі”. Пазней у вёсцы гаварылі, быццам частка кніг была ўратавана жыхаром Шчорсаў, які служыў у графа. Але далейшы лёс іх невядомы: можа і цяпер у каго-небудзь на гарышчы пыляцца... І некаторыя навукоўцы вераць, што калі б была арганізавана сапраўдная экспедыцыя, то на гарышчах старых дамоў ці ў асабістых бібліятэках вяскоўцаў знайшліся б неацэнныя кнігі з экслібрысамі Храптовічаў.
На жаль, сёння мала што засталося ад былой графскай сядзібы: руіны гаспадарскага будынка, квадратны дом для прыслугі… Стаяць яшчэ бетонныя слупы, на іх трымалася агароджа, якая апярэзвала ўвесь маёнтак. Захаваўся двухпавярховы будынак бібліятэкі. “Шчорсаўцы ганарацца, што земляком нашым быў Іяхім Храптовіч, і мы як можам стараемся захаваць памяць пра яго, — гаворыць Леакадзія Аляксееўна. — Дах старога будынка бібліятэкі, каб сцены не развальваліся, накрылі бляхай, дзверы і вокны перакрылі, там ёсць і вартаўнік. А “культурны ўплыў” Храптовічаў адчуваецца ў нашай мясцовасці па сёння. Большасць жыхароў аграгарадка — нашчадкі сялян, якія калісьці працавалі ў графа. Цяга да чытання ў іх засталася. Больш за 70 працэнтаў жыхароў аграгарадка карыстаюцца паслугамі нашай бібліятэкі”.
Варта дадаць: яна немалая, у бібліятэчным фондзе больш за 12000 асобнікаў кніг, часопісаў і газет. Чытаюць у Шчорсах фантастыку, дэтэктывы, гістарычную літаратуру. Вельмі шмат выданняў для дзяцей. Ёсць і зусім ужо сучасныя дасягненні: сапраўдны мультымедыйны цэнтр, напрыклад, любімае месца для тусовак мясцовай дзятвы. “Галоўнае: наша бібліятэка ніколі не пустуе, — радуецца Леакадзія Воранава. — Акрамя вяскоўцаў, тут пастаянна працуюць студэнты і навукоўцы, любяць наведацца да нас і турысты. Яны з задавальненнем вывучаюць сабраныя намаганнямі нашых краязнаўцаў матэрыялы пра вядомую многім культурным людзям бібліятэку Іяхіма Храптовіча”.

Іна Ганчаровіч

На здымку:
Партрэт графа Іяхіма Храптовіча
Экслібрысы з графскай бібліятэкі
У Шчорсах і сёння кніжна…
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter