Клямка пальцы пячэ балюча...

Як бы мы далёка ні былі ад яе, але сэрца моцна трымае цяпло вытокаў. І кожны раз, пераступаючы родны парог, адкуль пачаўся шлях у вялікае жыццё, дакранаючыся да знаёмай дзвярной клямкі, міжволі вяртаешся ў мінулае. Вялікае шчасце, калі ёсць да каго вяртацца, з кім сустракацца. Такое шчасце маюць дзеці, унукі, праўнукі Аляксандры Рыгораўны і Рыгора Якаўлевіча ШРУБАЎ з глыбіннай палескай вёскі Хільчыцы, што патанае ў пышнай зеляніне садоў і агародаў. Дзверы іх сялянскага дома рэдка калі зачыняюцца на замок. Асабліва ў летні час, калі часцей прыязджаюць родныя. Вось і ў гэтыя летнія дні гасцююць дзве мінскія ўнучкі.

ХТО не ведае гэты шчымлівы радок з вядомай беларускай песні? Бацькоўская хата, Бацькаўшчына ці проста малая радзіма заўжды ў нашых сэрцах

Як бы мы далёка ні былі ад яе, але сэрца моцна трымае цяпло вытокаў. І кожны раз, пераступаючы родны парог, адкуль пачаўся шлях у вялікае жыццё, дакранаючыся да знаёмай дзвярной клямкі, міжволі вяртаешся ў мінулае. Вялікае шчасце, калі ёсць да каго вяртацца, з кім сустракацца. Такое шчасце маюць дзеці, унукі, праўнукі Аляксандры Рыгораўны і Рыгора Якаўлевіча ШРУБАЎ з глыбіннай палескай вёскі Хільчыцы, што патанае ў пышнай зеляніне садоў і агародаў. Дзверы іх сялянскага дома рэдка калі зачыняюцца на замок. Асабліва ў летні час, калі часцей прыязджаюць родныя. Вось і ў гэтыя летнія дні гасцююць дзве мінскія ўнучкі.

— Старэйшая Юлька з залатым медалём прыехала, — радасна гаворыць Аляксандра Рыгораўна. — Выдатна прайшла тэсціраванне і ўжо мае запрашэнне ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. І малодшая ўнучка не адстае. Восем класаў на выдатна закончыла. Няхай трошкі адпачнуць ад сталічнага тлуму. Ды і нам весялей у хаце.

— Доўгага ліпеньскага дня не хапае, каб усё абмеркаваць. Да позняга вечара чаёўнічаем, пра сваё жыццё-быццё ўнучкам узгадваем. За восемдзесят два пражытых гады ёсць што ўзгадаць, — уключаецца ў размову Рыгор Якаўлевіч. — Быццам глыбінка, толькі і ведалі, што на зямлі працавалі, хлеб ды да хлеба стараліся мець. Столькі перажыта.

— Прозвішча ў вас незвычайнае для гэтых мясцін. Ведаеце свае карані?

— А як жа. Яшчэ мне некалі маці расказвала, што наш радавод вядзецца ад заезджага немца. Некалі ён прыехаў у гэтыя глухія мясціны, і так склаліся абставіны, што застаўся. Ад яго і пайшоў род Шрубаў.

— У нашай вёсцы некалькі вялікіх родаў. І ўсе яны маюць глыбокія карані. Пасля вайны ў Хільчыцах было 220 двароў, а жыхароў — каля тысячы. Кожная сям’я мела шмат дзяцей. У нашым калгасе пасля вайны было чатыры вытворчыя брыгады, а пасля, як сталі маладыя пакідаць вёску, аб’ядналі ў адну брыгаду, і я быў брыгадзірам. Як пачнецца сенакосная пара, то толькі касцоў выходзіла на луг за восемдзесят. Дзвесце семдзесят жанчын жыта жалі. А бульбу капаць да трохсот жанчын выходзіла ў поле. А яшчэ кожнаму даросламу дзеці дапамагалі. Гэта каб летам ды дзеці былі без заняткаў, такога ў нас ніколі не было. Усе канікулы на сенажаці, у полі, на збожжатаку працавалі школьнікі. У бацькоў вучыліся сялянскай справе. Усе трое маіх сыноў цудоўна косяць, могуць з любой іншай сялянскай працай справіцца. Вёска наша і выжывала ў самыя цяжкія часы таму, што людзі працавітыя, дружныя.

— То вы былі начальнікам у вёсцы?

— Які ж гэта начальнік — брыгадзір. Больш адказнасці, чым улады. Трэба было раненька ўсю вёску абысці і ўсім даць нарад. І тэхніку расставіць, дзе найбольш патрэбна, а ўвечары прыняць усю работу. І ведаць, каму што даручыць рабіць. Бо ў кожнага свой нораў і спрыт. Людзі розныя, і характары, і ўменні ў кожнага свае. Трэба было ладзіць з кожным, знайсці падыход, каб справа спорылася.

— У Шрубаў своеасаблівы характар, — падкрэслівае Аляксандра Рыгораўна. — Іх слова — закон. Ніколі нікога не падвядуць, не схлусяць. І ў маім вялікім сялянскім родзе Гурынаў таксама быў заўжды парадак. Мае продкі тут жылі і мелі добрую славу. Нават калі я збіралася замуж, то не ў апошнюю чаргу бацькі мае ўлічвалі, у які род я траплю. Шрубы — людзі працавітыя, умеюць слова трымаць, годныя ва ўсім. Ніхто ў вёсцы дрэннага слова пра іх ніколі не сказаў.

— Такімі годнымі, руплівымі былі мае дзед і бацька. Ды толькі долі шчаслівай не мелі, — працягвае гаворку гаспадар. — Бацьку арыштавалі яшчэ да вайны, у 1937 годзе. Як я потым даведаўся, быццам за тое, што калі ён будаваў вясковы клуб, то паклаў у сцяну гнілое бервяно. Прыйшлі на досвітку ў хату двое і далі бацьку некалькі хвілін на зборы. Бацька падняўся, абуў хромавыя боты, абняў кожнага з нас, пацалаваў і яго павялі ў варанок. Было бацьку 38 гадоў. Больш мы яго ніколі не бачылі. Тады з нашай вёскі забралі яшчэ 15 мужыкоў. Маці з іншымі жанчынамі пешкі сухары ім насіла ў Мазыр. Сустрэцца з бацькам ёй так і не дазволілі. Пасля вайны нам людзі расказвалі, што ўсіх хільчыцкіх мужыкоў расстралялі ў Мазыры. Мы і не ведаем, дзе магіла бацькі...

Вось так мы пяцёра дзяцей засталіся з маці. А калі пачалася вайна, то нашага старэйшага брата нават у войска не бралі, таму што ён лічыўся як сын ворага. Толькі пасля, у 1943 годзе, калі мы былі пад фашысцкімі акупантамі, у навакольных лясах дзейнічаў партызанскі атрад, і камандаванне прызвала пятнаццаць нашых вяскоўцаў, сярод якіх быў і мой брат. З вайны ён не вярнуўся.

— Мы лічыліся сям’ёй ворага народа, і гэта вельмі адчувалі. Пакуль аднойчы не прыехаў да нас чалавек з органаў і паведаміў, што бацька рэабілітаваны, пасмяротна. А калі пасля бацькавага арышту я хадзіў у школу, мяне пазбягалі вучні. Так я да вайны закончыў тры класы. Пасля вайны — чацвёрты клас і пайшоў у пяты. Хадзіць трэба было ў суседнюю вёску Верасніца, што за сем кіламетраў. Пахадзіў у пяты клас толькі да позняй восені. Абуць не было чаго. Да школы дабіраўся ў лапціках па кладках. Бо навокал дрыгва, дарог ніякіх не было, толькі грэбля і кладкі. Асенняя слота, сырасць, холад. Цёплага адзення таксама я не меў, таму і пакінуў школу. З вясны пайшоў працаваць у калгас. Мне спачатку даручылі пасвіць авечак, а потым два гады — цялят. Мужыкоў у тыя пасляваенныя гады ў нашай вёсцы было зусім мала: адных да вайны арыштавалі, а многія з вайны не вярнуліся. Не было каму поле араць. І я падлеткам стаў за плуг. На быках апрацоўвалі ніву. Вось так з трынаццаці гадоў і пачаўся мой працоўны стаж.

Увесь дзень на калгаснай працы, а па вечарах са старэйшым за мяне на два гады братам сваю хаціну будавалі. Нашу вёску можна параўнаць з Хатынню. Фашысты яе спалілі дашчэнту, толькі адзін дом застаўся цэлым, у якім была нямецкая камендатура.

Пасля Перамогі вяскоўцы сталі вяртацца ў Хільчыцы, дзе з падворкаў тырчалі толькі абпаленыя каміны. Капалі зямлянкі, пачыналі неяк абуладжвацца. Да зімовых халадоў і мы неяк сваю хацінку зладзілі. Мне ішоў трынаццаты год, а брату пятнаццаты. Так і жылі ў гэтай хатцы разам з маці, пакуль потым не збудавалі новую.

Аж да дэпутата даводзілася звяртацца, каб лесу на дом выпісалі. Так мы атрымалі дазвол на дваццаць пяць кубоў лесу. Але яго на ўсю хату не хапіла. То дзе маглі і як маглі даставалі яшчэ па бервяну і ўзвялі свой дом. Паклалі падлогу. Сцены атынкавалі і так ўжо зімавалі. Усё рабілі самі: ад падмурка да сталяркі. Я ўжо ішоў на службу ў армію з нашай новай хаты.

А пасля службы сюды жонку прывёў.

— За што ўпадабалі яе?

— Іншы мо і глядзеў на багатую. А я ўпадабаў яе за прыгажосць. Яна маладзейшая за мяне на восем гадоў.

— Ён прыйшоў з арміі з гармонікам і іграў на ім вельмі лоўка, — з прыемнасцю ўзгадвае Аляксандра Рыгораўна. — Я любавалася ім. Як зайграе, то ўся вёска збягалася. Летам на мурагу скакалі парамі.

— Цікава, якія танцы ў вас былі тады?

— Усялякія: падыспань, кракавяк, полька, карапеты і вальсы. Трыццаць пар басанож на двары танцуе. Хлопцы з дзяўчатамі. А потым ужо далей ад вайны дзяўчаты ў Тураве сталі купляць туфлі на абцасах, зробленыя з матэрыі. А хлопцы ў чобатах хромавых хадзілі. А да працы ішлі толькі ў лапцях. Закончыцца працоўны дзень, і Рыгор бярэ гармонік у рукі, каля яго другі ў бубен б’е, а мы ўсе гуляем.

Да нас на музыкі прыходзіла моладзь з суседніх вёсак. Пачуюць, як зайграе гармонік, і збіраюцца. Усім было весела. А часам і мы хадзілі да суседзяў на гулянні. Тады ж у нас ні радыё, ні тэлевізараў не было. Толькі самі сябе забаўлялі. Нездарма наш край здаўна славіцца слыннымі спевакамі. Непадалёку спеўная палеская вёска Тонеж. Цудоўныя галасы ў нашых людзей. Хільчыцкі хор заўжды першынстваваў у былым Тураўскім раёне. Кіраўніцтва калгаса падтрымлівала развіццё культуры.

Яшчэ да вайны ў Хільчыцах ужо было святло. Дызельны рухавічок стаяў на заставе і даваў электраэнергію ўсёй вёсцы. Навокал лямпамі карысталіся, а мы як астравок прагрэсу, таму што пагранічная  з Польшчай вёска.  З шасці раніцы і да дванаццаці ночы працаваў гэты рухавік. У кожнай хаце былі лямпачкі. Як начная Масква, ззяла электрычнымі лямпачкамі наша вёска.

І як толькі звечарэе, то ў адным кутку вёскі нехта пачне песню, у другім загучыць спеў, і так чыста льюцца песні па-над садамі і агародамі. Я з пятнаццаці гадоў стала на музыкі хадзіць...

— Тады і прыглянулася яна мне, — удакладняе Рыгор Якаўлевіч. — Маці мой выбар падтрымала. Мы сумленна паводзілі сябе, нічога дурнога не дазвалялі. Усё ж было навідавоку. Раслі, сталелі, жаніліся ва ўсёй вёскі на вачах. Вяселле наша было просценькім.

— Але дагэтуль я захоўваю свой вэлюм і вянчальны строй, — гаворыць Аляксандра Рыгораўна. — Некалькі гадоў таму нават залатое вяселле адзначылі. Запрасілі сваіх шаферак, што паўвека таму сведчылі наш шлюб. Дзеці з сем’ямі прыехалі і адсвяткавалі. Быццам учора я ўпершыню пераступіла парог гэтай хаты. Мне ж было толькі васямнаццаць гадкоў, як стала нявесткай. Свякроў цёпла мяне прыняла. Жылі ўсе разам. У старэйшага брата была гадавалая дзяўчынка, і яе калыхалі ў калысцы. А потым у іх нарадзілася другое дзіцятка, і яшчэ адну калыску павесілі ў хаце. А калі ў нас Міша нарадзіўся, то і мы калыску павесілі. А яшчэ і сястра мужа прыйшла сюды жыць з маленькім дзіцём, і чацвёртую калыску пачапілі. Аднойчы з суседняй вёскі да нас зайшла жанчына ў хату, убачыла гэтыя калыскі і пытае: мо гэта ў вас калгасныя яслі? Дзяцей глядзець дапамагала свякроў. Мы з ёю ладзілі ва ўсім. Цеснавата было ў хаце, але жылі дружна.

— А зямлі трохі мелі сваёй?

— У нас адна сям’я лічылася, і таму мала было зямлі. А потым нам калгас выдзеліў яшчэ 15 сотак, і ўсе разам апрацоўвалі гэтыя надзелы.

— А ў хлявах што было?

— Трымалі тры каровы, свіней многа было, свая свінаматка, качкі, гусі, куры. На ўсю гэтую жыўнасць трэба ж было назапасіць кармоў.

Сена касілі ў балоце, па пояс у вадзе хадзілі, і на ношах выносілі з багны на ўзвышша, і там стагавалі. Брыдзеш з ношамі сена, а перад табой вужы так і смыкаюцца, ды яшчэ сляпні даймалі. Дзень ходзіш па балоце, спякота, потам заліваешся, смага даймае, і няма дзе чыстай вады напіцца. Праз палатняны ручнічок ці якую хусцінку пілі з балота іржавую рудую ваду.

Вёска ўздымалася з ваеннага папялішча. І мы з мужам сталі сабе будаваць дом. Ужо чацвёра дзяцей у нас было. Самаму маленькаму Віцю быў годзік, як памятаю, я перад хатай просценькую сушылку для лёну зрабіла. Віцьку пастаўлю на стойку ў вакне і гляджу, каб ён не ўпаў, а сама той лён тру. А калі пачне хлопчык плакаць, я здымаю лён, які сушыўся, і бягу да сына, кармлю яго і кладу спаць. Звычайна да дому прывозілі тону-паўтары лёну, згружалі, і я павінна была яго ўвесь апрацаваць: памяць, абмалаціць, патрапаць і здаць на склад. Усю зіму яго апрацоўвала.

— А з кім жа дзеці заставаліся?

— Ноччу спалі.  У дзень свякроў дапамагала. Ясляў, садкоў не было.

У той год, калі я была першы раз цяжарная, нас павезлі на балота сена нарыхтоўваць. Там мы сем’ямі жылі ў какорках. Некалькі доўгіх палак у зямлю прыстасуем і сенам накрыем, а на зямлі галінак зялёных накладзём і сенам прыкрыем — такі быў наш балотны шалаш. І там спалі. А на дзень пойдзем сена насіць з балота, і ўвечары, калі вярталіся да гэтых какорак, то там звычайна вужы грэліся. Мы іх адганялі і самі клаліся спаць. Там жа на балоце і ежу рыхтавалі: кулеш ці кашу.

— Як у тым рамане Івана Мележа, сапраўдныя людзі на балоце.

— На балота дабіраліся вазамі. І там пакідалі нас на тыдзень, а то і болей. Мужыкі косяць, а мы сушым сена і носім да стагоў. Калі я была цяжарная першынцам, то ўсю сенакосную пару на балоце правяла. А ўвечары нарадзіла хлопчыка. Назаўтра раніцай стукае ў акно звеннявая: ідзі авёс жаць. А я ўжо з маленькім...

Пасля яшчэ двух хлопчыкаў і дачушку нарадзіла. На маіх вачах раслі, стараліся ва ўсім дапамагчы па гаспадарцы. Мы іх з малых гадоў прывучалі да працы. Дзеці ўсю жыўнасць даглядалі. Па чарзе пасвілі. Хто прыйдзе першым са школы, другога падменіць.

Калі б у той час пабудавалі хаця б адзін дом для сыноў, то яны тут засталіся б жыць. Грошай не было, і матэрыялы будаўнічыя не так проста было дастаць, таму і пакідалі нашы дзеці вёску, ехалі ў горад за шчасцем. Вось наш сын Яша закончыў педагагічны інстытут і мог бы ў сваёй школе выкладаць, а яго накіравалі ў Калінкавіцкі раён. Праўда, потым ён усё-такі вярнуўся дамоў. Пераманіў яго старэйшы наш сын Міхаіл, які меў бліскучую перспектыву кар’ернага росту ў органах улады, але цяга да родных мясцін перамагла. Разам з жонкай Кацярынай Фёдараўнай вярнуліся на Тураўшчыну. Заснавалі «Сялянскую гаспадарку М. Р. Шруба». Некалькі гадоў у гэтай гаспадарцы шчыраваў і сярэдні сын Якаў. А потым яму паступіла прапанова быць намеснікам дырэктара ААТ «Тураўшчына» Жыткавіцкага раёна. Там ён сёння і працуе. Часта прыязджае з Мінска і малодшы сын Віктар. Але пакуль толькі ў госці, як і наша дачка Надзея. Цягне дзяцей у бацькоўскую хату. Не забыліся, як адчыняць дзверы ў яе.

— Зараз вашы Хільчыцы аднаўляюцца.

— Пакуль яшчэ гэта ў асноўным вёска пенсіянераў, — задумліва падкрэсліў Рыгор Якаўлевіч. — Моладзі малавата, але пачынаюць вяртацца. Вось наш пляменнік дом двухпавярховы збудаваў. Узяў ільготную пазыку ў дзяржавы. А так бы сам не выцягнуў. У яго трое дзяцей. Старэйшы сын вучыцца ў сталічным універсітэце, а двое малодшых ходзяць у школу. А школа ў нас новая. Цудоўная. Вельмі добра абсталявана. Розныя кабінеты, спартыўная зала вялікая. На школьным аўтобусе возяць дзяцей з бліжэйшых вёсак. Вучні старэйшых класаў атрымліваюць спецыяльнасць трактарыста-машыніста і пасля школы могуць працаваць механізатарамі ў гаспадарцы. Многія з іх зараз тут і працуюць. Мяняецца на вачах вёска, асабліва за апошнія дзесяць гадоў. Гэта не тая глухая палеская вёска, дзе ні дарог, ні дамоў добрых не было. Цяпер амаль кожная вуліца пад асфальтам, свае магазіны, добры Дом культуры, цудоўная новая сярэдняя школа.

Дзяржава пра нас клапоціцца. Навокал балоты меліяраваны, акультураныя палі і сенажаці, пракладзены дарогі. Людзям ёсць занятак. Хто не лянуецца, добра зарабляе.

Мінулай вясною споўнілася дваццаць гадоў фермерскай гаспадарцы, якую арганізаваў наш старэйшы сын Міхаіл. Цяпер гэта адна з найбольш паспяховых фермерскіх гаспадарак Беларусі. Сучасная тэхніка, навейшыя сусветныя тэхналогіі — усё гэта дае выдатны плён. Дзеці сына пасля заканчэння эканамічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта вярнуліся дамоў і цяпер працуюць спецыялістамі ў гэтай гаспадарцы. Мы на ўсё гэта глядзім і не можам налюбавацца. На тых векавых балотах, што спрадвеку акружалі Хільчыцы, цяпер атрымліваюць рэкордныя ўраджаі сельгаскультур. Побач з вёскай узведзены па заходнееўрапейскай тэхналогіі свінакомплекс, дзе ўсё камп’ютарызавана. А побач размясцілася малочна-таварная ферма, якую сёлета запаўняюць маладняком. Тут жа на цэнтральнай сядзібе фермерскай гаспадаркі летась уступілі ў дзеянне камп’ютарызаваныя гароднінасховішчы.  Для працаўнікоў гаспадаркі ўзводзяцца камфартабельныя катэджы. І мне пашчасціла некалькі гадоў працаваць у фермерскай гаспадарцы сына. Цяпер толькі збоку пазіраю на ход спраў у гаспадарцы. Але калі заўважаю што не так, падказваю сыну. Ён выслухае і прымае рашэнне. Гэта вялікае шчасце — дажыць да часоў, калі на тваіх вачах такія перамены. Няхай жа будзе шчаслівым лёс нашых нашчадкаў, каб ніколі яны не забывалі родны парог, які адкрыў ім шлях у вялікае жыццё.

НА ЗДЫМКУ: Рыгор Якаўлевіч  і  Аляксандра Рыгораўна ШРУБЫ на родным падворку.

Уладзiр СУБАТ, «БН»

Фота аўтара

Жыткавіцкі раён

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter