Клопат надзённы

Першых камбайнераў-«тысячнікаў» ушанавалі на Міншчыне

Першых камбайнераў-«тысячнікаў» ушанавалі на Міншчыне.

Распачалі лік лідараў жніва хлебаробы Слуцкага і Салігорскага раёнаў, два камбайнавыя экіпажы з гэтых рэгіёнаў намалацілі больш за тысячу тон збожжа кожны.

Першымі ў сталічнай вобласці гэты рубеж перасягнулі аграрыі Салігорскага раёна. Гэта маладзёжны экіпаж у складзе старшага камбайнера Мікалая Драбатовіча і яго памочніка Аляксандра Баня. Хлопцы плённа працуюць у сельскагаспадарчым філіяле ААТ «Слуцкі райаграсэрвіс».

Эстафету перанялі Мікалай і Вольга Валасач з СВК «Аграфірма «Лучнікі» Слуцкага раёна. Вольга ўжо чацвёрты сезон дапамагае бацьку ўбіраць хлеб. Працуе яна ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, але каторы год традыцыйна прымяркоўвае свой адпачынак да пачатку жніва. Дарэчы, у аграфірме «Лучнікі» адна з самых высокіх ураджайнасцей у Слуцкім раёне — 50,5 цэнтнера з гектара. І яшчэ адзін адметны працаўнік шчыруе на палетках гэтай гаспадаркі. Вадзіцель Уладзімір Расінскі першым на Міншчыне перавёз тысячу тон збожжа.

Натуральна, што з’яўляцца пачынаюць «тысячнікі» ў паўднёвых рэгіёнах вобласці. У хуткім часе да іх далучацца і хлебаробы з паўночных. Традыцыйна аграрыі вельмі актыўна ўключаюцца ў працоўнае спаборніцтва і атрымліваюць высокія рэзультаты. Напрыклад, у мінулым годзе на Міншчыне 914 камбайнавых экіпажаў намалацілі больш за тысячу тон збожжа.

Першых герояў жніва ўшаноўвалі прама ў полі. Шчырыя віншаванні і пажаданні далейшага плёну ім адрасавалі старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Іван Ліпніцкі, лідары Мінскага аб’яднання прафсаюзаў і галіновага прафсаюза работнікаў АПК Віктар Маліноўскі і Андрэй Некрэвіч. Атрымаўшы заслужаныя ўзнагароды, хлебаробы адразу ўзяліся за працу, каб не згубіць ніводнай пагоднай хвіліны. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter