Кліча лета на лецішчы

Узгадваючы лета, адразу хочацца акрэсліць яго эпітэтамі гарачае, яркае, вясёлае ды іншымі падобнымі. Аднак гэта — стэрэатып і, хутчэй, проста нашы “пажаданні лету”. Між тым рамантыка гэтай пары года хутчэй не ў яскравым сонцы і дзённай спякоце, а ў вечаровай прахалодзе, ясным зорным небе, нават у дожджыку і хмарах, калі ў чаканні ласкавых промняў абвастраюцца пачуцці, нараджаюцца вершы. Нездарма многія адпраўляюцца на прыроду і ладзяць вогнішчы з сябрамі або калегамі.
Узгадваючы лета, адразу хочацца акрэсліць яго эпітэтамі гарачае, яркае, вясёлае ды іншымі падобнымі. Аднак гэта — стэрэатып і, хутчэй, проста нашы “пажаданні лету”.
Між тым рамантыка гэтай пары года хутчэй не ў яскравым сонцы і дзённай спякоце, а ў вечаровай прахалодзе, ясным зорным небе, нават у дожджыку і хмарах, калі ў чаканні ласкавых промняў абвастраюцца пачуцці, нараджаюцца вершы. Нездарма многія адпраўляюцца на прыроду і ладзяць вогнішчы з сябрамі або калегамі.
Дарэчы, баўленне часу ў кампаніі, якое моладзь цяпер называе тусоўкай, па-беларуску можна акрэсліць словам: кампаніяваць. Блізкі да кампаніяваць і дзеяслоў калегаваць. Вось як ужываюць адметныя словы пісьменнікі-класікі. У Якуба Коласа чытаем: “Грэшны я, сакалы мае: і турэцкі бог не захоча з Антосем кампаніяваць”. А вось урывак з твора Кузьмы Чорнага: “Нахлябіч чалавек гэтакі, што я з ім цяпер не калягую”.
Папулярнае месца адпачынку ўлетку — дача. Але ёсць у беларускай мове і адметны сінонім для гэтага слова — лецішча, ад назоўніка лета. Ян Скрыган раскрывае перавагі жыцця за горадам для творцы: “Цяпер рэдка каго з пісьменнікаў там убачыш, шмат у каго, дзякуй богу, завяліся свае лецішчы, працаваць можна і дома, а бывала, бадай-што ўся творчая работа праходзіла там”.
Яшчэ адно каларытнае беларускае вытворнае ад назоўніка лета — дзеяслоў злеціцца. Гэта значыць: зрабіцца па-летняму цёплым. Так кажуць, у прыватнасці, пра ваду. У Івана Пташнікава ёсць такія радкі: “…вада і не падумала злеціцца такой гарачынёй”.
Лецейка, лецечка — так ласкава беларусы называюць любімую пару. У такі час не трэба губляць ні хвіліны, а летнік (лёгкі пінжак) на ўсялякі выпадак на плечы — і гайда на летнік (дарогу, якой ездзяць толькі летам) або ў летнік (лагер для адпачынку) па новыя ўражанні!

Падрыхтавала Вераніка Бандаровіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter