Вячаслаў Ігнаценка на вернісажы “Мелодыя горада”
Нядаўна Вячаслаў напісаў у рэдакцыю: у яго — чарговая выстава, якую сабраў за два дні. Дарэчы, з рукою загіпсаванаю, якую на вернісажы схаваў за кветкі. Маленькі подзвіг у імя мастацтва... Дададзім канкрэтыкі: выстава “Мелодыя горада” мастака з Падняпроўя, з беларускай Лоеўшчыны Вячаслава Ігнаценкі працуе ў кішынёўскім Доме нацыянальнасцяў. Там, дарэчы, і Бюро міжэтнічных адносін Малдовы. А зладжана выстава да 26-х угодкаў незалежнасці Рэспублікі Малдовы. Раней, удакладняе Вячаслаў, да святочнай даты выставы рабілі балгары, гагаузы, габрэі, расіяне, украінцы — мастакі розных нацыянальнасцяў, што жывуць там... Сёлета далі слова й беларусу.
Якую, думаў, зрабіць экспазіцыю, каб тое цікава было кожнаму гледачу, незалежна ад сацыяльнага статусу ды ўзросту? Хацелася паказаць, што напісана як у Беларусі, так і ў Малдове: глядач змог бы параўноўваць пейзажы абедзвюх краін. І, дарэчы, тое Вячаславу лёгка б далося: з сёлетняй паездкі на Бацькаўшчыну ён прывёз і новыя эцюды. Аднак, падумаўшы, спыніўся на выявах малдаўскай сталіцы: усю ўвагу на гэты раз скіраваў на горад Кішынёў.
Экспануюцца 19 твораў. Іх, патлумачыў аўтар, напісаў з натуры за апошнія чатыры гады ў старой частцы горада, у розныя поры года. Некаторыя з твораў: “Бэз на Ільінскай”, “Цёплы вецер”, “Пасля дажджу”,“Альтанка. Над возерам”, “Асенні сон”. Што ж, заўсёды цікава паглядзець пад іншымі ракурсам, і з іншым мастакоўскім досведам на звычныя “гарадскія карціны”. Вячаслаў згадвае, як на адной з ягоных выстаў малдаўскі мастак Дзмітры Пейчаў з гумарам казаў: “Вось прыехаў да нас беларус, каб паказаць, як трэба пісаць Кішынёў. І ў Вячаслава — добра атрымліваецца!” Пэўна ж, працы мастака беларускай школы вылучаюцца колерам, малюнкам, стылістыкай. Яны не падобныя да прац мастакоў малдаўскіх, якія пішуць Кішынёў. Цяпер жыхары й госці горада могуць пабачыць і пачуць ягоныя мелодыі такімі, якімі пачуў-пабачыў беларус Вячаслаў Ігнаценка.
Голас Радзімы № 36 (3540), чацвер, 21 верасня, 2017 у PDF