Хутка пачнецца лета

Паводле прагнозаў работнікаў культуры, гэтае лета будзе ў Беларусі “гарачым”. Мяркую, калі б вынайшлі прыбор для вымярэння энергетыкі культурных падзей, то ўлетку ён бы проста зашкальваў: як ад колькасці, так і ад яркасці, маляўнічасці розных фэстаў, аглядаў-конкурсаў, святаў. Пра іх, дарэчы, ішла размова й на прэс-канферэнцыі Мінкультуры Беларусі з удзелам прадстаўнікоў устаноў культуры і народнай творчасці.


На Фэсце песні ды музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” 

На 2017-ы запланавана 18 фэстаў народнай творчасці міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўню. Некаторыя мы ведаем, бо праходзяць штогод, з імі вырасла некалькі пакаленняў беларусаў. Малымі яны прыходзілі за ручку з бацькамі паслухаць народныя напевы, а сёння ў калясках вязуць ужо сваіх дзяцей, нават унукаў. Напрыклад, “Браслаўскія зарніцы” ў азёрным Браславе пройдуць у 50-ы раз! Перасягнуў мяжу ў чвэрць стагоддзя і фэст “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах.

Некаторыя фэсты праводзяцца ў нас раз на два гады. Скажам, у жніўні ў вёсцы Моталь — Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці — у восьмы раз сустрэне гасцей фэст “Мотальскія прысмакі”. Калі вы яшчэ ніколі не каштавалі знакамітыя мотальскія “вясельныя караваi” ды тамтэйшыя каўбасы, то вельмі раю на фэст завітаць. Пабачыце, а можа й набудзеце ўнікальныя вырабы з гліны, дрэва, ільну, саломкі вядомых рамеснікаў.

Днямі, 19-21 мая, у Баранавічах пачаўся беларускі летні фестывальны марафон: з Міжнароднага фэсту духавой музыкі “Беларускія фанфары”. У ім паўдзельнічалі й музыканты з шасці замежных краін: Латвіі, Расіі, Малдовы, Польшчы, Украіны і Турцыі. А ў Гомелі ў дні бабінага лета пройдзе свята мастацтва, дружбы, маладосці і прыгажосці — Міжнародны харэаграфічны фэст “Сожскі карагод”. Там збіраюцца лепшыя танцоры Еўропы, Азіі ды Амерыкі.

Назіраецца прыемная тэндэнцыя ў апошнія гады: цяпер фэсты праходзяць і ў невялікіх райцэнтрах, нават вёсках. А раней — пераважна ў буйных гарадах, абласных цэнтрах. Так што Беларусь адкрывае для ахвочых, у тым ліку і турыстаў з замежжа, свае глыбіні. Ёсць магчымасць бліжэй пазнаёміцца не толькі з геаграфіяй Беларусі, але і з яе багатай гісторыяй.

А самай фэставай вобласцю сёлета будзе Віцебшчына: там рыхтуюць ажно 10 міжнародных фэстаў і адзін рэспубліканскі. Вось нядаўна, 20-21 мая, прайшоў ХХІV Міжнародны фэст песні ды музыкі “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”. Летам у Глыбокім пройдзе “Вішнёвы фэст”, у Докшыцах рыхтуюць  “Фэст дзвюх рэчак”. Больш падрабязную інфармацыю шукайце на сайтах раёнаў Віцебшчыны.

Акрамя фэстаў, на лета спланаваны дзясяткі аглядаў-конкурсаў ва ўсіх абласцях Беларусі, прычым у розных жанрах. Спецыялісты Мінкультуры ўжо распрацавалі падрабязны план — глядзіце на сайце www.kultura.by — у яго ўключаны ўсе летнія святы, агляды-конкурсы і фэсты.

Хутка ўжо стартуе лета — час адпачынкаў, школьных канікул. Як цікава, з карысцю іх правесці? Можна выбраць вандроўкі ў далёкія краіны, а можна і бліжэй прыгледзецца да таго, чым багатая наша Бацькаўшчына. Дарэчы, сіноптыкі прагназуюць лета без сюрпрызаў у выглядзе халодных цыклонаў: паводле народных прымет яно будзе цёплым і сонечным. Ну а па насычанасці культурнымі падзеямі — нават гарачым. То можна паспрабаваць атрымліваць асалоду і ад ласкавага цяпла, камфорту, прыгажосці беларускіх гарадоў і вёсак. А хто жадае, то сам можа пераканацца, што беларусы — народ гасцінны, добры і вельмі творчы. Што жыве ў нашых душах прага да стварэння прыгожага.

Дарэчы, на прэс-канферэнцыі гаварылі: у Беларусі цяпер працуе 23 тысячы розных клубных суполак, якія наведваюць больш за 250 тысяч чалавек.


Іна Ганчаровіч

Голас Радзімы № 19 (3523), чацвер, 25 мая, 2017 у PDF

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter