Калі сеў за руль магутнага “Беларуса” — хацелася спяваць, прызнаецца слуцкі механізатар Вадзім Яўстратаў

Хто не сее, той не збiрае

Калі сеў за руль магутнага “Беларуса” — хацелася спяваць, прызнаецца слуцкі механізатар Вадзім Яўстратаў


ЧВЭРЦЬ стагоддзя таму да слынных гаспадарак Случчыны далучыўся новы саўгас, пабудаваны на меліяраваных землях у пойме ракі Случ. Першапраходцы балот перадалі хлебаробам звыш 5 тыс. гектараў абноўленых угоддзяў. На былых балотах закрасавала хлебная ніва, паўсталі буйны жывёлагадоўчы комплекс, вытворчыя памяшканні саўгаса “Слуцк”, вырас жылы пасёлак Вежы. 



Бацькі аднаго з лепшых сённяшніх механізатараў гаспадаркі Вадзіма Яўстратава аднымі з першых прыехалі сюды на працу. Гаспадар сям’і Іван Васільевіч сеў за руль новага трактара, а яго жонцы Валянціне Іванаўне хапала клопату дома. Пяць сыноў выхавалі яны. Трое знайшлі сабе занятак у гарадах, дзе і цяпер жывуць з сем’ямі, а Вадзім і Сяргей адслужылі ў арміі і вярнуліся ў родныя мясціны. Таксама маюць свае сем’і. Гаспадарка забяспечыла іх жыллём. Як і бацька, які ўжо амаль 20 гадоў можа заслужана адпачываць, працуюць механізатарамі ў РСУП “Саўгас ”Слуцк”. Апрацоўваюць палі, нарыхтоўваюць кармы для грамадскага статка, а ў жніво ўбіраюць збажыну. Другі год запар Вадзім ЯЎСТРАТАЎ у лідарах спаборніцтва сярод камбайнераў гаспадаркі. Гэта было яго дзясятае жніво. Два сезоны памочнікам на камбайне працавала жонка Людміла Іванаўна. Зараз Вадзім Іванавіч на магутным «Беларусе» рыхтуе глебу пад азімую сяўбу.

БОЛЬШ падобную на хутарок слуцкую вёсачку Ветка з усіх бакоў акружаюць хлебныя нівы. У былыя часы ўрадлівымі землямі валодалі магнатыя Радзівілы. Добра родзяць тут збажына, лён, бульба, і сады шчодрыя на ўраджай. У былыя часы да калядных маразоў сяляне малацілі ў свірнах снапы, апрацоўвалі лён. Па шляху да Мінска, Бабруйска і Слуцка позняй восенню цягнуліся павозкі з мяхамі зерня, духмянай садавіною, лёнам. Руплівыя слуцкія гаспадары будавалі ў вёсках дыхтоўныя дамы. З пакалення ў пакаленне перадаваліся традыцыі і звычаі гэтага краю. 

Ваеннае ліхалецце парушыла мірны занятак. Пэўна, лёсам было наканавана слуцкай дзяўчыне Вользе сустрэцца ў неспакойны час з чырвонаармейцам Васілём Яўстратавым, які адправіўся на фронт з рускай вёскі на Арлоўшчыне. Шлюб зарэгістравалі. Нарадзіўся хлопчык, якога маладая маці назвала Іванам. 

Квітнеючым чэрвенем 1944 года пасля паспяховага завяршэння ваеннай аперацыі “Бабруйскі кацёл” савецкія войскі няспынна гналі нямецка-фашысцкіх акупантаў на захад. Праз слуцкія вёскі пралягаў шлях вызваліцеляў. Ад малога да старога сяляне Веткі сустракалі байцоў. З маленькім сынам на руках чакала сустрэчы з Васілём Вольга Яўстратава. Не вярнуўся ён з фронту. Сіратою вырас Іванка. Закончыў у былым райцэнтры Грэску курсы трактарыстаў-машыністаў. Працаваў механізатарам у калгасе, тры гады служыў у марфлоце і вярнуўся ў родную вёску. Доўга ў халасцяках шыракаплечы марак не затрымаўся. Заваражыла яго прывабная дзяўчына Валянціна. Праз усю вёску ішлі ў сваты да яе. Сваякі нявесты прыветліва сустрэлі гасцей. Пасля вяселля маладыя засталіся ў бацькоўскай хаце Валянціны, а потым і сваю невялікую прыдбалі. Іван шчыраваў за рулём трактара на калгасных палетках, а жонцы хапала спраў з маленькімі сынамі-пагодкамі. Цеснавата стала ў невялікай хатцы, і Яўстратавы купілі большы дом у суседняй вёсцы Бранава. Адсюль хлопчыкам бліжэй было да школы ў вёску Сярагі.

— Старэйшыя браты Аляксандр і Уладзімір закончылі Сяражскую сярэднюю школу, а я там да дзявятага класа вучыўся, — узгадвае Вадзім Яўстратаў. — Запомніўся настаўнік роднай мовы і літаратуры — франтавік Іван Паўлавіч Янучок, які захапляльна распавядаў пра літаратурных герояў з твораў беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Урок хутка пралятаў, хацелася слухаць і слухаць настаўніка. 

Насычанымі выдаваліся і школьныя канікулы. З бацькам сена касілі для каровы Зоркі, дапамагалі маці на агародзе і ў калгасе знаходзілі занятак. На збожжатаку зерне сушылі, на сянажных траншэях пасыпалі мінеральнымі дабаўкамі зялёную масу, якую трамбавалі магутныя трактары.

На маленькім Т-16 бацька падвозіў кармы да жывёлагадоўчай фермы, а потым перасеў на Т-25, на якім араў поле. Калі жылі яшчэ ў Бранаве, ён на трактары прыязджаў на абед ці пасля працы. З малодшым братам Сяргеем круціліся побач. У полі бацька вучыў кіраваць трактарам. Мне больш запомніўся Т-25. Руль у яго цяжкавата ўтрымаць, і бацька папярэджваў, каб мацней рукамі учапляўся. Падказваў, як спрытней пераключаць перадачы, роўна весці баразну. З шостага класа ўжо самастойна мог кіраваць трактарам.

— З пяці братоў удвух працягваеце справу бацькі. А як склаўся лёс яшчэ трох братоў?

— Старэйшы Аляксандр пасля заканчэння сярэдняй школы стаў чыгуначнікам і працуе на станцыі Радашковічы. Уладзімір закончыў мараходнае вучылішча і застаўся ў Санкт-Пецярбургу, а Валера — на звыштэрміновай армейскай службе ў Мінску. 

— Маглі і вы з малодшым братам Сяргеем не вяртацца пасля службы ў вёску...

— У кожнага свой шлях у жыцці, і складаецца ён з розных абставін. Многае залежыць менавіта ад твайго выбару. Калі бацька даведаўся пра новы саўгас “Слуцк”, адразу загарэўся пераездам у гаспадарку. Амаль год там працаваў. Жыў у інтэрнаце. У выхадныя наведваўся дамоў. Расказваў пра пасёлак Вежы, што будаваўся ў трох кіламетрах ад аўтатрасы Слуцк — Мінск. А калі там адкрылася сярэдняя школа, усёй сям’ёю пераехалі. Атрымалі прасторны катэдж на два паверхі. 

Адзіным вучнем быў я ў дзявятым класе. Першапачаткова займаліся ў будынку дзіцячага садка. Праз год у Вежах урачыста адкрылі новую школу. Першы дырэктар Уладзімір Уладзіміравіч Хомчык зараз выкладае фізіку. 

У перыяд вучобы ў Сяражскай школе мне падабаліся ўрокі працы, на якіх нам дазвалялі майстраваць розныя вырабы з дрэва. Толькі выдатныя ацэнкі меў па гэтым прадмеце. 

У старэйшых класах з вялікім жаданнем ездзіў на заняткі ў міжшкольны вучэбна-вытворчы камбінат, дзе атрымлівалі сельскія прафесіі. У дзясяты клас прыйшлі пяць дзяўчынак і два юнакі. Мае аднакласнікі Ігар Хахлоў і Аляксандр Зянькоў не пажадалі мець пасведчанне трактарыста-машыніста, а я атрымаў. Пасля заканчэння школы яны падаліся ў горад, а я прынёс дырэктару саўгаса “Слуцк” Васілю Ачапоўскаму заяву на працу. Тэхнікі на саўгасным мехдвары хапала. Мне даверылі гусенічны трактар Т-150, на якім прыкатваў глебу на тарфяніках, каб вецер не выдуваў перад сяўбою. 

Гаспадарка толькі пачынала развівацца. На новых машынах і агрэгатах працавалі механізатары, што прыехалі ў Вежы з іншых мясцін. Прыціраліся адзін да аднаго. Яднала агульная ідэя — дабівацца поспеху. Хутка справіліся з веснавой сяўбою. Даверылі мне наглядаць за пасевамі, кармы нарыхтоўваць. Жывёлагадоўчы комплекс у гаспадарцы вялікі, больш як пяць тысяч галоў буйной рагатай жывёлы. 

Перад службай у арміі ад ваенкамата накіравалі на курсы вадзіцеляў у Слуцк. Уладкаваўся ў сваякоў і паспяхова закончыў вучобу. Праз некалькі месяцаў родныя і сябры праводзілі нас, навабранцаў, на службу ў армію. Кіраўніцтва саўгаса арганізавала ўрачыстасць, на якой атрымаў ручны гадзіннік і наказ вярнуцца ў калектыў. Чакала ў Вежах майго вяртання і аднакласніца Людміла Несцярэнка. У дзясятым класе яна прыйшла да нас. Раней з бацькамі жыла ў Кармянскім раёне. Пасля чарнобыльскай катастрофы сям’я пераехала на Случчыну. Бацька яе, Іван Мікалаевіч, працаваў трактарыстам. 

— І стаў вашым цесцем?

— Вяселле ладзілі пасля майго вяртання з арміі. Лічу, што школа мне жонку падарыла. Жнівеньскім днём распісвацца ездзілі ў Грэскі сельсавет. 

Пакуль я служыў, Людміла закончыла Слуцкі сельгасліцэй і вярнулася лабарантам па кантролі якасці вады ў саўгаснай кацельні. У іх прасторная чатырохпакаёвая кватэра. Бацькі нам выдзелілі асобны пакой. 

Пасля службы за мной у саўгасе замацавалі трактар МТЗ-80, на якім перавозіў з палёў на жывёлагадоўчы комплекс сянажную масу, а зімою рыхтаваў тэхніку да выхаду ў поле. А як паступіў з Мінскага трактарнага завода новы МТЗ-1221, мне даверылі яго. Спяваць ад радасці хацелася на веснавым полі. Камфартабельная кабіна, лёгкасць у кіраванні. Штодня без асаблівай напругі перавыконваў заданні на падрыхтоўцы глебы да сяўбы. Да асноўнага заробку дабаўляліся прэміі. Абставілі новай мэбляй кватэру, якую нам выдзеліў саўгас. 

— Вадзім Іванавіч, пэўна, гэта ваш самы памятны год пасля жаніцьбы?

— Перш за ўсё памятны тым, што ў нас дзяўчынка нарадзілася. Ад хвалявання ніяк не мог вызначыцца з выбарам імя. Назваў Маргарытай, а другой дачушцы імя падбірала жонка. Старэйшая ўжо ў выпускным класе сярэдняй школы, дзе некалі мы з жонкаю вучыліся. А малодшая Карына толькі пачынае школьную навуку. 

— Вашы карані па бацьку вядуць у Арлоўскую вобласць Расіі. Ніколі не даводзілася бываць у рускай радні?

— Усё часу няма гэтым заняцца, хаця сэрцам адчуваю, што дзесьці ў расійскай глыбінцы жывуць сваякі. На жаль, нам  невядома, дзе пахаваны дзед Васіль Яўстратаў. 

Бабуля Вольга пасля вайны працавала ў паляводчай брыгадзе слуцкага калгаса імя Куйбышава. Цяжка было адной спраўляцца з хатняй гаспадаркай. Выйшла другі раз замуж, дачку Галіну нарадзіла, якая і цяпер жыве ў вёсцы Ветка. У бабулінай хаце гаспадарыць мой стрыечны брат. 

Штогод на Вялікдзень прыязджаюць з сем’ямі браты. Па традыцыі едзем у Ветку на магілу мамы. Тры гады як яе не стала. Імкнёмся падтрымліваць рана аўдавелага бацьку. Ён ужо даўно мог дазволіць сабе адпачываць, але не хоча. Не развітваецца са сваім трактарам. З вясны і да жніва наглядаў за пасевамі. Падвозіў ваду да апрысквальнікаў у поле. І ў гэтыя асеннія дні з раніцы да вечара за рулём. 

— Сёлета з-за спякоты тарфянікі перасохлі, што неспрыяльна для сяўбы азімых.

— Пакуль пераворваем палеткі. Пры норме 60 гектараў на магутным трактары “Беларус-3022” апрацоўваю значна большыя плошчы. Пяты год на гэтай магутнай машыне. За мною брат Сяргей выводзіць у поле МТЗ-2224 з пасяўным агрэгатам “Амазона”. Сёлета ён атрымаў прафсаюзную ўзнагароду. Мы з ім пастаянна спаборнічаем. 

— І хто каму фору дае?

— Цяжка за ім угнацца. Але на сёлетнім жніве па намалотах абагнаў Сяргея. Працаваў без памочніка. З раніцы і да вечаровых зорак малаціў збожжа. Кожнае лета пачынаю з касавіцы траў. Сёлета на касілцы КДН-9 скасіў тры з паловай тысячы гектараў і з першых дзён жніва перасеў на зернеўборачны камбайн. І так штогод. Некалі пачынаў з “Дона”, працаваў на гомсельмашаўскім КЗС-7 і дзесяць сезонаў убіраў зерневыя на нямецкім камбайне КЛААСС. Летась намалаціў амаль паўтары тысячы тон збожжа, а сёлета — тысячу. Сяргей працаваў на камбайне, які яму дастаўся з другіх рук. Даводзілася спыняцца і рамантаваць у час жніва. Таму крыху адстаў па валавым намалоце. А зараз наша галоўная задача — паспяхова завяршыць сяўбу азімых. Як кажуць, хто не сее, той не збірае.

— Вадзім Іванавіч, ці вялікі клін азімых у гаспадарцы?

— 1250 гектараў. А ўсяго ў нас амаль шэсць тысяч гектараў абноўленых зямель. Значныя плошчы адводзяцца пад кармавыя культуры, каб забяспечыць пагалоўе фуражом. Чакаем дажджу, каб зямлю прамачыў. Палову плошчаў азімага кліна займае трыцікале. Тэхнікі для своечасовага правядзення работ хапае. У нас амаль дзевяноста трактароў, з іх шэсць энерганасычаных.

— А праблемы, каму працаваць на іх, няма?

— Пакуль гэта неадчувальна, але пажадана, каб калектыў механізатараў папаўняўся моладдзю. На сучаснай тэхніцы заробкі высокія, бо выпрацоўка вялікая. У сярэднім па семсот рублёў у месяц атрымліваем. За жніво ў два разы больш выйшла. Імкнемся вытрымліваць тэхналогію вырошчвання сельгаскультур. Сёлета сабралі з гектара ў сярэднім па гаспадарцы па 35 цэнтнераў збожжа. Некаторыя ўчасткі азімага трыцікале далі звыш сарака цэнтнераў на круг. 

— Завершыце азімую сяўбу, і можна крыху перадыхнуць. Дзе любіце праводзіць адпачынак?

— Звычайна ён выпадае на зімовы перыяд. Сёлета пашчасціла перад жнівом дзесяць дзён з сям’ёй павандраваць па Беларусі. Наведалі Брэсцкую крэпасць-герой. Дочкам паказалі і самі паглядзелі легендарную цытадэль, дзе першымі сустрэлі нямецка-фашысцкіх захопнікаў і мужна стаялі насмерць савецкія воіны. Уразілі казематы, музейныя экспанаты. 

Цікавай была і вандроўка ў Белавежскую пушчу, дзе ў вальерах красаваліся зубры, алені, касулі, дзікі і іншыя прадстаўнікі жывёльнага свету ўнікальнага куточка Еўропы. Даведаліся, што ў гушчары пушчы захаваліся некранутыя мясціны. Па шляху дамоў заязджалі на аўтамабілі ў некаторыя райцэнтры, спыняліся каля рэк і любаваліся прыродай Беларусі, параўноўвалі з нашымі слуцкімі мясцінамі.

— Случчыну называюць хлебнай жытніцай Беларусі. Старажытнаму гораду выпаў гонар у 2005 годзе прымаць гасцей і ўдзельнікаў рэспубліканскага свята-кірмашу “Дажынкі”. Любая слава мацуецца на новых дасягненнях. Ці бачыцца вам такі патэнцыял у гаспадарцы?

— Матэрыяльная база у нас грунтоўная. Людзі старанныя і працавітыя. Першага дырэктара Васіля Міхайлавіча Ачапоўскага, які паспяхова амаль чвэрць стагоддзя ўзначальваў калектыў, паўтара гады таму замяніў выпускнік Гродзенскага сельгасуніверсітэта Аляксей Родзік. Хочацца спадзявацца, што і яго кіраўніцтва будзе доўгім і плённым. Каму, як не маладым, працягваць слаўныя працоўныя традыцыі бацькоў.

Уладзiмiр СУБАТ

Слуцкі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter