Пад Бабруйскам на пленэр ізноў сабраліся керамісты з розных краін свету

Хто лепiць лепей

База адпачынку ля вёскі Вербкі Бабруйскага раёна зноў стала месцам прыцягнення майстроў-керамістаў з розных краін свету. Чатырнаццаты міжнародны пленэр «Арт-Жыжаль» сабраў васемнаццаць мастакоў з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Малдовы, Славакіі, Эстоніі. На гэты раз свае шэдэўры керамісты вырашылі прысвяціць экалогіі, стан якой хвалюе кожнага сучаснага чалавека.

Глина_b.jpg

— Да паслуг аўтараў — некалькі земляных печаў і ганчарных станкоў. Зроблены яны па старажытных тэналогіях нашых продкаў яшчэ некалькі год таму. Дзеля надзейнасці печы на зіму кансервуюцца, а ў час пленэру адкрываюцца зноў, — адзначыў кіраўнік упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама Мікалай Балюк.

Інтарэсы і творчыя ідэі керамістаў разнастайныя: адны пра крохкасць жыцця нагадалі з дапамогай вытанчаных ваз, другія пацверджаннем сваёй філасофіі выбралі драконаў, трэція спыніліся на стварэнні папулярнага зараз Пікачу. А мастацкі кіраўнік пленэру, бабруйскі кераміст Валерый Калтыгін за аснову ўзяў тэму чысціні ракі. Яго скульптура — сімвалічная кансервавая банка, якую неахайныя турысты выкідваюць у вадаёмы. Працаваць майстры будуць да 25 жніўня, пасля чаго іх выніковая выстава традыцыйна адкрыецца ў Бабруйскім мастацкім музеі. Дарэчы, за час існавання пленэру гліняных экспанатаў набралася столькі, што Мікалай Балюк не выключае адкрыцця ў горадзе і музея керамікі. Папаўняць яго экспазіцыю будзе чым: папулярнасць «Арт-Жыжаля» год ад году толькі расце.

Svet.markova@gmail.com

Фото Таццяны СТАЛЯРОВАЙ
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter