«Хто, калi не я...»

Толькi  тры  выпадкi,  у  якiх  самы  далёкi  i  нават  чужы  бераг  жыцця  стаў  сваiм  родным

Толькi  тры  выпадкi,  у  якiх  самы  далёкi  i  нават  чужы  бераг  жыцця  стаў  сваiм  родным

Нехта можа сказаць, што абвальныя дзевяностыя мiнулага стагоддзя падсадзiлi не толькi эканомiку, але i душу чалавечую, маўляў, цяпер не да высакародных учынкаў. Але наша жыццё, рэчаiснасць сведчаць: высакароднае ў чалавеку было, ёсць i застанецца. Проста мы некалькi прытупiлi ўвагу да праяўлення гэтага высокага пачуцця – давайце будзем аддаваць яму належнае! 

Дзе  адно  дзiця,  там  i  другое

Неяк раней у Бабруйскi дзiцячы сацыяльны прытулак да дзвюх стрыечных сясцёр наведваўся высокi, статны мужчына. I заўжды гэтакi абыходлiвы, з пастаяннай усмешкай на вуснах, прысмакаў нанясе. Малыя, калi ўбачаць яго, ляцяць насустрач: «Дзядзька Мiша, дзядзечка!» Родны, блiзкi? Аказалася, зусiм чужы чалавек – Мiхаiл Кавалевiч, працуе намеснiкам старшынi гарвыканкома. Проста на яго вачах дзецi гадавалiся... Праўда, не сказаць, каб жыццё ў iх было бестурботным, бо татаў у iх не было, а тут яшчэ мацi адной дзяўчынкi загiнула ў аўтамабiльнай аварыi, другой спiлася, на дачку нуль увагi... Вось так i забралi абедзвюх у казённую ўстанову. Мiхаiл Сiдаравiч, якi добра ведаў дзяцей, не мог, каб iх не наведаць. Адзiн раз прыйшоў, другi, трэцi... А потым i выспела рашэнне адну з дзяўчынак удачарыць, хоць у самога двое дзяцей, ёсць унук. Паступiў так, як сэрца падказала. 

— Ну i як ваша Леначка? — не прамiнаў я пры сустрэчы спытаць Мiхаiла Сiдаравiча. 

— Нармальна, — адказаў ён, —  i добра вучыцца, i ў танцах сябе спрабуе. Яна мяне з жонкай татам i мамай называе, а мы – дочачкай! 

А не так даўно Кавалевiч удачарыў i другую дзяўчынку. Я бачыў на яго рабочым стале партрэты абедзвюх прыёмных дачок: радасна ўсмiхаюцца! «Дык мы ж iх, як сваiх, глядзiм, — гаворыць Мiхаiл Сiдаравiч, — асаблiва мая Наталля Паўлаўна, якая адначасова i падвучвае, каб не адставалi ад жыцця, сваiх равеснiкаў. Малодшанькую дачку ў нулявы клас адпраўляем – вунь колькi клопатаў, але, спадзяёмся, усё ў нашых дзетак будзе добра!» 

Здаецца, так проста: забраць, удачарыць... Аднак жа не кожны здольны на гэта, а толькi людзi душэўныя, якiя адчуваюць чужы боль. Мне раней Кавалевiч падаваўся якiмсьцi  сур`ёзным, нават суровым, а цяпер, здаецца, ён прасветлены, радасны. Так i хочацца яму сказаць: «Дзякуй, Мiхаiл Сiдаравiч, за ўратаваныя душы, за тое, што вы такi ёсць!» 

Мемарыял  Календы

Яўген Календа дакладна i не згадае, калi нарадзi­лася iдэя паставiць помнiк землякам, якiх забрала вайна: «Неяк само сабой атрымалася...» Толькi наўрад цi так, хутчэй, гэта ў iм выспявала даўно, мо, з самай вайны, якую ён, семнаццацi гадкоў ад роду, зведаў, бачыў кроў, смерць... Дык жа вярнуўся дамоў, а чатырнаццацi ўраджэнцаў iхняй невялiчкай вёскi Зацiшша не дачакалiся родныя, блiзкiя. Ён успамiнае: «Сустрэла мацi аднаго з загiнуўшых: «Ты, Жэнька, з намi, а мой Васiлька злажыў галаву, нiколi ўжо яго не ўбачу...» Вайна часта прыходзiла ў снах i наяве: ты жывы, а яны загiнулi... За маё, за тваё, за наша. Каб не хадзiлi чорныя хмары над галавой, а ззяла сонейка, радасцю поўнiлiся душы. Дык цi ж не заслугоўваюць землякi памяцi?! I ў тым, i ў iншым месцы – помнiкi. I ён узвядзе сваiм землякам, чаго б гэта нi каштавала! 

Вось так i стаў ажыццяўляць задуманае: месца выбраў, расчысцiў пляцоўку, забетанаваў яе. Прыцягнуў з поля камень-валун. А на яго ўстанавiў мармуровую плiту з высечанымi на ёй прозвiшчамi, якую заказваў у пахавальным бюро. Паставiлi (праўда, ужо пазней) памятную стэлу, абгарадзiлi. Пафарбавалi, дрэвы пасадзiлi. А потым яшчэ i спiсаную гармату даставiлi з воiнскай часцi. 

Помнiк здалёк вiдаць. Да яго на ўрачыстыя даты i калi, як кажуць, клiкае душа, прыходзяць родныя i блiзкiя загiнуўшых у гады вайны, усе вяскоўцы. «Дзякуй, Яўген Мiхайлавiч, — кажуць, – за памяць, высакароднасць, за ўсё тое, што зрабiлi для нас!» 

Варта адзначыць, што грошы на будаўнiцтва помнiка Яўген Мiхайлавiч браў са сваiх зберажэнняў, з пенсii адкладваў. Нават жонцы Калерыi Iванаўне не казаў. Калерыя Iванаўна пакрыўдзiлася, маўляў, ушанаванне загiнуўшых — святая справа, а цi ж я б была супраць. Вiдаць, справа не ў тым, а ў нечым большым – чалавечай высакароднасцi. Гэты помнiк Календа, таго не разумеючы, паставiў не толькi сваiм землякам, але i самому сабе. 

Дык i гэта не ўсё. Летась Яўген Мiхайлавiч прыцягнуў яшчэ адзiн камень-валун. Устанавiў яго насупраць асноўнага помнiка, прымацаваў да яго мемарыяльную дошку з выбiтымi на ёй прозвiшчамi землякоў, удзельнiкаў Вялiкай Айчыннай вайны, якiх ужо няма ў жывых. Гэткi мемарыял атрымаўся. Яго абгарадзiлi, высадзiлi дрэвы – цэлы сквер з лаўкамi, дзе можна пасядзець у скрусе, задуменнi. Цяпер ужо i мясцовыя ўлады плячо падставiлi, ваенныя ўзялi шэфства над помнiкам. Сам мiнiстр абароны Рэспублiкi Беларусь Леанiд Мальцаў сфатаграфаваўся з Яўгенам Мiхайлавiчам, калi быў у Бабруйску. 

Ратую  тваё  жыццё...

Тым надвячоркам на рацэ Бярэзiне, у раёне пасёлка Назараўка, адпачывала кампанiя маладых людзей, у тым лiку сямейная пара з двума дзецьмi. Малыя гулялi паводдаль i ўпусцiлi ў раку мячык. Iхняя мацi заўважыла гэта i стала мячык даставаць. А той, бы гуляючы, адплываў далей. Жанчына – за iм. Не заўважыла, як апынулася далёка ад берега: нi назад плысцi, нi наперад, пачала клiкаць на дапамогу... 

Маладзенькая дзяўчына Вiка ў гэты час адпачывала на супрацьлеглым беразе ракi, куды часта заплывала, бо напрактыкаваная была. Тут цiшыня, спакой, быццам на iншай планеце! Ляжала на беражку, усiм гэтым цешылася. 

Раптам данеслася: «Ратуйце, тану!..» Спачатку i не зразумела, адкуль гэты крык. А потым, калi ўзняла галаву, убачыла жанчыну ў чырвоным купальнiку, якая то пагружалася ў ваду, то вынырвала з яе, на твары – жах... «Рат...» – бездапаможна ўскiнула тая руку i стала знiкаць пад вадой... Вiка спружынiста падхапiлася з месца i кiнулася да ракi. Некалькi размашыстых грабкоў — i яна ля жанчыны. Паспела схапiць тую за валасы — i хутчэй да берага. Выштурхнула жанчыну на траву i пачала аказваць першую дапамогу, пакуль тая не расплюшчыла вочы. Сама, знясiленая, упала ля яе... 

За выратаванай жанчынай прыплылi на маторцы, а Вiка, каб не прыцягваць да сябе ўвагi, цераз раку — i дамоў. У той спешцы-гарачцы пра яе, выратавальнiцу, i забылiся. Потым ужо схамянулiся: хто яна? Аказалася, Вiкторыя Акулiч, навучэнка СШ № 22. «А што я такога зрабiла? – потым будзе казаць Вiка. – Тое, што i кожны б на маiм месцы, – не пакiнула чалавека ў бядзе!» 

Здавалася б, усё проста, а Вiка праявiла храбрасць, высакародства. Пра гэты яе ўчынак цяпер гавораць у горадзе, яна адзначана ганаровай граматай Рэспублiканскага АСВОДа, якая будзе ёй уручана 1 верасня на ўрачыстай лiнейцы. А яе класны кiраўнiк Таццяна Кушаварава так адгукнулася: «Выратаваць чалавека – самае высакароднае, мы  Вiкторыяй ганарымся!» 

г. Бабруйск

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter