Хоць цвікі еш, але ж...

Чалавек можа праглынуць усё, але далёка не ўсё здатны ператравіцьЦі ёсць спецыфічная мужчынская ежа? Ад чаго залежаць нашы схільнасці да тых або іншых страў? Ці можна пражыць на адных цукерках? Кансультуе Васіль ЦЫГАНКОЎ, кандыдат медыцынскіх навук, начальнік аддзела харчавання навукова-практычнага цэнтра НАН па харчаванні.

— Васіль Георгіевіч, ці існуюць нейкія асаблівыя “мужчынскія” і “жаночыя” комплексы харчавання?
— Такіх пэўна вызначаных набораў прадуктаў няма. Але калі зазірнуць у гісторыю, то акажацца, што мужчына меў большыя фізічныя нагрузкі, чым жанчына. Зрэшты, гэта таксама хісткае меркаванне. Бо, ўлічваючы, што калісьці большасць насельніцтва складалі сяляне, то ў сельскай гаспадарцы жанчына таксама мусіла рабіць даволі вялікія высілкі. Аднак усё ж мужчына самой прыродай створаны як “моцны пол”. Асноўная маса работнікаў на заводах, фабрыках, службоўцаў у войску — мужчыны. А названыя віды дзейнасці, бясспрэчна, вымагаюць значнага напружання фізічных сіл. Пры гэтым траціцца вельмі шмат энергіі, і, каб яе ўзнавіць, трэба спажываць прадукты жывёльнага паходжання. А каб вярнуць выдаткаваную энергію за кошт прадуктаў расліннага паходжання, давядзецца па масе з’есці зеляніны ў пяць разоў больш, чым мяса. Я слаба ўяўляю салдата, дэсантніка, рабочага, які будзе есці адны памідоры і гуркі. Ён не зможа тады падняць зброю ці малаток.
— Існуе меркаванне, што ўсё салодкае — гэта “жаночае”. Тым часам цяперашнія жанчыны ўсё больш ухіляюцца ад слодычаў, сядзяць на дыетах. А цукеркі ж раскупляюцца. Значыць, мужчыны таксама ласуны, як бы гэта ні лічылася для нас неўласцівым?
— Не магу знайсці ніводнага навуковага пацвярджэння асаблівай схільнасці жаночага арганізма да салодкага. Але адно бясспрэчна: жанчыны маюць адметнасці арганізма, якія адрозніваюць іх цела ад мужчынскага. Адпаведна і патрэбы жаночага цела іншыя. Выраз “слабы пол” узяўся не з неба. Сапраўды, жаночы арганізм слабейшы за мужчынскі, структура тканак мякчэйшая, танчэйшая, больш тлушчавай клятчаткі, таму жанчыны, дарэчы, часцей схільныя да паўнаты. Усё гэта невыпадкова і звязана з абменам рэчываў.
Што да захаплення салодкім, то гэта залежыць не толькі ад патрэб арганізма, але, мабыць, і ад псіхікі. Уяўленне, што жанчыны — асаблівыя ласухі, выклікана тым, што яны мякчэйшыя па натуры, больш чуллівыя, таму і смак задавальнення, звязаны з ласункамі, у іх развіты мацней.
— Чым увогуле тлумачыцца схільнасць чалавека да салодкага?
— Калі проста казаць, то звычайны цукар — гэта вуглявод. А вугляводы лічацца вельмі пажыўнымі рэчывамі, якія забяспечваюць арганізм энергіяй. Вам бракуе энергіі — і цягне да цукеркі. Аднак гэта бясшкодна толькі ў тым выпадку, калі ў вас добра працуе падстраўнікавая залоза і вырабляе дастаткова інсуліну, які спрыяе хуткаму паглынанню ў кроў глюкозы, выпрацаванай з ператраўленай у страўніку цукеркі. Глюкоза забяспечвае больш за палову энергетычных выдаткаў арганізма, а таксама падтрымлівае бар’ерную функцыю печані супраць таксічных рэчываў. Таму прыём цукру ўнутр або ўвядзенне глюкозы ў вену раяць пры некаторых атручэннях. Аднак будзьце пільныя. Калі сёння перабераце меру з салодкім, у старасці можаце займець лішак халестэрыну ў крыві і атлусцець, асабліва калі многа седзіце і не займаецеся фізічнай працай.
Небяспечна есці многа салодкага і з той прычыны, што арганізму патрэбна не толькі глюкоза, але і так званы пластычны матэрыял, з якога аднаўляюцца нашы клеткі. Яго можна атрымаць толькі з мяса. Мяса — асноўная крыніца паступлення ў арганізм амінакіслот, без якіх немагчымы сінтэз бялкоў. Бялкі ажыццяўляюць абмен рэчываў. Гэта “цагліны”, з якіх будуюцца “сцены” нашага цела. Няма цэглы — няма сцен, няма і нас.
Увогуле ж, у кожнага чалавека, незалежна ад полу, павінна быць індывідуальнае меню. Бо ўсе мы розныя і маем неаднолькавыя патрэбы ў тых альбо іншых рэчывах, мікраэлементах, вітамінах. Таму ў прамым сэнсе — ешце на здароўе!

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter