«Хацелася ўзяць у рукі баян і паказаць, што пракуроры – рамантыкі...»

ПА ШЧЫРАСЦІ, я ведаю Уладзіміра МАЦЭЛЯ не першы год. Быў на працы ў яго, а ён заходзіў у наш кабінет. Але размовы вяліся толькі аб справах, якія знаходзіліся на разглядзе ў пракуратуры і якія можна было абнародаваць. І Уладзімір Міхайлавіч заўсёды ішоў нам насустрач. А вось пра захапленні свае ён ніколі не гаварыў. Ды я і не пытаўся. Думаў, пракурор ёсць пракурор, сухі законнік, у якога адно ў галаве. Як жа я памыляўся!..

Незвычайныя ракурсы лёсу і жыцця звычайнага ахоўніка парадку Уладзіміра Мацэля.

ПА ШЧЫРАСЦІ, я ведаю Уладзіміра МАЦЭЛЯ не першы год. Быў на працы ў яго, а ён заходзіў у наш кабінет. Але размовы вяліся толькі аб справах, якія знаходзіліся на разглядзе ў пракуратуры і якія можна было абнародаваць. І Уладзімір Міхайлавіч заўсёды ішоў нам насустрач. А вось пра захапленні свае ён ніколі не гаварыў. Ды я і не пытаўся. Думаў, пракурор ёсць пракурор, сухі законнік, у якога адно ў галаве. Як жа я памыляўся!..

І за плужком хадзіў, і сена касіў, і карову даіў

Уладзімір і сёння з замілаваннем успамінае, як шыбаваў да сваіх дзядоў у госці. Адзін з іх, Іосіф, жыў у Вялікіх Міцькавічах, другі, якога клікалі Казікам, шчыраваў у вёсцы Дубейкі. Але хлопца нядоўга частавалі прысмакамі. Пасядзеў, адпачыў — і за працу. Не, прымушаць не прымушалі, але ўнук загадзя ведаў свой участак работы. У дзеда Казіка меўся вялікі сад. Заўсёды Уладзік, як ён зараз кажа, калупаўся ў ім. А калі паспявалі яблыкі, здымаў іх. Разам з дзедам здаваў дары восені, хоць і за капейкі, але грошы былі. А калі да дзеда Іосіфа прыязджаў, то абавязкова займаўся бульбай, садзіў, абганяў яе. Хлопцу вельмі падабалася такая работа. Маленькі плужок, конь, крочыш басанож па халоднай зямлі, адступае стома, на сэрцы замілаванне ад зробленага.

— Я не толькі дзядулева поле акучваў, а таксама і калгаснае, — успамінае Уладзімір Міхайлавіч. — У калгасе мне давялося шмат працаваць. Касіў, стагі кідаў. Нарыхтоўваў сена для сябе і для грамадскага статку.

Хто прывіў любоў да працы? У першую чаргу — бацькі. Абодва яны людзі вясковыя. І маці, і тата. Разам Нясвіжскае педагагічнае вучылішча заканчвалі. Там пазнаёміліся, там пабраліся шлюбам. Доўгі час у вёсцы Аношкі сеялі добрае, вечнае. Міхаіл Іосіфавіч загадваў мясцовай пачатковай школай, а маці працавала выкладчыцай.

Дарэчы, бацька будучага пракурора прайшоў усю вайну, дайшоў да Берліна, меў шмат узнагарод. Гэта была неардынарная асоба. Ён адзіны ў раёне чалавек, які выдаваў самаробную газету. І апавядала яна не толькі пра школьныя справы, але і пра жыццё сяльчан, узнімала пытанні і давала парады. Прычым «шматтыражка» капіравалася, раздавалася людзям. Раённае начальства ведала пра яе і падтрымлівала рэдактара. На яго звярнула ўвагу нават кіраўніцтва суседняга Клецкага раёна, стала прыглядацца да Міхаіла Мацэля. А потым прапанавала пераехаць да іх. І тут жа прызначыла на пасаду інструктара райкама. Але журналісцкая справа, напэўна, прыйшлася даспадобы настаўніку-гісторыку. Праз пэўны час ён стаў працаваць загадчыкам аддзела пісьмаў раённай газеты і на мясцовым радыё. І рабіў там да выхаду на пенсію. Толькі потым уладкаваўся ў тутэйшую райсельгасхімію прарабам. І хоць да новай работы было больш за два кіламетры, абставіны гэтыя не сталі перашкодай для ветэрана. Дзесяць гадоў крочыў ён туды і ў добры дзень, і ў непагадзь. Канешне, такiя няўрымслівасць і стойкасць, прага да жыцця і працы не маглі не стаць прыкладам для сына.

— Павінен і сын героем стаць, калі яго бацька герой, — цытуе з усмешкай Уладзімір Міхайлавіч словы песні Пахмутавай. — Героем я не стаў, не з’явілася такая магчымаць. Але многае пераняў ад свайго таты. Галоўнае — любоў да роднага краю, да матулі-зямлі. Не ленаваўся ў Аношках, дапамагаючы маці, рабіў і ў Клецку, дзе нам на вуліцы Гагарына выдзелілі чатыры соткі зямлі.

Гэта работа была любай мне і падчас вучобы ў БДУ. Першы год мы ў Дзяржынскім раёне шчыравалі: гуркі выбіралі, бульбу. Нават карову даіў у той гаспадыні, дзе жыў на кватэры. Часцей за ўсё ў суботу і нядзелю, калі кабета ехала да хворай дачкі ў горад. На другі год нас накіравалі ў Беразіно. Там працавалі ў глухой вёсцы Барсучына, дзе ні радыё не было, ні тэлевізара, ні школы, ні крамы. Ездзілі за сем кіламетраў, каб купіць нечага. Але там вельмі ўрадзіла бульба, якую мы цэлы месяц  выбіралі, грузілі на ГАЗ-52, і я адвозіў яе на мясцовы спіртзавод і адзін згружаў тры тоны.

Не скончылася сялянская работа для мяне і тады, калі я стаў следчым, калі папаў у Мінскую абласную пракуратуру. Памятаю, мы нават нарыхтоўвалі галінкі для корму каровам. Быў такі цяжкі час для сельскай гаспадаркі краіны. У нас быў падшэфны Старадарожскі раён. Туды мы ездзілі тры разы на год. Сеялі, убіралі ўраджай. Але мне больш запомніліся тыя галінкі. Я на іх зарабіў 45 ці 48 рублёў на працягу трох тыдняў. А работа была не з лёгкіх.

А думаеце, лёгкая работа на дачы? Маю шэсць сотак, апрацоўваю, вырошчваю гародніну, садавіну, зяленіва. Еду туды на электрычцы. Машыны ў мяне не было і няма. Спыняецца пасажырскі састаў ля станцыі Садовая. І два з паловай кіламетры шыбую па лесе пешшу. Для настрою і здароўя карысна.

Баян і штанга, і песні ў сінагозе

У яго была вялікая цяга да спорту. Нават калі Уладзімір Мацэль студэнтам стаў, не развітаўся са сваім захапленнем. Пачаў сур’ёзна займацца цяжкай атлетыкай. Штангу цягаў чатыры з паловай гады. Былі поспехі. Меў першы разрад, перамагаў нават кандыдатаў у майстры спорту. Не раз узнімаўся на п’едэстал гонару.

А што тычыцца музыкі, спеваў, то яны таксама родам з дзяцінства. І гэта ўжо па матчынай лініі. Яна грала на скрыпцы і цудоўна пела. Пела хораша і бабуля хлопца. Мабыць, гэта ад іх перадалося. Выступаць са сцэны пачаў у далёкія 60-я гады, калі пераехалі з вёскі Аношкі ў Клецк. А ў раённым цэнтры які клуб быў? Была сінагога, і яна выкарыстоўвалася пад «ачаг» культуры. Там і выступаў Уладзік.

А з чаго ўсё пачалося? З музычнай школы. Бацькі вельмі хацелі, каб сын там займаўся. І сёння ён удзячны ім за гэта. Вучыўся па класу баяна пяць гадоў. І выступаў не толькі ў сінагозе, а ездзіў на ўсесаюзны злёт у Растове-на-Доне і выступіў там удала, былі і раённыя канцэрты. І нават канцэрты на свежым паветры. Неяк яны са сваім братам Валерыем у Асаўцах торф капалі. І працавалі заўсёды з песняй. Як завядуць яе на два галасы, замірала ўся работа на балоце, усе слухалі.

Але вось школа закончана, а закончыў яе Уладзімір на выдатна. І ў 1969 годзе вырашыў паступіць у Мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі. Добра здаў экзамены. А потым нечага перадумаў.

— Я думаю, лёс у мяне быў вызначаны іншы. І ў 1970 годзе паступіў на юрфак БДУ. Але і там я не кінуў свае захапленні: спорт і музыку. Тры разы на тыдзень — штанга, тры разы — спевы ў капэле. Мяне слухаў знакаміты Віктар Роўда і сказаў, што з мяне будзе толк, у мяне добрае будучае. За чатыры гады мы аб’ездзілі ўсю Беларусь, Прыбалтыку, пабывалі ў Львове, у горадзе на Няве, выступалі на ваенных караблях Балтыйскага флоту, нас там нават абедамі частавалі. Ёсць што ўспомніць. Зараз, канешне, не да канцэртаў. Але, калі нейкае мерапрыемства, нейкая нагода, я бяру баян і абавязкова спяваю. Вось зараз мы пачалі рыхтавацца да юбілею беларускай пракуратуры. Маж- ліва, на адным з канцэртаў выступлю і я.

Ведаеце, якое ў мяне было раней жаданне. Вось ездзім мы часта па рэгіёнах краіны, сустракаемся з людзьмі, слухаем іх скаргі, вырашаем пытанні. Ездзілі мы і раней. І мне хацелася ўзяць у дарогу баян і пасля такіх сустрэч зайсці ў клуб ці палац і наладзіць там канцэрт. Паказаць людзям, што пракуроры не такія суровыя, як нехта думае, што яны не толькі законамі жывуць, а ў іх ёсць і захапленні, яны рамантыкі і летуценнікі. Але мара мая так і не ажыццявілася, як і мара пра работу ў сельскім клубе пасля заканчэння музычнай школы. Я, калі вучыўся ў школе, браў баян і ехаў да дзеда на вёску, граў на вячорках, на танцах, а потым і на вяселлях. І гэта мне вельмі падабалася.

Ну а сёння я абавязкова музіцырую на дачы, спяваю, каб не забыць, не страціць форму. Граю і падчас хатняга дзяжурства, ёсць у нас такое ў выхадныя дні. І час праходзіць хутка, і карысць для сябе, і асалода ад сустрэчы з мастацтвам.

А яшчэ ў яго асалода ад роднай мовы, якую ён добра ведае і на якой добра размаўляе, і ад працы на ніве журналістыкі.

— Тут я па бацькоўскай лініі пайшоў, — удакладняе Уладзімір Міхайлавіч. — Пачаў выступаць у газетах і на радыё ў канцы 70-х гадоў. Першыя артыкулы былі надрукаваныя ў газеце Мінскага раёна. Потым мяне сталі запрашаць на Беларускае радыё ў перадачу «Сельская раніца»,  гадоў 20  з ёй супрацоўнічаў. Нават з карэспандэнтамі выязджаў у шэраг раёнаў. У Ляхавіцкім раёне, напрыклад, мы часта бывалі ў калгасе, якім кіраваў Віталь Бусько, ён і зараз там робіць. Збіраюцца людзі ў клубе, вядзем дзелавыя размовы, адказваем на пытанні. Усё выслухаем, запішам, а потым абавязкова паведамляем аб прынятых мерах праз эфір. Я рады, што сустрэўся на радыё са знакамітым дыктарам Мікалаем Чырыкам, ён вельмі любіў мае сатырычныя матэрыялы. Раніцай тады выходзіла праграма «Стракатая пятніца». Яе вялі Мікалай Чырык і Тамара Лонская. Вось яны і агучвалі мае фельетоны і крытычныя карэспандэнцыі, якія выкрывалі і высмейвалі злодзеяў і хапуг, нядбайных кіраўнікоў і марнатраўцаў-спецыялістаў. За тую работу, што я праводзіў, мне старшыня Дзяржтэлерадыё Генадзь Бураў- кін Ганаровую грамату ўру- чыў.

Пра брата-дыпламата, пра дачку маёра і работу да поту

Уладзімір Міхайлавіч часта ўспамінае «харомы» аднаго са сваіх дзядоў. Дах быў пакрыты саломай, якая даўно пачарнела. Там, дзе печ стаяла, падлогі не было. Падлога мелася толькі ў спальні, дзе два ложкі месціліся, а на куце вісеў абразок. І дзед не скардзіўся на сваё жытло.

Не скардзіцца на сваё жытло і Уладзімір Мацэль. Няма катэджа, як у іншых, затое ёсць спакой і згода. З жонкай Святланай Мікалаеўнай яны ў любові жывуць. Разам вучыліся ў БДУ, разам працавалі. Ён — следчым, яна — памочнікам пракурора. Выхавалі двух дачок — Святлану і Таццяну. Старэйшая закончыла інстытут, працуе ў Фрунзенскім упраўленні ўнутраных спраў, даслужылася да маёра. А малодшая пакуль у дэкрэтным адпачынку, падаравала Мацэлю ўнука Арцёмку.

А яшчэ мае Уладзімір Міхайлавіч двух братоў. Хлопцы яны выбітныя. Брат Валерый, з якім ён спяваў падчас нарыхтоўкі торфу, доктар навук, прафесар і ў дадатак дыпламат. Сёння знаходзіцца ў Кітаі. А другі брат Міхась быў дырэктарам школы, у райкаме партыі працаваў, дайшоў да трэцяга сакратара. Цяпер начальнік аддзела ідэалагічнай работы ў Нясвіжскім райвыканкаме.

Так што сям’я зорная. І ніхто за вушы не цягнуў на прасторы жыцця. Сваімі справамі, сваім стараннем дамагаўся ўсяго і ён, ганаровы работнік пракуратуры Уладзімір Мацэль. Не хіста- ўся, не кланяўся, не збочваў з абранага шляху, хаця спакусы былі, ды якія! І пасады высокія прапаноўваліся, і надта хлебныя работы. А ён быў і застаўся адналюбам.

— Работа наша цяжкая, але мы настойліва працуем, працуем да поту і маем добрыя вынікі, — сціпла расказвае пра справы калектыву намеснік пракурора Мінска Уладзімір Мацэль. — За першае паўгоддзе скарацілі злачыннасць у сталіцы на 17 працэнтаў. У нас аператыўна расследуюцца справы. Добра працуем мы і па дазнанні. Не марудзім, няма той цягамоціны, якая так не падабаецца людзям. Тут мы навялі парадак і можам пахваліцца гэтым. Хаця праблем многа, і пытанняў да нас хапае.

Вісарыён Бялінскі казаў, што добра быць вучоным, паэтам, воінам, законатворцам, але варта пры гэтым заставацца чалавекам. Уладзімір Мацэль на ўсё жыццё застаецца ім.

Яўген КАЗЮКІН, «БН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter