Хата

Калi i адкуль узялося гэта кароткае слова, бадай, не адкажаш...

Калi i адкуль узялося гэта кароткае слова, бадай, не адкажаш. Два склады. Удых i выдых, iмгненне i вечнасць, адзiн дзень i ўсё жыццё…

Хата стаяла тут даўно. Калi клаўся першы вянец, была яна яшчэ немаўляткам. Потым вянцы раслi, вышэла i сталела будынiна. Накрыўшыся страхой, стала пазiраць на свет чыстымi шклiнкамi вокнаў. Зараз яна прытулiлася сярод прысад, нiбыта тая кабета, на дзiва яшчэ моцная i здаровая: смалiстыя сцены, загартаваныя маразамi i сцюжамi, вятрамi i дажджамi, час не браў.

У хаце заўсёды было цёпла. У халады — ад печкi, у пагоду — ад сонца. А найперш — ад людзей. Вясной над ёй, каля яе i па-над ёй спявалi птушкi, летам кружылi галаву ўсе пахi разнаколерных кветак, восенню абсыпалася яна залатой i меднай лiстотай, а зiмой па самыя бровы замятаў яе снег.

Хата атуляла ад усяго благога трох чалавек — старых з iхняй дачкой, пястухай Святланай.

Iшоў час, убiралася ў дзявоцкую красу дачка. I неўзабаве хата заспявала i заскакала вясельнымi вясёлымi песнямi i скокамi. Потым супакоiлася, гледзячы то на блiзкi зялёны лясок, то на далёкае блакiтнае неба.

Старэлi бацькi, цяжкавата стала адным. I тады дзецi забралi iх да сябе ў гарадскую кватэру. Хата засталася не безгаспадарная, якiх сёння ў апусцелых вёсках шмат, а застрахаваная на ўсялякi выпадак, зачыненая на ўсе магчымыя замкi i чакаючая прыезду сваiх гаспадароў.

Такая, на думку недасведчанага, iдылiя доўжылася гады, мо, два. I, як сказана, уяўны лад i парадак, iснаваў­шыя ў жыццi Святланы з Дзiмам, не раз парушалiся: нiбы магнiтам, цягнула бацькоў дамоў. I не толькi вясной, але па святах i часта нават па выхадных, калi дзецi былi свабодныя ад працы.

— Што яны там забылiся, — незадаволена бурчэў Дзiма, — вунь колькi аднаго бензiну палiцца, не накупляешся…

— Дык яны ж пенсiю нам аддаюць, — пярэчыла Света. — няўжо мала?

— Досыць, досыць. Толькi пра дарогi забылася. Рэсоры пасля кожнай паездкi мяняць трэба.

— Яны там свой век пражылi. Цябе б з твайго горада перасялiць у вёску, што б заспяваў?

— Нiчога, жыў бы, не рыпаўся. Пабачыш, уцякуць яны ад нас, бо месца сабе не знаходзяць, не дачакаюцца, калi аўто пададуць…

— Жыў бы, канечне. Згодна, дарогi нiкудышныя. Вазьмi iх праедзь. Да кладоў не дабрацца, узарана ўсё, перавернута плугамi, цяжка падняць. Хутка памерлых на руках трэба несцi за два кiламетры. Дзе начальства? Там, дзе было, — у кабiнетах. А людзi прывыкаюць да ўсяго, сядзяць сабе. Прыйшла аўталаўка — i добра.

— Можа, у сельсавет калi заедзем? — прапанаваў Дзiма. — А чаму ты пра клады завяла?

— Таму, што… I нашы старыя не вечныя. Усе там будзем.

Так яно i iшло б далей. Але, калi аднаго разу селi па самыя рэсоры i выкарасквалiся з гразi каля дзвюх гадзiн, цярпенне ў зяця лопнула. «Трэба канчаць з вясковымi падарожжамi цi хаця б ездзiць туды радзей. Толькi вось як?» — стаў думаць i шукаць адказ на пастаўленае пытанне Дзiма.

Адказ прыйшоў сам. Падказалi яго ключы ад хаты, а калi дакладней, адсутнасць iх у кiшэнi пасля адной з паездак.

— Дзе ты iх пасеяў? — злавала Света.

— А чорт iх бацьку ведае, — задумаўся той i раптам аж падскочыў, успомнiў: — На цвiчку пакiнуў пад застрэшкам.

— Ты б iх яшчэ над самым ганкам павесiў! Едзь!

На гэты раз дарога ў вёску здалася не такой гразкай i нават карацейшай, чым заўсёды, бо ў галаве паспеў намер: не замыкаць перад ад’ездам першую палавiну хаты, дзе стаяла дзвюхканфорачная плiта, а ў сенцах — газавы балон, а дзеля адводу вачэй проста закласцi замок.

Вырашана — зроблена. У горад зяць прыехаў з ключамi i не такi сумнаваты, як заўсёды, а нешта насвiстваючы.

Як i раней, маладыя працавалi, а бацькi сумавалi, гледзячы днём раз-пораз праз акно на абрыдлую, тлумную вулiцу, а вечарам слухаючы шал бязглуздых акселератаў пад дахам дзiцячай пляцоўкi i чакаючы дня, калi легкавiчок зноўку пабяжыць па знаёмай дарозе, дарозе дадому. Там засталося ўсё незваротнае, дарагое i сардэчнае разам з iхнiмi салодкiмi i горкiмi ўспамiнамi.

Хата стаяла непарушна. I, калi яны выбiралiся з машыны, здаецца, радасна ўсмiхалася ўсiмi сваiмi вокнамi.

Першым пакрочыў да дзвярэй зяць, адамкнуў iх, i раптам астатнiя пачулi:

— Ах ты! Замка няма. Чакайце, чакайце, пагляджу далей.

Паказалiся з хатулямi астатнiя. З кухнi знiкла плiта, а з сенцаў — балон. I не на знаёмыя старыя абразы ў кутку ксцiлiся гаспадары яе, а на сумную, белую пляму на выцвiлых жаўтаватых шпалерах.

— Вось табе, бабка, i Юр’еў дзень, — пыхкаючы цыгаркай з нейкай толькi яму зразумелай усмешкай прагаварыў стары. — што рабiць будзем?

— Нiчога, пабягу да суседзяў, — падхапiлася старая.

— Бяжы, бяжы, табе адно толькi бегаць, даўно не бачылiся. Можа, i зладзеяў дагонiш, — кплiва падахвоцiў гаспадар. — Толькi далёка яны цяпер, чакаюць недзе свайго часу, а можа, замок нехта не замкне…

— Хто не замкне? Я замыкаў, кажу! — спрабаваў абаранiцца зяць.

— Памяць у цябе, браце, i не кажы. А хто ключы кiнуў пад падстрэшкам? Ды i замкi для сумленных, а не для бамжоў. Яны сёння тут, заўтра там. Адкуль iх столькi развялося. Нядаўна чалавек на вагу золата быў. З гарадоў не iнакш перабралiся, прыстасавалiся лоўка: дач i хат даволi, нагляду анiякага, за дармаедства не судзяць. А ты яшчэ пра агарод, дачка, пра клубнiцы, агурочкi, памiдорчыкi. Абстрыгуць, не даўшы вырасцi.

Вярнулася старая. I не адна, а з суседам i суседкай, якiя жывуць на другiм канцы. Пачалося вохканне, спачуванне, як i бывае, калi дапамагчы няма чым. Але цёплыя словы ў такiх выпадках дарагога каштуюць.

— Як жывяце, расказвайце, — частуючы суседа цыгаркай, запытаў стары.

— Што тут казаць. Вечарам баiмся выйсцi на вулiцу. Данялi нягоднiкi. Як сабак недарэзаных. Поўзаюць, шукаюць, дзе што дрэнна ляжыць, — хваляваўся той. — Узяць бы сабраць такiх у гурт, пасялiць у пустуючых хатах i выганяць чысцiць ад гною кароўнiкi з цялятнiкамi. Плацiць, вядома. Цi так, за ежу?

— I да кожнага мiлiцыянера прыставiць — не варта аўчынка вырабу, — уступiўся Дзiма.

— Але нешта трэба рабiць, — пагадзiлiся ўсе. А гаспадары хаты ў адзiн голас заявiлi, што больш у горад яны не паедуць.

— Толькi закажыце нам газ па сваiм тэлефоне. Нумар ведаеце, грошы бярыце, колькi льга. Растлумачце, папрасiце, каб балон замянiлi.

Праз некаторы час паднядзеленая вапнай печка весела патрэсквала бярозавымi дровамi. На парожку, нiбыта нейкi сфiнкс, сядзеў, прыбегшы ў родны куток, кот i, здавалася, усмiхаўся ва ўсе свае пасiвелыя ад нягод вусы.

Адпраўлялi дачку з зяцем пад вечар. Сонца залацiла ваколiцу, цёплыя промнi падалi на зямлю, лашчылi i налiвалi сiлай кожную, нават самую маленькую травiнку i кветачку, непаседлiвымi зайчыкамi скакалi там i тут. Лагодна пазiралi на ўсё вокны. Нямала пабачыўшы на вяку, яны заўсёды хавалi хатняе цяпло.

— Ну вось, — сядаючы побач з мужам, прагаварыла Света, — цяпер кожную суботу прыязджаць будзем.

— I градкi капаць, — хмыкнуў Дзiма.

— Абавязкова! — шчаслiва засмяялася Света.

Бiбiкнуўшы на развiтанне, знiк за паваротам легкавiк. I не ведалi, едучы ў горад, маладыя, што праз год-другi трохпавярховыя цэхi iхняга славутага завода заселяцца кафэ-барамi, гульнявымi аўта­­матамi i яшчэ нечым патрэбным для хуткай нажывы розным дзялкам, аферыстам i прайдзiсветам, а самi яны ў лiку сотняў такiх застануцца без работы.

Iшла перабудова.

А хата стаяла.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter