Хараство лазовых узораў

Алена Гурэцкая стварае са звычайных пруткоў арыгінальныя і прыгожыя рэчы
Алена Гурэцкая стварае са звычайных пруткоў арыгінальныя і прыгожыя рэчы.

У кожным з вырабаў майстра Алены Гурэцкай —<br />свая эстэтыка і прыгажосцьГадоў дванаццаць таму Алена і не задумвалася нават, якія прыгожыя рэчы можна зрабіць з лазовых пруткоў. Але неяк заўважыла, што вельмі ўжо ўдала ўпрыгожваюць сучасныя інтэр’еры падносы, вазы і нават арыгінальныя куфры з гэтага матэрыялу, а таксама лазовыя бутэлькі і званочкі. І вось сёння вялікую калекцыю работ самой Алены Гурэцкай бачаць шматлікія экскурсанты ў музеі “Дудуткі” пад Мінскам. Апошнія восем гадоў яна заўсёды плённа працуе ў імправізаваным “Горадзе майстроў” на “Славянскім базары ў Віцебску”, з 2002-га — удзельнічае ў рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных выставах і фестывалях.

Талент, прыхаваны да пары да часу, мабыць, у генах — беларусы працуюць з лазой спрадвеку — раскрыўся хутка, яе прынялі ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці. Летась жа атрымала грант і цяпер рыхтуе творы для экспазіцыі ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. Разам з тым выкладае ў Мінскім каледжы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М.Кедышкі.

“Канешне, не заўсёды ўсё атрымлівалася, — прызнаецца наконт свайго майстэрства Алена. — Але калі шмат працуеш, то адточваюцца прыёмы, з’яўляецца вопыт”. Сёння Алене Гурэцкай хапае і чатырох га-дзін, каб сплесці прыгожы кошык. Але перад гэтым трэба нарыхтаваць добры матэрыял. Да таго ж, гаворыць, неабходны ў дадатак цішыня, спакой, асаблівы настрой, жаданне тварыць... “Іншым часам неабходна бліжэй пазнаёміцца і з аб’ектам працы”, — Алена паказвае фотаздымак аднаго са сваіх лазовых буслоў. Больш за год яна збірала пра гэту прыгожую птушку разнастайную інфармацыю… Наведвала заапарк, рабіла там фотаздымкі. Таму і атрымаўся ўрэшце лазовы бусел, вышынёй з майстра, як жывы: стройны, з доўгай дзюбай і размашыстымі крыламі.

Адна з апошніх работ Алены — прыгожыя рамонкі, зробленыя спецыяльна да пачатку вясны. “Людзі ўбачаць іх і, мусіць, адразу ўсміхнуцца”, — спрабуе яна зірнуць у будучыню сваіх лазовых “сонейкаў”. Больш стандартныя Аленіны работы — гэта кошыкі і карзіны. У кожнай з гэтых прыгожых рэчаў ёсць адметная форма, а таксама характар, і нават імя. Дарэчы, некаторыя кошыкі названыя ў гонар першых пакупнікоў: Таццяна, Яніна, Алёнка... Творы Алены зацікавілі і венесуэльцаў, якія захапляліся імі падчас паездкі беларускіх майстроў за акіян: шмат розных арыгінальных формаў — а стыль адзіны! Да таго ж многія са сваіх работ Гурэцкая ўпрыгожвае ўстаўкамі з рагозу, саломкі, каштанамі і керамічнымі пацеркамі, а яшчэ старадаўнім спіральным пляценнем “лаза па лазе”, што надае рэчам яшчэ большую дэкаратыўнасць і вытанчанасць.

Я бачыла Алену ў рабоце і заўважыла, як ювелірна яна працуе, пазбягаючы нейкіх хібаў у гатовым вырабе. І як беражліва абыходзіцца з лазой. “Калі яна, гэтая гнуткая прыгожая кветачка, бывае, зломіцца падчас працы, недзе ўнутры мяне быццам струна ірвецца… Што для мяне лозапляценне? Пэўна, само жыццё…”, — прызналася, калі мы паглыбляліся ў духоўны змест яе справы. Дарэчы, цікавіцца Алена яшчэ вышыўкай, пляценнем паясоў, нацыянальнымі строямі. А з цягам часу часткай яе творчасці стануць, магчыма, кераміка і жывапіс. Я бачыла ўжо на рабочым стале Алены побач з лазовымі вырабамі зробленую ёю гліняную падстаўку для алоўкаў і арыгінальны кветкавы малюнак...

Людміла Мінкевіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter