Халодныя сляды гарачых бітваў

Да 75-х угодкаў пачатку Вялікай Айчыннай вайны пабачыла свет кніга Вадзіма Шораха “Эвалюцыя ўмацаванняў Заходняй Беларусі”
Спадчына з мінулага бывае рознаю. І вось ужо навукоўцы даследуюць адметныя фартыфікацыйныя збудаванні, што засталіся з мінулых часоў на тэрыторыі Беларусі. Асабліва шмат розных аб’ектаў у нас — з XIX-XX стагоддзяў. Між тым раней іх ніхто сістэмна, па сутнасці, не вывучаў. У кнізе, якая нядаўна выйшла, упершыню зроблена такая спроба: сістэмна рэканструяваць час, абставіны, у якіх ствараліся, напрыклад, фарты Брэсцкай крэпасці, а таксама дзоты, бліндажы, агнявыя кропкі. Іх можна пабачыць пад Баранавічамі, Дзяржынскам, у іншых месцах краіны. Мне ж кніга Вадзіма Шораха бачыцца вартай увагі шырокіх колаў чытачоў, гэткім узорам арганічнага спалучэння ваеннага, інжынернага, гістарычнага мыслення. Да месца будзе расказаць пра яе напярэдадні 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны.



Не сакрэт: у любой справе многае вырашаюць энтузіясты. З іх ліку і члены даследчай групы брэсцкіх навукоўцаў “Крапіва” Вадзім Шорах і Віталь Барысаў. Яны даследуюць фартыфікацыйныя збудаванні, прычым генератар ідэй, кіраўнік Вадзім Сяргеевіч Шорах яшчэ і годна выклаў вынікі ў чарговай кнізе. Размова пра гісторыю атрымалася сістэмнаю, глыбокаю, цікаваю. Што, як, калі, кім і чаму ўзводзілася ў заходнебеларускім рэгіёне ў XIX-XX стагоддзі? Пададзена ж храналогія даўніх падзей ў жорсткай прывязцы да канкрэтных людзей, якія мелі ўладныя паўнамоцтвы ў рэгіёне ды імі й карысталіся. А такіх суб’ектаў, як кажуць навукоўцы, можна налічыць пяць. Да Першай сусветнай вайны, як вядома, рэй тут вялі ўлады Расійскай імперыі: бо тэрыторыі былі ў яе складзе. А з кастрычніка 1915 да 18 лютага 1918 года быў тут іншы “гаспадар”: падданыя германскага кайзера Вільгельма II цалкам кантралявалі прастору на захад ад лініі Дзвінск-Паставы-Баранавічы-Пінск. Дарэчы, заходнебеларускія жыхары тую ўладу называюць: “першыя немцы”. Затым тэрыторыя пашырылася і ў такім выглядзе праіснавала да восені 1918-га. Далей была ўлада 2-й Рэчы Паспалітай: большую частку савецка-польскай вайны, а таксама ў 1921-39 гадах Заходняя Беларусь была, можна сказаць, у кіпцюрах “белага арла”. У 1939-м яна ўвайшла ў склад СССР: да заходнебеларускіх жыхароў прыйшлі “першыя Саветы”. Ненадоўга, бо ў 1941-44 гады былі “другія немцы”: гэта трагічны для рэгіёну перыяд германскай акупацыі. Улады параўнальна хутка зменьваліся — і кожны з згаданых “суб’ектаў” узводзіў нейкія фартыфікацыйныя збудаванні.


Ёсць свая суровая эстэтыка ў былых ваенных збудаваннях

Свае даследаванні група “Крапіва” праводзіць, як піша аўтар, збіраючы асноўную інфармацыю ў полі. Потым ідзе супастаўленне яе з дакументальнымі дадзенымі. Дарэчы, нярэдка “на паперы” зафіксавана не тое, што ёсць на мясцовасці. Даследчыкі звычайна імкнуцца адпрэчыць свае эмоцыі, “не ваяваць” з мінулым, быць аб’ектыўнымі, аналізуючы яго сляды.

Вадзім Шорах, асвятляючы пакручастыя сюжэтныя лініі айчыннай гісторыі, праяўляе сябе як сістэмны аналітык. Таму асноўныя этапы ўзвядзення заходнебеларускіх умацаванняў падаюцца ў прывязцы да такіх важных складнікаў ваенна-фартыфікацыйнай палітыкі, як тэхналагічны базіс ваенных арсеналаў дзяржавы, спецыфіка яе ваеннай дактрыны. Бярэцца да ўвагі стратэгія і тактыка абарончых дзеянняў. Дарэчы, шматлікія факты, што ўтвараюць, можна сказаць, станавы хрыбет для аналізу ўсіх этапаў фартыфікацыйных работ, сістэматызаваны ў кнізе. Напрыклад, былі ўмацаванні доўгачасовыя і палявыя, і вельмі цікава прааналізаваны іх характэрныя рысы. Аўтар прыходзіць да высновы, што мэта ўмацавання — не толькі вытрымаць трапленне (куляю ці снарадам, бомбаю), але і адбіць штурм праціўніка, што бывае значна складаней. З тых разваг становіцца зразумелым, чаму ў першай палове XIX стагоддзя ваенныя стратэгі ўскладалі вялікія надзеі “на буйныя крэпасці з шматлікім гарнізонам, якія мелі шмат гармат і ўсё неабходнае для доўгага сядзення ў аблозе”. 

Вучоны аналізуе, як рэфармавалася Брэсцкая крэпасць. Пабудаваная ў 1842-м, яна магла эфектыўна супраціўляцца зброі, якой валодаў тагачасны праціўнік. Аднак прыйшла наразная артылерыя — і павялічылася дальнабойнасць, сіла агню. А зрабіць крэпасць такога памеру, каб яе цэнтр быў недасягальны для варожага абстрэлу — ці ж магчыма? Вучоны нагадвае пра ўрокі, якія далі Расіі праціўнікі ў Крымскай вайне 1853-56 гадоў. Воіны Англіі ды Францыі мелі наразныя штуцэры, і тое значна паўплывала на ход вайны: Расія пацярпела паразу. Не дапамог нават масавы гераізм пры абароне Севастопаля. Засвоіўшы той урок, творцы расійскай абарончай палітыкі ўзялі курс на ўзвядзенне абводаў з фартоў. Вось і аўтар прасачыў, як Брэсцкая крэпасць стала фартоваю. Хоць абводы з фартоў “моцна саступалі цытадэлі ў памерах і прастрэльваліся наскрозь, затое, у адрозненне ад суцэльных валаў і равоў, атачалі вялікую тэрыторыю, у цэнтр якой снарады не заляталі”.


Вадзім Шорах і Віталь Барысаў

У кнізе ёсць цікавыя развагі аб прызначэнні фартоў. Аўтар мяркуе: спачатку яны захоўвалі функцыі артумацаванняў, нагадваючы ўзмоцненыя батарэі, але паступова фарты сталі пяхотнымі ўмацаваннямі. Артылерыю выносілі на асобныя пазіцыі, лепш замаскіраваныя і больш зручныя для вядзення агню. Аўтар робіць выснову: “Памер і колькасць гарнізонных збудаванняў ужо не граюць вызначальнай ролі, важнага разумнага прымянення на мясцовасці ды ўзаемадзеяння ўсіх частак абарончага комплексу”. Ну а пасля Першай сусветнай вайны, прадаўжае Вадзім Шорах, “крэпасці адмерлі як такія, саступіўшы месца ўмацаваным раёнам. Стаўка рабілася на незаўважнасць аб’ектаў ды іх цяжкадаступнасць. Пры тым узбраенне стараліся не аслабляць, а сцены рабіць як мага больш трывала”.

Далей аўтар паказвае, што і “палявая фартыфікацыя развівалася ў тым жа ключы. Розніца была ў тым, што палявыя збудаванні не разлічваліся на прамое траплянне снарадаў. А калі патрабуецца абарона толькі ад куль і аскепкаў, то няма розніцы, якой таўшчыні бетонная сцяна: 50 або 150 см”. Як жа рабілі ўмацаванні ў вермахце і Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі (РСЧА)? Пад час Другой сусветнай вайны па-рознаму: “Немцы ўмацоўвалі свае пазіцыі невялікімі бетоннымі будынкамі, савецкая армія аддавала перавагу дзотам і бліндажам. А паколькі на тэрыторыі Заходняй Беларусі фронт пад час 2-й Сусветнай вайны не стаяў доўга на адным месцы, то працяглых палос абароны, падобных да створаных у 1-ю Сусветную, ніхто не пабудаваў, хоць разрозненых захавалася нямала”.

Кніга выйшла з друку напярэдадні 75-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны. І такім чынам вучоны нібы кажа важкае слова ў дыскусіі на прадмет няўдач РСЧА ў пачатковы перыяд вайны на тэрыторыі Заходняй Беларусі. У кнізе ёсць унікальная табліца “Праект будаўніцтва ўмацаваных раёнаў Заходняй асобай вайсковай акругі на 1940-41 гады”. Аўтар робіць выснову: “Планы па будаўніцтве ўмацаваных раёнаў былі больш чым амбіцыйнымі, але іх рэалізацыя ніяк не можа быць названа паспяховай. Да 22 чэрвеня 1941 года, гэта значыць усяго за паўгода да прызначанага ў планах тэрміну (і пасля больш чым года будаўнічых работ) у стан боегатоўнасці былі прыведзены крыху больш за 7,3% ад неабходнай колькасці збудаванняў”. Прытым вучоны браў у разлік тры віды збудаванняў: агнявыя кропкі, назіральныя пункты, ілжывыя доты.

Што да германскіх умацаванняў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якія зусім слаба вывучаны, то ім  прысвечаны цэлы раздзел “Умацаванні 2-й Сусветнай вайны. III Рэйх”. Па сутнасці, гэта першае ў гістарычнай навуцы асвятленне пытання. Безумоўна, даследчы працэс — на пачатковай стадыі, таму Вадзім Шорах пазначыў, куды рухацца. З аўтарам можна цалкам пагадзіцца, што пра нямецкія аб’екты дакладнай інфармацыі вельмі мала, сустракаецца ілжывая, таму “неабходныя вельмі маштабныя даследаванні як мінімум па ўсёй тэрыторыі Беларусі”. Як бачым, аўтар мысліць сістэмна, смела выходзіць за межы гістарычнага апісання. Між тым усе, хто цікавіцца ўмацаваннямі, гісторыяй Бацькаўшчыны, знойдуць у кнізе канкрэтныя прывязкі да сучаснай мясцовасці. Так што ахвочыя могуць лёгка знайсці ды агледзець кожны згаданы ў кнізе аб’ект. Тым і каштоўнае выданне для турыстаў, а таксама даследчыкаў.

Вучоны б’е трывогу: сучасны стан большасці ўмацаванняў можна назваць аварыйным, яны паступова руйнуюцца. І хто, урэшце, у іх гаспадар? Хочацца, каб і такая спадчына з мінулага не знікла бясследна. Дарэчы, у кнізе — больш за паўсотні здымкаў. Таксама каштоўны матэрыял, і ўсе яны выдатнай якасці, як і 44 чарцяжы, кожны з якіх — вынік карпатлівай працы. Як вядома, толькі ў працэсе стварэння чарцяжа можна ў дэталях вывучыць збудаванне, падрабязна і дакладна яго апісаць. Увогуле Вадзім Шорах выкарыстаў больш за 60 крыніц інфармацыі, з іх 8 — публікацыі самога аўтара.

Так што — віншую калегу, які напісаў цікавую і патрэбную кнігу. Яна, безумоўна, знойдзе ўдзячных чытачоў і ў Беларусі, і ў замежжы. 

Міхаіл Стралец, доктар гістарычных навук, прафесар, г. Брэст
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter