Казка “Бабровай даліны”. Тут можна і хлеб у печы спячы, і па траве-мураве прабегчы

Як толькі ў нашай рэспубліцы стаў развівацца такі папулярны ў Еўропе напрамак, як агра- і экатурызм, ураджэнец Вялікіх Бярозаўцаў Шчучынскага раёна Алег Сямашка не на жарт задумаўся: “А чаму б не паспрабаваць? Мясціны маёй Бацькаўшчыны настолькі маляўнічыя, а гістарычная спадчына настолькі багатая, што варта толькі рукі прыкласці, каб стварыць цудоўны куточак для культурнага адпачынку турыстаў...” А рукі, трэба сказаць, у Алега Мікалаевіча залатыя. Ды і галава светлая. І ахвотна верыш — хутка аграсядзіба ў вёсачцы Кульбачына, што знаходзіцца на тэрыторыі Астрынскага сельсавета за кіламетраў 20 ад Шчучына, стане прыцягальным месцам для тых, хто цікавіцца археалогіяй і наогул гісторыяй роднага краю, або проста хоча прыемна правесці час на ўлонні прыроды. Але не будзем забягаць наперад і раскажам пра ўсё па парадку...

“Каб жа ўбачылі Клаўдзя з Юстынам...”

Трэці год, як Алег Сямашка, купіўшы хату ў сваякоў на ўскрайку вёскі — побач з маляўнічым возерам, па ўсіх правілах абуладкоўвае тут аграсядзібу, стварае на некалі звычайным сялянскім падворку сапраўдныя дзівосы. Адразу падкрэслім, што абраны стыль этнаграфічнай хаткі не пазбаўляе яе ад цывілізаваных выгод. З калодзежа, які гаспадар па-майстэрску ператварыў у арыгінальны каменны дамок, няма патрэбы цягаць ваду вёдрамі — помпа і воданагравальны кацёл забяспечваюць жыльцоў “гарадскімі” зручнасцямі. Львіная доля ўзятага летась ільготнага аграбанкаўскага крэдыту пайшла якраз-такі на абсталяванне шыкоўнага і такога нязвыклага ў вясковай хаце душавога пакою. А вось ва ўсім астатнім літаральна акунаешся ў сялянскі побыт і робіш гэта з такім задавальненнем! Жорны пакруціш, па траве-мураве паходзіш, пеўняў паслухаеш. Вось вятрак, калаўрот, плот-пляцень, стрэшкі з чароту, мноства кветак...
— Сусед Клімовіч воз на драўляных колах спрэзентаваў, а кросны свае з гарышча дасталі, — гаворыць Алег Мікалаевіч. — Для мяне прынцыпова важна, каб усё гэта было не бутафорскім, а насамрэч дзей-нічала. Каб можна было прыйсці да нас і ткаць павучыцца або зерне на жорнах змалоць і цеста з тае мукі расчыніць, хлеб у печы спячы.
Памочнікам і аднадумцам у гэтай справе стала сястра Алега Таццяна Мікалаеўна Федаровіч — чалавек захоплены, з іскрынкамі ў вачах і выключным густам. А яшчэ, як і брат, рука-дзельніца адмысловая.
— Мяне 87-гадовая свякроў Кацярына Юсцінаўна, якая жыве ў суседніх Бярозаўцах, ахвотна кансультуе па ўсіх пытаннях сялянскага побыту. У свой час навучыла і калаўрот заправіць, і прасці, і ткаць... Пры жаданні можа хоць сёння майстар-клас правесці.
...Інтэр’ер гасцёўні з камінам уражвае яшчэ больш, чым падворак. Здаецца, тут папрацаваў таленавіты дызайнер, а насамрэч усё зрабілі самі Сямашкі. Алега Мікалаевіча ў ягонай задумцы падтрымліваюць жонка Ірына і дочкі Аліна і Наташа. Праўда, работа і вучоба ў Гродне не пакідаюць шмат вольнага часу для любімага занятку аграсядзібай.
І ўсё ж тут ужо вельмі многае зроблена, і добразычлівыя вяскоўцы з захапленнем усклікваюць: “Каб здаецца ж Клаўдзя з Юстынам убачылі, якой здатнай іх хата стала! Музей дый годзе!”

Музею — быць!

— Менш за ўсё мне хацелася б, каб мая аграсядзіба аказвала “банна-стаканныя” паслугі, — прызнаецца Алег Мікалаевіч. — Я мару, што тут у перспектыве будуць праводзіцца фальклорныя фестывалі — вунь якое раздолле на беразе возера! Што сюды бу-дзе з’язджацца навуковы люд. У нас жа унікальныя мясціны: зусім побач гарадзішча Х—ХІ стагоддзяў. Тут археолагі праводзілі раскопкі і багата чаго цікавага вынайшлі. Я заключыў дагавор з Гродзенскім музеем, і мне вырабілі муляжы экспанатаў, што былі знойдзены ў нетрах тутэйшага землянога вала, — паказвае свой скарб Алег Сямашка. — А ў падрыхтоўцы краязнаўчых матэрыялаў здорава дапамаглі такія вядомыя гродзенскія навукоўцы, як прафесар Святлана Куль-Сяльвер-става і Сяргей Піваварчык. Менавіта ён у свой час кіраваў тут археалагічнымі работамі. Магчыма, такія навуковыя экспедыцыі будуць мець свой працяг, а наша аграсядзіба стане базай для навукоўцаў, — дзеліцца спадзяваннямі Алег Мікалаевіч.
Дарэчы, па словах Сямашкі, старшыня СВК “Астрына” паабяцаў, што дапаможа сіламі гаспадаркі пракласці ўтрамбаваную сцяжыну да унікальнай гістарычнай мясціны, каб турысты туды і пешшу з камфортам маглі прайсці, і на веласіпедах праехаць.
Прызнаемся, хацелі і мы праз непралазныя хмызнякі ды бурачнае поле трапіць на гарадзішча, але сіл хапіла ўсяго на палову адлегласці. Прыйшлося толькі здаля ўбачыць тое, пра што так захоплена расказвалі Алег Сямашка і Таццяна Федаровіч.

“Тутэйшае возера чысціў яшчэ сам пан Скавінскі”

Сваю аграсядзібу Алег Сямашка назваў “Бабровай далінай”, бо недалёка працякае рачулка Астрынка, дзе бабры адчуваюць сябе гаспадарамі і самавіта будуюць свае хаткі ды запруды. І, паверце, не толькі гараджаніну цікава на тое паглядзець. Алег Мікалаевіч распрацаваў сюды “зялёны маршрут”.
Не давядзецца сумаваць у Кульбачыне і заўзятым грыб-нікам: лес — побач. А рыбакам і наогул лафа: мясцовы фермер Уладзімір Амшэй збіраецца
запусціць у возера малькоў. Аблюбавалі гэты вадаём лебедзі і качкі.
— Мясцовыя старажылы кажуць, што яшчэ пан Скавінскі, якога зачаравалі тутэйшыя відарысы, калісьці чысціў наша возера. Захаваліся рэшткі і панскай сядзібы, купленай у князёў Друцкіх-Любецкіх, — расказвае Алег Сямашка. — Многія з вяскоўцаў памятаюць, як ужо ў наш час з Польшчы прыязджалі нашчадкі Скавінскага, каб падыхаць паветрам Радзімы, а Баляслаў Скавінскі нават адшукаў і наведаў у Кульбачыне сваю няню.
Гаспадар аграсядзібы “Бабровая даліна” любіць не толькі па кнігах, накшталт “Тапонімы апавядаюць”, вывучаць гісторыю родных мясцін, але і па згадках сваіх землякоў, па легендах і паданнях, што прыйшлі з сівой даўніны.
— А яшчэ мне вельмі хочацца, каб пра наш край ведалі ўсе на свеце, — шчыра гаворыць наш суразмоўца. — У бліжэйшы час створым свой сайт у Інтэрнэце, выпусцім буклет, а прымаць гасцей — далёкіх і блізкіх — гатовы хоць сёння.
Спыталі мы і ў мясцовых жыхароў, ці падабаецца ім, што ў іх “ціхую гавань” стануць наведвацца незнаёмцы.
— Мы — народ гасцінны, — сцвярджае Вячаслаў Дабравольскі. — Нам прыемна, што ажывае наша вёска. Няхай бы людзі прыязджалі, куплялі пустуючыя дамы і абуладкоўвалі так, як Алег. Ён у нас малайчына. Мы рады за яго. І гасцям будзем рады.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter