Найбуйнейшая за апошнія 30 гадоў выстава твораў знакамітага мастака, які родам з беларускай Капыльшчыны, адкрылася ў Лондане

Казімір Малевіч за Ла-Маншам

Іван Іванаў

Найбуйнейшая за апошнія 30 гадоў выстава твораў знакамітага мастака, які родам з беларускай Капыльшчыны, адкрылася ў Лондане

malevich.pngВыстава, прысвечаная творчасці сусветна вядомага мастака-авангардыста Казіміра Малевіча (1879-1935), імя якога праславіла Беларусь, працуе ў брытанскай сталіцы. Экспазіцыя ў 12 залах знакамітай галерэі Tate Modern будзе доўжыцца да 26 кастрычніка.

Выстава мае простую, але прыцягальную назву: “Малевіч”. На ёй будзе прадстаўлена больш за 400 карцін у храналагічным парадку. Работы прывезеныя з Расіі, ЗША, Нідэрландаў, Францыі. У Лондане ўпершыню пакажуць і знакамітыя версіі “Чорнага квадрата”, дастаўленыя з Масквы і Санкт-Пецярбурга.

Па словах куратара экспазіцыі Эксіма Борхарда-Х’юм, гэта першая сур’ёзная выстава Малевіча ў Злучаным Каралеўстве. “Наведнікі могуць прасачыць эвалюцыю творчасці мастака. Мы вельмі рады, што можам паказаць у Лондане бліскучую выставу работ геніяльнага Малевіча, у тым ліку знакаміты “Чорны квадрат”,  які ляжыць у аснове сучаснага абстрактнага мастацтва”, — падкрэсліў мастацтвазнаўца.

Казімір Малевіч, як вядома, з’яўляецца заснавальнікам супрэматызму — аднаго з найбольш ранніх праяў абстрактнага мастацтва найноўшага часу. У 1919 годзе Малевіч прыехаў у Віцебск у якасці выкладчыка Народнай мастацкай школы, якая была арганізавана ў горадзе Маркам Шагалам. На беларускай зямлі ідэі супрэматызму, да таго ўжо распрацаваныя Малевічам тэарэтычна і канцэптуальна, атрымалі далейшае развіццё.

Самымі вядомымі працамі мастака лічацца “Чорны квадрат”, “Чорны круг”, “Чырвоны квадрат”, “Скача чырвоная конніца”, а таксама “Супрэматычная кампазіцыя”: апошняя ў лістападзе 2008-га пайшла з малатка на аўкцыёне Sotheby’s за 60 мільёнаў долараў.

zhnei.pngЯкія, аднак, ёсць падставы гаварыць пра беларускія, капыльскія родавыя карані Казіміра Малевіча? Пра тое больш падрабязна ў газеце “Голас Радзімы” пісаў прафесар Адам Мальдзіс — гл: “Казімір Малевіч нарэшце атрымаў беларускую “прапіску”, 19 ліпеня 2007 года. Артыкул ёсць у архіве на сайце нашага выдання. Прафесар, у сваю чаргу, спасылаецца на апублікаваныя ў “Краязнаўчай газеце” (2007, №2, 3) сямейныя паданні фізіка і дыпламата Ігара Малевіча: ён, дарэчы, быў першым кіраўніком дыпмісіі Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Карэя, працаваў у Кітаі. З іх вынікае, што бацька мастака, ураджэнец Капыльшчыны (цяпер Мінская вобласць) Севярын Малевіч актыўна ўдзельнічаў у паўстанні 1863 года і таму вымушаны быў хавацца ад ссылкі ці катаргі па хатах мясцовай шляхты. Калі Казіміру споўніліся тры гады, бацька паехаў, каб зацерці сляды, з сям’ёй ва Украіну, да знаёмага святара з Бабоўні, які ўладкаваўся ў Канатопе ў манастыр і збіраў вакол сябе беглых капылян — можа, адтуль у біяграфіі мастака і з’явілася няпэўнае “нарадзіўся каля Кіева”. Вярнуўся ж Севярын, крыху разбагацеўшы і набыўшы двух валоў, праз дзесяць гадоў на Бацькаўшчыну, дзе стаў старастам капыльскага кушнерскага цэха. І бацька, і сын зноў акунуліся ў беларускасць.

Адам Мальдзіс прыводзіць знойдзеныя фалькларыстам Арсенам Лісам факты, што Севярын Малевіч цікавіўся народнай творчасцю: у 1907 годзе апублікаваў у “Вестях императорской Российской Академии наук” збор беларускіх народных песень, запісаных на Капыльшчыне. Што да Казіміра, то, па словах Ігара Малевіча, ён “ніколі не вывучыць ні ўкраінскай, ні рускай мовы. Усе свае лісты і ўсю сваю філасофію новага мастацтва ён напіша на роднай беларускай мове” лацінскімі літарамі, а “ўвесь свет будзе перакладаць і шукаць адпаведнікі капыльскім слоўцам”.

Дарэчы, мы пісалі і пра тое, што два гады таму выйшла кніга “Казімір Малевіч: Узыходжанне на крыж лёсу” — яе напісаў унучаты пляменнік мастака Ігар Малевіч. У нашай публікацыі, што таксама ёсць у архіве на сайце, такая назва: “Чорны квадрат” — з Белай Русі” (ГР, №18, 2013).
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter