Касманаўты прызямліліся ў Мінску

Аляксей Лявонаў расказаў, як яму калісьці ўратаваў жыццё хлопец з Магілёва, а Валянціна Церашкова прызналася, што ў дзяцінстве гаварыла па-беларускуЛявонаў першы ў свеце выйшаў у адкрыты космас, а Церашкова стала першай жанчынай-касманаўтам. Разам з Гагарыным яны складаюць тройцу піянераў — пакарыцеляў Космасу. У 60-я гады мінулага стагоддзя іх імёны выклікалі трымценне ў сэрцах мільёнаў людзей на ўсёй планеце. А гэтымі днямі людзі-легенды “прызямліліся” ў Мінску. Лявонаў, двойчы Герой Савецкага Саюза, прыехаў, каб адкрыць сваю персанальную выставу ў Нацыянальным мастацкім музеі. Церашкова суправаджала свайго даўняга сябра таксама невыпадкова: тут радзіма яе бацькоў.

Мінская выстава Лявонава — першая на прасторах былога СССР. Між тым касманаўт малюе з тых часоў, калі пра неба яшчэ і не мроіў. Талент прачнуўся ў дзяцінстве, хаця маленства было цяжкае — на мяжы выжывання.
— У 1937 годзе рэпрэсіравалі майго бацьку. Маці з васьмю дзецьмі была выкінута на вуліцу, — раскрываў учора на прэзентацыі ў музеі невядомыя старонкі свайго жыцця Аляксей Архіпавіч. — Уратаваў нас 23-гадовы муж маёй сястры — Антон Хадановіч, які прыехаў у Кемерава з Магілёва. Антон Платонавіч, дачуўшыся пра бяду, адразу вырашыў: “Хай маці з дзецьмі пераязджае да нас!” Так мы і туліліся — 11 чалавек на 16 метрах барака. Праз два гады бацьку вызвалілі, і ён атрымаў побач два пакоі па 18 метраў. Але калі б не беларускі муж сястры, які ўратаваў нас ад голаду і холаду, можа, я ў Мінску цяпер пра гэта не расказваў бы...
Прыезд касманаўтаў у Мінск адбыўся ў Дні культуры Расіі ў Беларусі. Спадарыня Церашкова спецыяльна адзначыла, што мае беларускія карані:
— Мая мама родам з вёскі Ерамееўшчына цяперашняга Дубровенскага раёна, а тата — з-пад Магілёва. Бацькі выехалі ў Цэнтральную Расію ў пачатку ХХ стагоддзя, бо дома не маглі пракарміцца. Усе мае бабулі гаварылі па-беларуску, спявалі беларускія песні. З мяне самой у Яраслаўлі пасмейваліся, калі замест “открой дверь” гаварыла “адчыні дзверы”.
Лявонаў сваю выставу “Зямны і касмічны жывапіс” прысвяціў памяці Хадановіча і дэманструе ў Мінску як знак асаблівай павагі да нашай краіны. Палотны рускага Драздовіча — гэта не толькі касмічныя, але і “звычайныя” краявіды, партрэты людзей.
— Як бы ні было незвычайна на арбіце, свет Зямлі больш разнастайны і непаўторны, — мяркуе творца.
Валянціна Церашкова таксама лічыць, што зямля ў ілюмінатары глядзіцца фантастычна, але ж...
— Чым далей ракета нясе цябе ўгору, тым бліжэй становіцца родная планета, радзіма, — прызнаецца Валянціна Уладзіміраўна. — Лунаючы па-над Зямлёй, вельмі добра разумееш, наколькі важна тое, што злучае ўсіх людзей, і якое нікчэмнае тое, што нас раз’ядноўвае.
Максім Багдановіч, чые маладыя гады таксама прайшлі ў Яраслаўлі, неяк напісаў: “Усе  мы  разам  ляцім да зор”.  У гэтым  да 3 мая змогуць пераканацца ўсе, хто наведае Нацыянальны мастацкі музей і паглядзіць на свет вачамі чалавека, які ўпершыню ў гісторыі выйшаў у адкрыты космас.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter