Археалагічныя помнікі Сярэднявечча выявілі навукоўцы на ўчастку пад будаўніцтва МКАД-2

Каштоўныя знаходкі пры новай дарозе

Археалагічныя помнікі Сярэднявечча выявілі навукоўцы на ўчастку пад будаўніцтва МКАД-2

У Беларусі пры праектаванні новых будоўляў вядуцца археалагічныя даследаванні мясцовасці, у якой яны размесцяцца. Такі клопат дзяржавы пра зберажэнне гістарычна-культурнай спадчыны цалкам абгрунтаваны: у зямлі схавана яшчэ шмат таямніц з мінулага. Пра тое сведчаць і новыя археалагічныя помнікі Сярэднявечча — іх знайшлі навукоўцы пры абследаванні тых мясцовасцяў, па якіх пройдуць чарговыя ўчасткі новай Мінскай кальцавой аўтадарогі — МКАД-2.

Намеснік дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза паведаміў: археолагі цяпер абследуюць участкі пад будаўніцтва другой чаргі МКАД-2: паміж трасамі Мінск-Гродна і Мінск-Брэст. “Мы выявілі і нанеслі на карты больш за дзесяць археалагічных аб’ектаў, помнікаў эпохі Сярэднявечча, — растлумачыў Вадзім Лакіза. — Усяго за час даследаванняў іх знойдзена больш за 20”.

Паглыбленае абследаванне тэрыторыі пройдзе ў другой палове жніўня: завершыцца ўборка збожжавых, зручней будзе працаваць. Вучоныя падрыхтуюць справаздачу для спецыялістаў “Белгіпрадара”, падкажуць, ці трэба нешта мяняць у праекце будаўніцтва, каб абараніць археалагічныя помнікі. Пакуль такой неабходнасці няма. Пры будучай МКАД-2 знойдзены таксама помнікі і прадметы першабытнага часу: крамянёвыя прылады працы.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter