Каша на стале — дабрабыту доме

Каша, як галоўная святочная страва, у абрадавай практыцы беларусаў выкарыстоўвалася шматразова. З-за таго, што для яе прыгатавання патрабавалася ўзяць вялікую колькасць зярнят, яна стала сімвалізаваць урадлівасць, сямейны дабрабыт, гаспадарчы дастатак. Да здольнасці кашы павялічвацца ў сваіх памерах — “расці” — была дапасавана сімволіка росту (прыросту) і багацця. Тым самым было абгрунтавана выкарыстанне кашы ў вясельных абрадах, падчас нараджэння і хрышчэння дзіцяці, а таксама ў кантэксце калядных святкаванняў (у момант пераходу з аднаго года ў наступны), абрадах, звязаных з жывёлагадоўляй, а таксама ў рытуалах, выконваемых пры пабудове хаты. Пры ўсім тым каша стала яшчэ і сакральнай стравай для душ памерлых продкаў, дамавіка, вадзяніка і інш.

Так, усё каляднае святкаванне дзялілася на тры часткі, кожная з якіх мела сваю эмацыянальна-падзейную кульмінацыю і атрымала дадатковую назву “куцця” — па назве спецыяльнай стравы — кашы, якую такім чынам гатавалі толькі адзін раз у год.
Спецыяльна прыгатаваная каша была абавязковай рытуальнай стравай у структуры радзінна-хрэсьбіннай абраднасці. Яе выкарыстанне ў гэты святочны час павінна было забяспечыць нованароджанаму здароўе, шчасце, багацце, а парадзісе — захаваць здольнасць нараджаць і надалей. “Бабіна каша”, якую гатавала бабка-павітуха да хрэсьбіннага застолля, выконвала адну з галоўных роляў, таму ў дадзеным выпадку абрад і атрымаў назву ў гонар галоўнага святочнага атрыбута. Выкуп і дзяльба гэтай кашы сталі галоўным абрадавым стрыжнем сямейна-родавага святкавання.
Кашу, як святочную рытуальную страву, гатавалі і падчас будаўніцтва хаты. Калі ўкладвалі бэльку ў чырвоным куце, то да яе прывязвалі гаршчок кашы, загорнуты ў кажух. Гэта павінна было сімвалізаваць дабрабыт і сямейнае шчасце. Адно з галоўных рытуальных дзеянняў улазін — прыгатаваць кашу ў старой хаце і перанесці яе ў новую, каб з сімвалічнай стравай перайшлі ўдача, дабрабыт і прыбытак.
Прычым з’яўленне кашы на стале ў абрадах, скіраваных у будучыню, было своеасаблівым знакам заканчэння абрадавай трапезы. Зусім наадварот адбывалася тады, калі паміналі продкаў. За жалобным сталом рытуальную трапезу пачыналі з куцці — кашы, прыгатаванай з ячменю з дабаўленнем у яе мёду, маку, разынак, сушаных фруктаў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter