Каша — ежа наша. Каша ў традыцыйнай культуры займала самае важнае месца з ліку ўсіх рытуальных абрадавых страў.

Рытуальную кашу варылі з зерня пшаніцы, ячменю, проса ці грэчкі (практычна ніколі не выкарыстоўвалі зерне жыта), часам — з мукі. Каша сімвалізавала пладаноснасць, дабрабыт і багацце. Здольнасць кашы павялічвацца ў аб’ёме (“расці”) адлюстравана ў яе сімволіцы росту і дастатку. Тым самым матывавалася выкарыстанне кашы ў вясельных абрадах, пры нараджэнні і хрышчэнні дзіцяці, у калядных святкаваннях (у момант пераходу з аднаго года ў другі), у жывёлагадоўчых абрадах, перш за ўсё звязаных з ацёлам, у абрадах, што выконваліся ў час будаўніцтва хаты. Але, нягледзячы на такі шырокі спектр ужывання, каша стала сакральнай стравай для душ памерлых, дамавіка, вадзяніка і г.д.

  • Каша была абавязковай рытуальнай стравай у абрадах радзіннага цыкла, што, па ўяўленнях нашых продкаў, павінна было забяспечыць нованароджанаму здароўе, дабрабыт, шчасце, а парадзісе — пладавітасць і надалей.
  • У некаторых рэгіёнах, калі цялілася карова, таксама варылі кашу, накрывалі святочны стол. Напрыканцы святкавання прыносілі кашу, частку якой абавязкова давалі карове. Пры гэтым казалі: “Каб кароўка бяжала, памыківала, а цялятка пабрыківала”. Каб карова ацялілася і на наступны год, першымі пачыналі есці кашу жанчыны і толькі пасля гэтага мужчыны.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter