На выставе Міколы Бушчыка ў Культурным цэнтры Беларусі ў Варшаве прадстаўлена больш за дваццаць карцін

Карціны — як жывыя

На выставе Міколы Бушчыка ў Культурным цэнтры Беларусі ў Варшаве прадстаўлена больш за дваццаць карцін


М. Бушчык і Э. Швайко
Прыўнесці ў мастацкі твор часцінку ўласнае душы, ды яшчэ прымусіць карціну адгукацца на перамены ў навакольным свеце — пра тое мараць многія творцы. І, пэўна, Міколу Бушчыку, сябру Саюза мастакоў Беларусі, тое ўдаецца. “Жывапіс мастака пераклікаецца з працамі супрэматыстаў, майстроў жывапісу колеру”, — казаў на адкрыцці выставы “Колы мае” дырэктар Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве Эдуард Швайко. Гледачы і цяпер маюць магчымасць самі пераканацца:  у творах майстра ўладараць яркія, аптымістычныя тоны, да таго ж можна доўга любавацца і шматколернымі пераходамі.

Мікола Бушчык піша карціны алеем, стварае і акварэлі ва ўласным стылі. Сапраўды, творы — вельмі эмацыйныя, могуць зачараваць, захапіць, здзівіць гледача. “Змяняецца святло, пара сутак — і мае карціны самі пачынаюць мяняцца... — інтрыгаваў Мікола Бушчык гасцей на выставе ў Варшаве. — Гледзячы на ​​карціну днём, вы бачыце адны вобразы і фарбы, а вечарам — зусім іншыя!”

Ён нарадзіўся ў вёсцы Дзераўная, што ў Слонімскім раёне Гродзеншчыны. Вучыўся ў мастацкай школе ў Краснадары, у Тэатральна-мастацкім інстытуце ў Мінску. Як сапраўдны мастак-патрыёт шмат твораў прысвяціў Радзіме. “Беларуская вёска”, “Бабулькі ў Гродне”, “Слуцкая брама ў Нясвіжы”, “Вечар у Віцебску”, “Звонкі вечар у Слоніме” — на стварэнне гэтых ды іншых карцін яго натхніла родная прырода, памятныя падзеі з гісторыі Бацькаўшчыны. “Мастак і Беларусь — гэта асаблівае перажыванне ў колеры і кампазіцыі, бясконцае ўзаемадзеянне думак, фарбаў і эмоцый”, — прызнаецца творца. І здзіўляе гледачоў мастацкаю моваю ў выказванні пачуццяў, уражанняў ад родных мясцін. Многія з яго карцін захоўваюцца ў дзяржаўных галерэях і прыватных калекцыях, у тым ліку ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Мастацкім музеі Латвіі, Карціннай галерэі Патсдама...

Мікола Бушчык зрабіў больш за 200 выстаў у Беларусі ды за мяжою. На адкрыццё чарговай, якая ў Культурным цэнтры Беларусі працягнецца да пачатку студзеня будучага года, прыйшлі прадстаўнікі культурных устаноў польскай сталіцы, грамадскіх суполак, масмедыя, дыпкорпуса, а таксама калегі Бушчыка: мастакі з Аўстрыі, Германіі, Польшчы, Славакіі, Украіны. Дырэктар Цэнтра Эдуард Швайко адзначыў на вернісажы: вельмі важныя такія праекты для пашырэння беларускага мастацтва за мяжою, развіцця міжкультурнага дыялогу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter