Картофельный праздник планируют провести в воскресенье в Лидском районе

У нядзелю свята бульбы «Бульбачка-беларусачка» плануюць правесці ў аграгарадку Гуды Лідскага раёна. Там чакаюць і выступленне народнага ансамблю народнай музыкі "Гудскі гармонік".


Чым будуць здзіўляць лідскія гаспадыні? Незвычайным рэцэптам падзялілася загадчык Беліцкага дома культуры Тэрэза Шаўлюк. Ці чулі вы пра дранікі-запарнікі? Тэрэза Фёдараўна раіць таркаваць для іх бульбу абавязкова ўручную. Далей запарваем (амаль даводзім да кіпення) сыроватку. Лепей дамашнюю, але можна і з магазіна, толькі без дадаткаў. Заліваем яе ў працертую бульбу (прыкладная прапорцыя: на пяць сярэдніх бульбін 400 мілілітраў вадкасці). Перамешваем, трохі даем пастаяць, каб астыла. Дадаем у гэтую сумесь цёртую цыбулю (сярэднюю галоўку), два яйкі і соль. Размешваем. Напрыканцы пакрыху дадаем муку, звычайна пяць-шэсць сталовых лыжак. Смажыць на тлушчы або алеі.

– Можна такія дранікі-запарнікі падаваць нават з цукрам, – падказвае гаспадыня. – На смак як дранікі, а выглядаюць як аладушкі.


А яшчэ ў аграгарадку гатуюць адмысловыя бульбяныя "цыганкі". Для іх бульбу вараць у мундзірах і таркуюць на бурачную тарку. У посным варыянце зажарваюць з цыбулькай і алеем грыбы, але можна мелка пакрышыць шкваркі і мяса. У пост дабавіць у гэтую сумесь крахмал, а не ў пост яйка і крыху мукі, каб цеста можна было ляпіць, як катлету. Потым падсмажваюць ільняное семя, абвальваюць у ім "катлеты", каб атрымаліся яны чорненькімі, таму такая назва – "цыганкі".

– Я магу есці бульбу ва ўсіх відах і тры разы на дзень, – смяецца субяседніца. – Нават галубцы рабіла з таркаванай бульбай у пост, тушыла іх са смятанкай. Толькі капуста патрэбна не свежая, а заквашаная галоўкамі. Заварочваецца ў такі ліст перацертая і прыпраўленая цыбулькай бульба. І гурок можна падкрышыць, калі душа жадае.

Фото из архива Терезы Шавлюк

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter