Карова – валютная жыла

ЛЕТАСЬ старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат, прыехаўшы на ферму «Азярцы», разгаварыўся з аператарам па дарошчванню цялят Марыяй Рамашка. Бачыў, тая работу любіць, стараецца, а сутачныя прывагі жывёлы не надта высокія: дзесьці грамаў пад 600. Пачаў высвятляць прычыну. Жанчына спачатку замялася, а потым прызналася, чаго не хапала.

Выязныя групы райвыканкама дапамагаюць умацаваць слабыя звенні ў жывёлагадоўлі на Глыбоччыне

ЛЕТАСЬ старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат, прыехаўшы на ферму «Азярцы», разгаварыўся з аператарам па дарошчванню цялят Марыяй Рамашка. Бачыў, тая работу любіць, стараецца, а сутачныя прывагі жывёлы не надта высокія: дзесьці грамаў пад 600. Пачаў высвятляць прычыну. Жанчына спачатку замялася, а потым прызналася, чаго не хапала.

— А калі ўсё будзе — зможаце выйсці на кілаграмовыя прыбаўкі? — пацікавіўся кіраўнік раёна.

— Змагу! — упэўнена адказала жанчына.

Пасля гэтай размовы пад кантролем галоўнага заатэхніка прадпрыемства Алены Завадскай у групе Рамашкі ўкаранілі навейшую тэхналогію кармлення цялят. Хутка сутачныя прыбаўленні ў вазе і сапраўды дасягнулі кілаграма.

Яшчэ адзін прыклад. На ферме «Шыпы» філіяла «Каралі», дзе была праведзена мадэрнізацыя, за год аператары далі прыбаўку надою ад каровы за мінулы год 1066 кілаграмаў і перавысілі шасцітысячны рубеж. На ферме чысціня, парадак, а на падаконніках у жывёлагадоўчых памяшканнях стаяць вазоны з кветкамі.

Я невыпадкова прывёў гэтыя прыклады паспяховай работы асобных жывёлаводаў Глыбоччыны. Менавіта дзякуючы такім вось працаўнікам раён за тры апошнія гады па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі падняўся ў рэспубліканскім рэйтынгу ажно на трыццаць пазіцый.

Але кіраўніцтва раёна, і ў першую чаргу самога Алега Морхата, далёка не задавальняе сярэдзіна, няхай і кажуць, што яна залатая. Ад каровы за год надоена 4118 кілаграмаў малака. Хацелася б, канечне, куды больш. Бо кармоў назапашана дастаткова. Ёсць кадры спецыялістаў і жывёлаводаў. У раёне, як ні ў якім іншым, праведзена і працягваецца маштабная рэканструкцыя і пабудова новых жывёлагадоўчых аб’ектаў. На фермах з’явіліся першыя робаты.

Але мадэрнізацыя, у якую ўкладваюцца вялікія сродкі, пакуль што не дае той аддачы, якой хацелася б. І прычыну перш за ўсё кіраўніцтва раёна і спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама бачаць у парушэнні працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны.

Каб ліквідаваць гэтае слабае звяно, па ініцыятыве райвыканкама створаны чатыры выязныя групы на чале з работнікамі райвыканкама і райсельгасхарчу. Іх задача — не толькі выяўляць недахопы, але і дапамагаць ліквідаваць. Асабіста старшыня райвыканкама ўзяў пад сваё шэфства тры жывёлагадоўчыя фермы ААТ «Глыбоцкая птушкафабрыка», і сітуацыя там рэзка памянялася ў лепшы бок.

Стаўка зроблена на тое, каб усе, пачынаючы ад кіраўніка гаспадаркі і заканчваючы пастухом, усвядомілі, што іх дабрабыт залежыць толькі ад прадукцыі.

— Карова — гэта наша валютная жыла! — не раз напамінае Алег Морхат. — Гэта — наша эканоміка.

У Глыбокім знаходзіцца буйнейшы ў краіне малочна-кансервавы камбінат, які пастаўляе прадукцыю ў 13 краін свету, і толькі за мінулы год ад экспарту ім атрымана 50 мільёнаў долараў. Галоўнейшая задача — забяспечыць камбінат малаком. У яго сыравіннай зоне тры раёны, акрамя Глыбоцкага, яшчэ Браслаўскі і Шаркаўшчынскі. Але амаль дзве трэці малака пастаўляюць мясцовыя жывёлаводы. У бліжэйшым будучым кіраўніцтва раёна арыентуе іх, каб поўнасцю закрыць пытанне з сыравінай толькі сваімі сіламі. А для гэтага трэба выходзіць на 6 тысяч кілаграмаў малака ад каровы ў год.

Такая задача і была пастаўлена на раённым злёце перадавікоў жывёлагадоўлі, які нядаўна прайшоў у Глыбокім і сабраў каля трохсот чалавек. Лепшыя аператары, пастухі, слесары, загадчыкі фермаў, ветурачы, тэхнікі-асемянатары, кіраўнікі гаспадарак атрымалі за плённую працу Падзякі старшыні райвыканкама і каштоўныя падарункі. А яшчэ адбыўся цудоўны канцэрт.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter