Рыгор Сітніца - пра мастацтва, паэзію, музыку і графаманаў

Канцэрт для скрыпкі з завірухай

Рыгора Сітніцы дзень нараджэння 1 студзеня. Святкаваць яго вядомы мастак не надта любіць. І Новы год, гаворыць, таму вельмі спрыяе. Зручна: пасля бяссоннай ночы ўсе спяць да паўдня, калі павіншуе хто, то і добра. А не — таксама няблага, тым больш што насамрэч нарадзіўся ён з 28 на 29 снежня. Але ж сёлета спадару Сітніцу спаўняецца 60. І адзначыць круглую дату ён рыхтуецца адмыслова.

Рыгор СІТНІЦА: «Мая задача — расказаць пра нацыянальную гісторыю сучаснай пластычнай мовай, выкарыстоўваючы свой аўтарскі стыль»
Фота Сяргея ЛАЗЮКА
Простыя  рэчы

— Юбілейны год дае нагоду неяк сябе арганізаваць. Пару месяцаў таму выпусціў альбом «Простыя рэчы»: 140 рэпрадукцый мастацкіх твораў, каля 50 вершаў, фотаздымкі, увесь мой жыццяпіс. З дня на дзень выйдзе кніжка вершаў. Шмат гадоў збіраўся выдаць, але адкладваў — і гэта добра. У выніку ўсё, што туды не павінна было ўвайсці, не ўвайшло. Сам сабе я — таталітарны рэдактар, вельмі сур’ёзныя патрабаванні прад’яўляю: дапісваў, перапісваў, адбіраў. 

А 23 студзеня ў Вялікай зале філармоніі адбудзецца мая аўтарская літаратурная вечарына, назву ёй даў мой верш — «Канцэрт для скрыпкі і завірухі». Ладжу яе разам з сябрамі-музыкантамі — ансамблем салістаў «Класік-Авангард» і гуртом «Палац». Дзве з паловай гадзіны музыкі, вершаў, жартаў.

— Гэта азначае, што ў свеце выяўленчага мастацтва вам цеснавата?

— Даўно, гадоў ужо 25, як гэтыя дзве зусім розныя стыхіі — літаратура і мастацтва — ідуць у маёй творчасці поруч, і адна другой ніколі не замінала. Я нават не магу сказаць, якая з іх галоўная цяпер, можа, і літаратура. Зараз, калі бракуе часу на занятак графікай, жывапісам, якраз яна мяне ратуе неверагодна. Таму што магу апраўдацца перад сабой: не дэградзірую творча, бо акрамя вершаў два раманы ляжаць, адзін напісаны, другі заканчваю, ёсць аповесць, п’еса, пара-тройка апавяданняў. 

Што да музыкі, то і з ансамблем «Класік-Авангард», і з «Палацам» мы ладзілі і раней цікавыя канцэрты, праекты. Так што мне не тое што цесна, мне проста цікава ўсім гэтым займацца. А калі так — чаму ж не рабіць. 

— Мяркуючы па ўдзельніках вечарыны, музыка вам падабаецца розная...

— Сапраўды. Таму і на канцэртах часта бываю. Жартую, што стаў ужо сам сабе білетам: на ўваходзе пазнаюць, вітаюцца. Адно, часу не хапае паўсюль паспець. Вельмі люблю джаз, з пашанай стаўлюся да класікі, харавой музыкі, падабаецца фолк, народныя песні. Я нарадзіўся ў вёсцы. І маці была спеўная, і сястра, і брат, і я гэта люблю. 

— Можа, і на канцэрце спяваць будзеце?

— Лічу, не трэба. У якім застоллі заспяваць «Ой, сівы конь бяжыць» — дык так усе ў нас могуць, лепш ці горш. Спявак — той, хто выходзіць на публіку і робіць сваю справу прафесійна. А вось вершы пачытаю з задавальненнем. Дарэчы, я доўгі час не мог назвацца паэтам. Займаўся вершамі таемна і не збіраўся абнародаваць свае практыкаванні, пакуль Рыгор Барадулін не пачуў. З ім мы шмат гадоў сябравалі, і гэта ён прымусіў мяне выйсці з вершамі на людзі. Наогул, лічу, паэт — гэта больш чым слова і больш чым назва дзеяння. Памятаю, як той жа Барадулін, народны паэт, пра сябе казаў, што не ведае, ці паэт ён сапраўды. Гэта графаман заўсёды паэт. 

Магія  слова

— Чула пра вашу цікавую градацыю рыфмаванай творчасці...

— Я дзялю яе на пяць катэгорый. Самая нізкая — «штука людова». Калі людзі думаюць, што верш напісалі. Напрыклад, звоняць у рэдакцыю: «Нашай мамачцы сёння 70, мы ёй віншаванне напісалі». Чацвёртая катэгорыя — дзікая графаманія. Калі чалавек вельмі любіць займацца вершаскладаннем, але не навучыўся чытаць іншых. У мяне ёсць некалькі такіх падораных кніжак. Бывае, калі ў застоллі заканчваюцца анекдоты, зачытваю. Пад стол лезуць усе ад рогату. Далей — адукаваная графаманія, калі аўтар навучыўся чытаць іншых і стварае вершы «пад кагосьці». У 70-х усе былі Ясеніны, у 80-х — Вазнясенскія, зараз — Бродскія. Другая катэгорыя — вершаваная мастацкая літаратура. Нават у таго ж Бродскага не заўсёды вершы — паэзія. Гэта — вершаваныя эсэ, фантастычна, геніяльна зробленыя. І пятая, вышэйшая катэгорыя — уласна паэзія. Яна можа быць, і невершаваная, і нерыфмаваная, але ў ёй ёсць энергетыка, мелодыя, магія, якая не тлумачыцца словамі. Вось гэта — тое, да чаго трэба імкнуцца.

Арт-аб'екты мастака — самыя простыя рэчы

— З чаго пачалася паэзія для вас?

— Яна была яшчэ са школы і па-руску. Да класа 10-га я вельмі някепска навучыўся гэта рабіць, мне і сёння не сорамна за тыя свае школьныя вершы. Студэнтам пачаў друкавацца. Але да 4-га курса адбылося разыходжанне свядомасці і мовы. Да гэтага часу я ўжо мог няблага пісаць пад Вазнясенскага ці пад Еўтушэнку. Але паўстала пытанне: дзе ж уласны голас і што далей? І я гадоў на 15 літаратурную дзейнасць спыніў. Рабіў з сябе мастака і, трэба сказаць, зрабіў. А гадоў у 40 паэзія пачала вяртацца зноў. Але ўжо іншая, свая і па-беларуску. З таго часу ёю жыву, і з гэтым жыць мне вельмі хораша.

Аўтарскі  стыль

— Няўжо юбілейную мастацкую выставу ладзіць не збіраецеся?

— Будзе восенню. Зараз адной рукой малюю, другой пішу — і гэта не жарт. Працую. Часткова ў экспазіцыі будзе тое, што ўжо бачылі, а яшчэ твораў 30 — новых. Спрабую аднавіцца трохі.

— Свайму аўтарскаму стылю не здрадзілі?

— Не, канечне. Яго я вельмі даўно і паслядоўна распрацоўваю. Ён спалучае, здавалася б, зусім неспалучальнае: элементы канструктывізму і супрэматызму з амаль гіперрэалізмам, максімальнай дакладнасцю, нават большай, чым фатаграфічная. Гэты прынцып дазваляе надаць пэўнаму аб’екту глыбокую сутнасць вобраза, сімвала, знака. Не губляючы сваёй пазнавальнасці, ён пачынае набываць рысы новай рэальнасці. Я наўмысна выкарыстоўваю самыя простыя рэчы, якія звычайна не ўспрымаюцца як арт-аб’екты, — плот, бульбіна, цыбуліна, абшарпаныя дзверы, сцяна. Я ніколі не буду маляваць прыгожы катэдж ці палац. Пахілены хлеў з дзіравым дахам мне больш цікавы, бо любое старое — гэта гісторыя, энергетыка, глыбіня, лёс.

Зараз вось раблю серыю «Настальгія», каб, умоўна кажучы, слязу падпусціць: стары будынак, бязлюддзе, ганак у павуцінні і пыле. Так бывае, калі вяртаешся туды, дзе доўга не быў... Не ведаю, ці ўдасца ў той меры, як хочацца, перадаць тыя эмоцыі. Змяніў жа матэрыял. Былі папера і аловак, цяпер — палатно і акрыл, а гэта — новыя задачы, нават вучнёўства нейкае. 

Але рэвалюцыйных крокаў чакаць не варта. У творчасці я паводжу сябе так, як гэта ўласціва беларускаму характару, — запрагаю паціху і, калі бачу, што выспявае маё, адпаведнае маёй існасці, рухаюся наперад. Толькі тады творы будуць праўдзівымі і цікавымі.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter