«Канкурэнцыя прыдае нам моцы»

Адных прыватных ужо за сотню, падобнага няма ні ў адным райцэнтры краіны. Здавалася б, пры такіх умовах мясцовай спажывецкай кааперацыі прыйдзе канец.

Чалавек, які ўпершыню прыязджае ў Глыбокае, нярэдка губляецца: амаль на кожным кроку — магазіны.

Адных прыватных ужо за сотню, падобнага няма ні ў адным райцэнтры краіны. Здавалася б, пры такіх умовах мясцовай спажывецкай кааперацыі прыйдзе канец.

Але гэтага не толькі не здарылася, а, наадварот, яна адужэла і яшчэ больш расквітнела. Вось некалькі лічбаў. За пяць апошніх гадоў у развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы райпо ўкладзена 25,5 мільярда рублёў інвестыцый, з якіх 55 працэнтаў — уласныя сродкі. Атрымана прыбытку ад рэалізацыі 9 мільярдаў рублёў. Усе галіны дзейнасці  рэнтабельныя.

Сакрэт — у метадах работы глыбоцкіх кааператараў: чым мацней канкурэнцыя, тым больш дастойны адказ яны даюць, вышукваюцца новыя рэзервы, тым самым павышаецца ўзровень гаспадарання.

Марына Толкач

І тут нельга не сказаць некалькі добрых слоў пра старшыню Глыбоцкага райпо Марыну ТОЛКАЧ, творчую, смелую, часам рызыкоўную і разам з тым вельмі разважлівую. Яна знаходзіць грошы, здаецца,  на пустым месцы. Пакуль яе калегі яшчэ раздумваюць, яна дзейнічае. Здолела стварыць каманду аднадумцаў.

Сапраўднае свята для яе, калі завершана нешта важнае, вялікае для людзей. Тады ў вачах загараецца агеньчык, а твар азарае прываблівая ўсмешка. Так было пры адкрыцці гандлёвага цэнтра «Родны кут» у Глыбокім на Дзень пісьменства, так было, калі адкрывалі новыя крамы ў аграгарадках Ломашы, Празарокі, Петрунова.

Марына Анатольеўна — заслужаны работнік спажывецкай кааперацыі Рэспублікі Беларусь. У гандлі — тры дзясяткі гадоў. З іх амаль палову — старшыня райпо. Нядаўна яе зноў перавыбралі на гэтую пасаду.

— Марына Анатольеўна, аб’екты спажывецкай кааперацыі ў Глыбокім змянілі сваё аблічча, кожны адметны сваёй архітэктурай. Ну а на гандлёвы цэнтр «Родны кут» нават прыезджыя глядзяць, як на нешта касмічнае. Абышоўся ён вам у «капеечку», калі не памыляюся, у 10 мільярдаў рублёў. Але ж неўзабаве тут жа, за якіх сотню крокаў, адчыніў дзверы і велізарнейшы «Еўраопт». Глыбоцкім кааператарам прадракалі поўнае банкруцтва праз некалькі месяцаў. Але мінуў год, пайшоў другі — нічога страшнага не здарылася. Як вытрымліваеце канкурэнцыю?

— Сёння «Еўрагандаль», «Еўраопт» — самыя буйныя як у Беларусі, так і ў нас. І канкурыраваць з імі можна толькі цаной, каб яна была рынкавай, прыймальнай для пакупніка. Што мы і робім. Па-першае, дэталёва працуем над аўкцы- ённым пакетам, стварэннем такіх пазіцый, згодна з чым можна рэгуляваць цану на ўзроўні канкурэнта. У рэспубліцы створаны «Лагістычны цэнтр Белкаапсаюза», дзе мы атрымліваем тавары: цытрусавыя, кандытарскія, віно вінаграднае, рыбную прадукцыю і іншае па даволі прыймальных канкурэнтназдольных цэнах. Па-другое, і, можа, самае галоўнае, цесна супрацоўнічаем з мясцовымі вытворцамі прадукцыі. Да таго ж прымяняем не такую вялікую надбаўку. І ў выніку аказваецца, што цана ніяк не большая, чым у тым жа «Еўраопце», а бывае нават наадварот.

Прадаём тавары і ў крэдыт на больш выгадных умовах: на 3—4 месяцы з першапачатковым узносам 25 працэнтаў без налічэння працэнтаў за сам крэдыт. Гэтыя ільготы пакупнікам дазваляюць нарошчваць аб’ёмы таваразвароту. Увагу ўдзяляем наяўнасці тавараў з упакоўкай брэнда спажыўкааперацыі «Родны кут». Штодзённа праводзім акцыі па продажу 10—15 відаў прадукцыі найбольш запатрабаванага асартыменту — кандытарскіх і макаронных вырабаў, кансерваў, мяса- і рыбапрадуктаў — па цане, ніжэй першапачатковай. Тры магазіны «Родны кут», якія працуюць у райцэнтры, далі за мінулы год 26 мільярдаў выручкі, што складае 15 працэнтаў таваразвароту ўсяго райпо.

— Ці не здарылася так, што, удзяляючы такую ўвагу гораду, у чымсьці абышлі вёску?

— Ні ў якім разе! Наадварот, таваразварот на сяле складае ў нас 53 працэнты. У 15 аграгарадках капітальна адрамантавалі і поўнасцю перааснасцілі магазіны. Адчынілі новыя, так называемай крокавай даступнасці, у Празароках і Петрунова. У вясковых крамах устанавілі 150 адзінак халадзільнага абсталявання.

У піцэрыі. Повар Святлана ТРАЦЦЯК.

Стацыянарныя магазіны патрабуюць капітальных укладанняў: дзесьці падцякае дах, там патрэбна замена вокнаў і дзвярэй. І ўсё гэта мы робім. Штогод «падцягваем» тэхнічна каля двух дзясяткаў сельскіх магазінаў. Яшчэ адзін важны момант падтрымкі вёскі — закуп лішняй прадукцыі з падсобных гаспадарак. Мы мадэрнізавалі сваё гароднінасховішча, уклаўшы ў яго мільярд рублёў. Гэта дазволіла нам закупіць летась сельскагаспадарчай прадукцыі за ўласныя сродкі больш чым на 14,3 мільярда рублёў. На жаль, большую яе частку, на 10 мільярдаў, набылі за межамі раёна і нават вобласці, бо мясцовая была не заўсёды належнай якасці. Каб выправіць становішча, праводзім актыўную работу па рэалізацыі мясцоваму насельніцтву раяніраваных сартоў насення бульбы, гародніны, пладоў, саджанцаў пладовых дрэў. У гэтым нам актыўна дапамагаюць сельскія Саветы, арганізуючы вясеннія кірмашы. Заключаем дагаворы з гаспадарамі падворкаў, а таксама з фермерамі на вырошчванне адпаведнай якаснай прадукцыі. Напрыклад, у Вячаслава Сапрончыка, фермера са Станулёў, купляем парэчку чырвоную і чорную, маліну. Дарэчы, мы пачалі папярэдне фінансаваць нашых здатчыкаў, выдаючы ім пад будучую прадукцыю мінеральныя ўдабрэнні, насенне. Дапамагаем таксама асобным сельгаспрадпрыемствам з «прыцэлам» на іх прадукцыю. У прыватнасці, на сёлетняй вясенняй пасяўной адпускаем Глыбоцкаму аграсэрвісу прадукты ў крэдыт, а нашай падшэфнай гаспадарцы ААТ «Чарневічы» адрамантавалі рухавік да трактара. Прымаем удзел у навядзенні парадку ля жывёлагадоўчых фермаў.

— Паўсюдна на вёсцы праслежваецца наступная тэндэнцыя: стацыянарныя магазіны закрываюцца. Тлумачэнні стандартныя: адны страты, не хапае кадраў. У вас жа пазначыўся адваротны працэс: пачалі працаваць на вёсцы замкнутыя раней крамы. Пра Мосар не кажу, там шмат турыстаў. А вось узяць Ластавічы. Нават не аграгарадок, і насельніцтва там не так ужо многа...

— Закрываюцца, як гэта ні балюча, крамы і ў нас. А з Ластавічамі такая гісторыя. Мы сапраўды там закрылі магазін. Насельніцтва — 70 чалавек. Да таго ж пры дарозе прамы маршрут аўталаўкі. Але сітуацыя памянялася, таму што вырасла вытворчая база тутэйшай гаспадаркі. З’явілася нават малочна-таварная ферма з робатамі. Значыць, прыедуць новыя людзі, вёска будзе далей развівацца. Да таго ж у яе  шмат дачнікаў летам. Аднак апошняй кропляй стала выказванне старшыні райвыканкама Алега Морхата: «Ці не думае райпо з магазіна ў Ластавічах музей зрабіць?» Нас гэта закранула. І сёння нават да прыезду дачнікаў месячны таваразварот у гэтым магазіне ўзрос у тры разы, з 30 мільёнаў рублёў да 100 мільёнаў. Такое ж прадпрыемства мы зрабілі ў гаспадарцы ў Абрубе — Ластавіцкім. У аграгарадку Ломашы адчынілі па просьбе жыхароў прамтаварную краму... У кожным канкрэтным выпадку мы адпрацоўваем сітуацыю, так бы мовіць, кропачна. Прыкідваем, колькі насельніцтва? Які даход?..

У цырульні «Ледзі». Цырульнік трэцяга разраду Наталля РАМАНЧУК.

— І ўсё ж палачкай-выручалачкай для вяскоўцаў, што б там ні гаварылі, з’яўляюцца магазіны на колах?

— Так, у нас ёсць 11 аўтамагазінаў. Запланавана набыць яшчэ два новых. У трох аўтамабілях будзе заменена халадзільнае абсталяванне. Асартымент тавару даведзены да 140 найменняў. Аснашчанасць аўтамагазінаў дазваляе рэалізаваць цэльнамалочную прадукцыю, каўбасныя вырабы. І хаця сярэднямесячны таваразварот на адну аўталаўку  —  123 мільёны рублёў, або на 12 працэнтаў вышэй сярэднеабласнога, аўтамагазіны стратныя з-за вялікага расходу гаруча-змазачных матэрыялаў. Замест абслугоўвання па норме адзін аўтамагазін на 15 вёсак — даводзіцца 20. У некаторых вёсках пражывае па 2—3 чалавекі. Яшчэ адно пытанне — прыватныя «карабейнікі», якія ездзяць несанкцыянавана, без абумоўленасці месцаў гандлю. Маўляў, еду, куды хачу, і прадаю, дзе хачу. Я разумею, што сёння павінны быць усе формы ўласнасці. Але па закону.

— Марына Анатольеўна, як вы сказалі, аўталаўкі стратныя. Але ж гэтыя страты вы нечым перакрываеце?

— Тым жа горадам. Увагу ўдзяляем развіццю грамадскага харчавання. Адчынены тры новыя аб’екты на 158 пасадачных месцаў: кафэ «Стары горад», кафэ прыдарожнага сэрвісу «Сытая гавань» і «Піцэрыя». Апошняя займае 120 квадратных месцаў. У ёй ёсць усё неабходнае абсталяванне для прыгатавання піцы: стол з электроннай сістэмай кіравання, печ, цестараскатачная машына. А таксама фрызер для марожанага, кофемашына, міксер для кактэйляў, сокаахаладжальнік, машына для вырабу фруктовага лёду. Дзейнічае ў нас аўташкола, якая мае чатыры аўтамабілі і ў якой рыхтуем вадзіцеляў катэгорыі «В». Штомесячна ў ёй займаюцца 60 чалавек. Працуюць дзве цырульні, більярдны клуб «Бонус». Аказваем рытуальныя паслугі. Словам, хочаш жыць — умей круціцца.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ».
Фота аўтара

УПН 300019805

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter