Камянецкае памежжа

Прыгожы край ля мяжы з Польшчай заўсёды быў у віры падзей. Праз яго пралягалі шляхі з Брэста ў Гародню і з Кракава ў Вільню.

Прыгожы край ля мяжы з Польшчай заўсёды быў у віры падзей. Праз яго пралягалі шляхі з Брэста ў Гародню і з Кракава ў Вільню.

Тут польскі кароль Ягайла прымаў паслоў Папы Рымскага. На гэтай зямлі нашы продкі рыхтаваліся да важнай Грунвальдскай бітвы. На Камянеччыне была пастаўлена і апошняя кропка ў гісторыі Савецкага Саюза. Гэта зямля вытрывала ўсё, як прастаяла шэсць стагоддзяў і мясцовае дзіва — запаветная Белавежская пушча. І, як векавы лес, яна пусціла парасткі — тое і тых, што славяць сёння не толькі Камянеччыну, але і ўсю Беларусь.

Камянецкая вежа

Прыкладна на 30 метраў узвышаецца над наваколлем гэты цагляны слуп, размешчаны на высокім ўзгорку ля паўнаводнай калісьці рэчкі Лясной. Бы шахматная ладдзя, Камянецкая вежа ў мінулыя стагоддзі шмат разоў станавілася важнай фігурай у палітычных гульнях за кантроль над мясцовым краем. Але разам з гэтым, як і ладдзя Уладзіміра Караткевіча, гэтая вежа аддавала даніну адвечнасці і лучыла мінуўшчыну з сучаснасцю. Такія слупы, якія яшчэ называюць данжонамі, будавалі непадалёк ад феадальных замкаў на выпадак аблогі ворагаў. Шматлікія напады вытрымалі не ўсе вежы, у Еўропе іх захаваліся адзінкі. Камянецкая вежа, пабудаваная, згодна з паданнем, у XIII стагоддзі майстрам па імені Алекса, цяпер адзіны данжон у Беларусі. Зразумела, што феадалы цяпер у вежы не жывуць. З 60-х гадоў мінулага стагоддзя ў ёй размясціўся музей. Узняўшыся па вінтавой лесвіцы, можна паглядзець экспанаты — помнікі даўніны, які лучаць нас з продкамі і накіроўваюць на адвечным шляху ў будучыню.

Падвоенае ткацтва

У некаторых хатах на Камянеччыне можна ўбачыць дзіўныя дываны. Іх называюць падвоенымі. Спецыялісты кажуць, што сакрэты гэтага мастацтва захаваліся толькі ў гэтым краі. Кожны дыван нібы складзены з дзвюх асобна тканых двухколерных тканін, з’яднаных між сабой у месцах узору і ўздоўж яго краёў. Прадзеныя ўручную ваўняныя ніткі надаюць дывану пэўную пругкасць, а ўзорам — рэльефнасць. Можна не ва ўсім вытрымліваць старажытную тэхналогію і ткаць з фабрычных нітак. Амаль што страчанае майстэрства на Камянеччыне спрабуюць аднавіць. Напрыклад, у Падбельскім селькім Доме культуры сваімі сакрэтамі ткацтва дзеліцца Надзея Грыцук.

Сядзіба Дзеда Мароза

Сядзіба беларускага Дзеда Мароза, размешчаная ў Белавежскай пушчы, бы магніт прыцягвае гасцей не толькі з розных куткоў нашай краіны, але і замежжа.

 

Чароўнае выратаванне жыхароў вёскі Ражкоўка

Ікону Маці Божай з дзіцем, якая ўжо больш за паўстагоддзя абараняе Ражкоўскую царкву, многія лічаць цудадзейнай. Менавіта яна, лічаць вернікі, захавала храм ад разбурэння ў савецкі час. Калі б не заступніцтва Маці Божай, то і самой вёскі сёння магло б і не быць, яе мог напаткаць пакутны лёс Хатыні. “Мы апынуліся каля глыбокай ямы, — так узгадвала падзеі верасня 1942 года відавочца Марыя Пратасевіч. — Немцы аддалі загад стаць усім на калені паўкругам. З супрацьлеглага боку карнікі падрыхтавалі да стральбы чатыры кулямёты на танкетках. Мы ў роспачы пачалі шаптаць малітвы”. І збавенне прыйшло з неба. На самалёце прыляцеў нямецкі афіцэр, які аб’явіў аб памілаванні. Каб аддзячыць святой заступніцы, у вёсцы яшчэ да зімы пабудавалі царкву. На яе адкрыццё спецыялна прыехаў той нямецкі афіцэр і падарыў ікону, на якой быў адзначаны памятны дзень: “28.9.1942”.

Першы прэзідэнт Акадэміі навук Усевалад Ігнатоўскі

Як у Белавежскай пушчы дрэвы-волаты сваімі каранямі надзейна трымаюцца за камянецкую зямлю, так і жыццё многіх славутых асоб было непарыўна звязана з гэтымі мясцінамі. Шмат карыснага для Камянеччыны і ўсёй Беларусі зрабіў першы прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі Усевалад Ігнатоўскі. Ён нарадзіўся 19 красавіка 1881 года ў вёсцы Такары ў сям’і народнага настаўніка. Усевалад Ігнатоўскі пражыў толькі паўстагоддзя, але паспеў пакінуць пасля сябе багатую спадчыну — звыш 30 навуковых работ. Як навуковец і грамадскі дзеяч ён адыграў значную ролю ў развіцці беларускай гістарычнай навукі, рэалізацыі палітыкі беларусізацыі і ўзбуйнення БССР.

Санаторый  “Белая вежа”

Гэты санаторый для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў у пэўным сэнсе ўнікальны для Беларусі. І не толькі па сваім профілі. “Белая вежа” — гэта сапраўдны аазіс у індустрыяльным свеце. У радыусе 40 кіламетраў ад яго няма ніводнага прамысловага прадпрыемства.

Белавежская пушча

Рэліктаваму лясному масіву, у якім запаветны рэжым быў аб’яўлены яшчэ шэсць стагоддзяў таму, зайздросцяць жыхары многіх краін Еўропы. Белавежская пушча перажыла шмат выпрабаванняў, але дзякуючы клопату добрых людей і сёння працягвае жыць і здзіўляць, як здзіўляе і вабіць  сапраўдны гаспадар Белавежы — зубр.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter