Камень спраўджаных жаданняў

Першым на маю просьбу расказаць пра цуды свайго раёна адгукнуўся загадчык аддзела ідэалагічнай работы Брагінскага райвыканкама Ігар Самбук: “Па-першае, гэта руіны замка Вішнявецкіх каля вёскі Тэльман і вельмі прыгожы парк вакол руін маёнтка. У закінутым парку захаваўся незвычайны валун — камень Кахання, які мае сваю легенду. Кажуць, у свой час князі Вішнявецкія далі прытулак бегламу манаху Грышку Атрэп’еву, які ў часы смуты ў Расійскай дзяржаве стаў Ілжэдзмітрыем Першым.

Паводле легенды, на гэтым камні ён сядзеў з Марынай Мнішак, якая менавіта тут паставіла ўмову: зробішся царом — вазьму з табой шлюб. І ён выканаў патрабаванне. Да камня часта прыходзілі закаханыя папрасіць дапамогі, многія імкнуліся захапіць кавалачак валуна ў якасці талісмана, таму з гадамі ён значна паменшыўся ў памерах. Другі цуд Брагіншчыны — метэарыт, адзін з найбольшых асколкаў вялікага метэарыта, рэшткі якога знаходзілі ў 1810-х гадах. Гэты метэарыт вагой  36 кілаграмаў Сяргей Ціслянок адкрыў у 60-х гадах мінулага стагоддзя. Падобных камянёў касмічнага паходжання з жалезна-нікелевага сплаву на планеце ўсяго некалькі экземпляраў. І адзін з іх можна ўбачыць у Брагінскім музеі. Яшчэ адзін цуд — каля дзесяці карэльскіх чорных бяроз растуць на тэрыторыі Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Цікава таксама, што ў цэнтры Брагіна захавалася гарадзішча X стагоддзя, што сведчыць пра старажытную гісторыю края. Незвычайная мясціна — парк каля вёскі Асарэвічы, дзе калісьці размяшчалася сядзіба графа генерал-лейтэнанта Іосіфа Юдзіцкага. Падчас прагулкі па парку можна адкрыць для сябе рэдкія віды дрэў і ўбачыць экзатычныя расліны. Незвычайны экспанат, якому больш за чатыры стагоддзі, захоўваецца ў нашым музеі. Гэта драўляная даразахавальніца, апрацаваная пад мармур. Звычайна гэты прадмет царкоўнага рыштунку выраблялі з камня. Спецыфіка нашага раёна, які знаходзіцца на самым поўдні краіны, у тым, што тут захаваўся своеасаблівы строй народнага адзення, у якім спалучаюцца ўкраінскія і беларускія традыцыйныя элементы. У некаторых вёсках, напрыклад Верхнія і Ніжнія Жары, сталыя людзі дагэтуль апранаюць прыгожую саматканую вопратку, захоўваючы шматвекавыя традыцыі палешукоў”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter