Камароўскі клімат. У першым у краіне вясковым бізнес-інкубатары, які з’явіцца на Мядзельшчыне, будуць вырабляць прысмакі, рамантаваць аўтамабілі і, магчыма, распрацоўваць камп’ютарныя праграмы.

Новыя прадпрыемствы, якія змогуць размясціцца ў адрамантаваных будынках, што раней выкарыстоўваліся мясцовым калгасам, атрымаюць плошчы ў арэнду па льготнай цане і падтрымку з боку спецыялістаў у сферы падаткаабкладання, бухгалтарскага ўліку, прыцягнення інвестыцый і іншых. “Камарова знаходзіцца ў Нарачанскім краі, — тлумачыць кансультант мясцовага цэнтра развіцця сельскага прадпрымальніцтва Эдуард Вайцяховіч. — Таму асноўны акцэнт плануецца зрабіць на бізнес, які будзе прапаноўваць паслугі для турыстаў”.
Бізнес-інкубатар стане і добрай пляцоўкай для практычнага навучання асновам прадпрымальніцтва. Такі вопыт змогуць набыць навучэнцы мясцовага аграрнага ліцэя, а таксама школьнікі з наваколля.
“Цяпер у Беларусі дзейнічаюць толькі 12 бізнес-інкубатараў, пераважна яны размяшчаюцца ў вялікіх гарадах, — паведаміла начальнік упраўлення дэпартамента па прадпрымальніцтву Мінэканомікі Тамара Ахраменка. — Неабходна, каб такія структуры стымулявалі развіццё малога бізнесу і ў малых гарадах, у сельскай мясцовасці”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter