Калядны падарунак для дваіх

Мяркую, усе, нават зусiм дарослыя i самыя сур’ёзныя таварышы са мной пагодзяцца: у гэты незвычайны па настроi адрэзак часу памiж аднымi i другiмi Калядамi, акурат пасярод якога выпадае Новы год, вельмi хочацца нейкага цуду. Ды не, нават не проста хочацца, яго ўтрапёна чакаеш, здаецца, што абавязкова павiнна здарыцца нешта незвычайнае, добрае, што калi не пераверне жыццё з ног на галаву (цi наадварот), дык надоўга запомнiцца... Мiнае Новы год за Новым годам, цуду не здараецца, i ўжо сам не ўспомнiш, у якое з тых мiнулых святаў ты з сумнай iронiяй канстатаваў для сябе i для астатнiх: “Я не веру ў Дзеда Мароза”... А цуду ўсё роўна чакаеш, хоць i не верыш.

А вось наша кампанiя ў калядныя дзiвосы верыць. З нядаўняга часу з мiнулай вясны. Пасля таго як адна наша сяброўка замуж выйшла. Вось дзiва знайшлi, скажаце. Дзiва, ды яшчэ якое. Самi мяркуйце...
Пачалася гэта гiсторыя гадоў дзесяць назад. Святлана толькi скончыла фiзфак i па размеркаваннi паехала працаваць у вясковую школу на Мiншчыне. Ёй, карэннай жыхарцы сталiцы, якая i кароў жывых бачыла толькi па тэлевiзары, усё здавалася незвычайным i надзвычай цiкавым. Не засмучалi яе нават бытавыя праблемы: у бабулi, дзе кватаравала, усе выгоды былi на вулiцы, печка палiлася дрывамi, а па ваду даводзiлася хадзiць да суседскага калодзежа... Пра ўсё гэта Святлана нам расказвала весела, пакеплiваючы з уласнага няведання цi няўмеласцi, калi збiралiся на выхадныя ў якой мiнскай кавярнi.
Iншая справа вучнi. Асаблiва хлопцы з выпускнога класа. Ну нiяк не хацелi яны нашу худзенькую маленькую Светку прымаць за настаўнiцу. Якiх толькi жартаў, нярэдка нават зусiм непрыстойных, яна ад iх на ўроках не наслухалася, чаго толькi не вытваралi ў яе на лабараторных, а ўжо колькi прыбораў з кабiнета фiзiкi папсавалi... Трэба аддаць нашай сяброўцы належнае: яна пра тое нiколi нiкому, акрамя як прыяцелькам за келiхам вiна, нi слова не сказала. За што яе, канешне, у тым самым адзiнаццатым паважалi, але гэта пачуццё беспакаранасцi натхняла “гарэзнiкаў”, якiх прадмет фiзiка, мякка кажучы, зусiм не цiкавiў, на новыя доследы па выпрабаваннi цярпення выкладчыцы гэтай самай фiзiкi.
Неўзабаве надышлi каталiцкiя Каляды. Гаспадыня, збiраючыся “да косцела”, расказвала ўдзячнай слухачцы, “як раней было”, як варажылi, як калядаваць хадзiлi, скардзiлася на цяперашнюю моладзь: толькi й ведаюць “калядоўшчыкi”, што брамкi паздымаць ды на другi канец вёскi пазаносiць, старыя кабеты пасля ходзяць i па тры днi шукаюць, ды на сабе цягнуць, а гэтым лабiдулам адна пацеха з таго...
“Лабiдулы” з’явiлiся пад поўнач. Пашкрабалi цiхенька ў акно яе пакоя, паклiкалi жэстамi на ганак. Накiнуўшы на плечы гаспадынiн кажух, выйшла ў настылыя сенцы. На двары стаяў цi не ўвесь адзiнаццаты клас. “Святлана Iванаўна, паехалi з намi, пакатаемся! Ноч, паглядзiце, якая незвычайная. Грэх сёння спаць!”. Гучала заманлiва, ды яшчэ за плотам угледзела чырвонага зграбнага конiка, запрэжанага ў сапраўдныя вясковыя санi, на якiх марыла праехацца, але да гэтага так i не давялося. Хуценька нацягнула свiтэр, джынсы, “пухавiк” — i вось яны ўжо мчалi па залiтай месяцовым святлом бязмежнай серабрыстай прасторы, залiвiста рагочучы, калi на павароце санкi заносiла i нехта з iхняй даволi вялiкай гурмы лiтаральна павiсаў над дарогай, чапляючыся за астатнiх. Яна з асалодай удыхала марознае калючае паветра, глядзела праз заiнелыя веi на яркую поўню i шчаслiва думала, што ўсё гэта падобна на чарадзейную казку.
Казка скончылася раптоўна, калi яны ад’ехалi ад вёскi добрых кiламетраў сем. Галоўны завадатар Юрка Васiлеўскi раптам спынiў каня i спытаў пяшчотна-з’едлiва: “Дык што, Святлана Iванаўна, будзе ў нас паслязаўтра кантрольная па фiзiцы?” (Ад той кантрольнай у многiх залежалi адзнакi за чвэрць). “Канешне, будзе”, — здзiўлена адказала. “Ну, тады злазьце, калi ласка, i iдзiце дадому пешшу. А то конь стамiўся, усiх не пацягне”... Яна спачатку падумала, што гэта жарт, але разгледзела ў цьмяным святле сур’ёзна-здзеклiвыя твары вучняў i зразумела, што стаiць перад выбарам: або паабяцаць адмянiць кантрольную (i давялося б гэта рабiць, бо парушаць уласнае слова было не ў яе правiлах), або iсцi дадому пешшу. Нядоўга думаючы, яна саскочыла з саней i махнула рукой: едзьце. (Употай спадзеючыся, што вучнi адумаюцца i папросяць прабачэння). Павiсла няёмкая паўза, але тут Юрка сцебануў пугай каня, той весела панёсся наўгалоп па ўкатанай дарозе i хутка знiк у зусiм недалёкiм лесе...
Святлана i праз некалькi гадоў прызнавалася, што ад аднаго толькi ўспамiну аб тым адзiнокiм стаяннi пасярод пустой начной дарогi ў яе па спiне бягуць мурашкi, а скура галавы дзiўна паколвае, нiбы ўсе валасы на ёй прыўзнiмаюцца... Ну вельмi страшна было. За колькi хвiлiн прыгадала i ваўкоў, i бандытаў, i нават нячыстую сiлу. Таму, калi ўжо на падыходзе да лесу аўтамабiльныя фары, што запалiлiся ззаду, прама перад вачыма высвецiлi кашлатыя лапы елак, вельмi захацелася, бы страусу ў пясок, схаваць галаву ў вялiзную гурбу на ўзбочыне.
“Дзяўчына, вам не холадна тут гуляць? Можа, вас падвезцi?” — з аўто, што спынiлася, з непрыкрытай цiкавасцю пазiраў вельмi прыстойнага выгляду малады чалавек. Падумаўшы штосьцi кшталту: а, усё роўна прападаць! — яна ўвалiлася ў цёплы салон.
Сем кiламетраў для добрай машыны нават павольна ды па слiзкай дарозе — самае большае хвiлiн дзесяць язды. Яны нават разгледзець адзiн аднаго толкам не паспелi. Ды i даведалiся няшмат. Толькi што ён прывёз сябра да яго бацькоў, а сябар, “начаставаўшыся”, пачаў буянiць, прад’яўляць прэтэнзii, дый нарэшце выгнаў з хаты. Ён жа проста сеў у машыну i паехаў дадому, на Мiнск. Светка, канешне ж, не прызналася, што яе прывезлi i кiнулi ўласныя вучнi: сказала, што заседзелася ў суседняй вёсцы ў бабулi, што заўтра з ранiцы дома яе чакаюць неадкладныя справы, а паколькi хадзiць адна ўначы яна з дзяцiнства прывучаная i зусiм не баiцца, вось i выправiлася... Ён падвёз яе пад самы ганак, пажадаў добрай ночы, спытаў (пэўна, дзеля ветлiвасцi) яе iмя, сказаў сваё (сяброўка пасля ўспомнiць не магла: “Цi то Аляксандр, цi то Аляксей”)...
Назаўтра з самай ранiцы, злякаўшы гаспадыню, да яе завiтаў не на жарт перапалоханы адзiнаццаты клас у поўным складзе. Вiнавата апусцiўшы вочы, яны хорам апраўдвалiся: пажартавалi, маўляў, праз нейкiя хвiлiн дзесяць зноў былi на тым жа месцы, дзе яе пакiнулi, а не знайшоўшы, амаль цэлую ноч гойсалi па наваколлi, думаючы, што яна заблудзiлася, перасварылiся, перанервавалiся ўсе... Злавацца яна не магла. Праз колькi хвiлiн яны ўжо весела рагаталi. А кантрольная назаўтра ўсё ж была. I адзнакi выставiла яна аб’ектыўна. Але з таго часу больш адданых вучняў (а ў нейкiм сэнсе i сяброў), чым той няшчасны адзiнаццаты, у яе не было.
Адпрацаваўшы ў той вясковай школе амаль тры гады, Святлана вярнулася ў Мiнск. Дакладней, забраў яе адтуль брат, якому ў фiрму спатрэбiўся эксперт-механiк. У жыццi многае памянялася: яна стала сапраўднай бiзнес-лэдзi — прыдбала кватэру, машыну, навучылася весцi дзелавыя перамовы. Але сваё першае месца працы заўсёды ўспамiнала з пяшчотай i, як нам часам здавалася, нават з лёгкiм шкадаваннем...
Летась, акурат перад каталiцкiмi Калядамi, Святлана атрымала запрашэнне ад свайго любiмага адзiнаццатага прыехаць адзначыць i свята, i дзесяцiгоддзе iх знаёмства. Яны вельмi хораша правялi той калядны дзень. Асаблiва шмат успамiнаў было аб той начной прыгодзе. Юрась Васiлеўскi, дарослы дзяцюк, бацька дваiх дзяцей, падаў перад былой настаўнiцай на каленi i прасiў прабачэння. Яна ж, адкрыўшы нарэшце сакрэт, як тады дабралася дадому, так i не змагла ўспомнiць iмя свайго выратавальнiка: “Цi то Аляксандр, цi то Аляксей”...
Сцямнела хутка, бо дзень яшчэ не прыбавiўся нават на курыны скок. За прыемнай размовай i ўспамiнамi гадзiны ляцелi незаўважна. Зазбiраўшыся дадому, глянула на гадзiннiк i ахнула: палова дванаццатай! Але шматлiкiх прапаноў застацца начаваць не прыняла: машына ў руках, да горада сорак кiламетраў, дарога добрая — паўгадзiны i на месцы, дома...
Яна не ўлiчыла аднаго: праз кiламетраў дванаццаць, калi выехала на абсалютна пустую — як вокам кiнуць — дарогу сярод чыстага поля, яе “Шкода” некалькi разоў жаласлiва чмыхнула i спынiлася. Прычым, як выявiлася, канчаткова: заводзiцца наноў яна адмовiлася. Нягледзячы на ўсе намаганнi спецыялiста па механiцы, на ўпартае корпанне гаспадынi пад капотам. Становiшча дапаўнялася яшчэ тым фактам, што спынiцца собiла якраз у лагчыне — адзiным на ўсёй дарозе месцы, дзе не “цягнуў” сотавы...
Яна стаяла ў халоднай цемры на пустой дарозе i разважала, што лепш: яшчэ раз пакапацца пад капотам цi кiнуць машыну i iсцi кiламетры тры да ўзвышша, дзе зноў пачыналася “зона доступу”. Нi адна, нi другая перспектыва а першай гадзiне ночы вельмi прывабнай не здавалася. Успомнiлiся раптам i ваўкi, i бандыты, i нават нячыстая сiла... I калi здалёк засвяцiлiся фары машыны, яна ледзь пераадолела жаданне даць стракача ў хмызы на ўзбочыне.
“Дзяўчына, вам не холадна тут стаяць? Можа, вас куды падвезцi?”... Так, вы правiльна здагадалiся, гэта быў той самы малады чалавек. Як ён зноў апынуўся на пустой начной дарозе? Вяртаўся з камандзiроўкi — ездзiў на керамiчны заводзiк, што ў недалёкiм пасёлку. Гасцiнiцы там не аказалася, вось i вырашыў паехаць дадому. Тут дзiўнага нiчога няма, дзiўнае ў iншым: як, якiм чынам яны зноў апынулiся ў адным месцы ў адзiн час? Вось тут дарэчы прыгадаць тыя самыя словы, у якiя мы так хочам верыць, — лёс i цуд. Тыя двое таксама iх успомнiлi. Акурат праз тыдзень пасля Вялiкадня, у апошнiя выхадныя красавiка, мы гулялi ў сяброўкi на вяселлi.
Мы часта збiраемся разам, на ўсе святы. Вы б бачылi, як яны адно на аднаго глядзяць. Нiбы стагоддзi кожны з iх шукаў менавiта гэтага чалавека i, ужо амаль страцiўшы ў суцэльнай цемры надзею, знайшоў. А вы кажаце, цудаў на свеце не бывае.
Гэты Новы год мы таксама будзем разам сустракаць. Святлана з мужам запрасiлi ў нядаўна адрамантаваную кватэру. Дарэчы, мужа Андрэй завуць. А яна, дзiвачка, нiяк успомнiць не магла...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter