Каля пасады лесніковай

На радзіме Якуба Коласа на памяць чытаюць “Новую зямлю”, дзеляцца коласаўскім рэцэптам чаю з сена, расказваюць, як паэт “лячыўся” брудам, і даюць патрымаць у руках разец і ступку дзядзькі Антося

На радзіме Якуба Коласа на памяць чытаюць “Новую зямлю”, дзеляцца коласаўскім рэцэптам чаю з сена, расказваюць, як паэт “лячыўся” брудам, і даюць патрымаць у руках разец і ступку дзядзькі Антося

“Каля пасады лесніковай// Цягнуўся гожаю падковай // Стары, высокі лес цяністы...” Э-э-э, думаю, пад’язджаючы да Акінчыц, дзе з’явіўся на свет маленькі Косцік Міцкевіч, не такімі вас бачыў будучы пясняр Беларусі! Стаіць драўляная лясная камора (сёння частка філіяла Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа “Мікалаеўшчына”), ды толькі не дрэвы вакол яе растуць — дамы. Акінчыцы ўжо сталі мікрараёнам Стоўбцаў. Затое на сядзібе Коласа час нібы прыпыніўся.

На шляху да Рыма

Можа таму, тут так натуральна і па-шчыраму цёпла, што працуюць у музеі не проста неабыякавыя да творчасці народнага паэта Беларусі людзі, але любячыя яго сваякі — стрыечны ўнук песняра Юрый Міхайлавіч Міцкевіч і яго жонка Сафія Пятроўна, якія бясконца могуць расказваць пра свайго і нашага Коласа. У гонар заўзятых захавальнікаў спадчыны мясцовыя жыхары нават дубкі назвалі, пасаджаныя ля музея ўнукам украінскага паэта Тараса Шаўчэнкі. “Юрка” з “Зоськай” шолахам пажоўклага лісця праводзяць да сходкаў хаты.

А далей сенцы, кладоўка і адзіны жылы пакойчык. З печчу, ложкам, калаўротам, лапцямі на падлозе...

— Усяго толькі музей. А такое пачуццё, быццам і сёння гэта жылая хата, якую проста на хвіліну-другую пакінулі гаспадары, — сустракаюць на парозе Сафія Пятроўна і Юрый Міхайлайвіч, ці дзядзька Юрка, як клічуць яго.

— Прыблізна гэтак жа выглядала камора 130 год таму, — распавядае дзядзька Юрка, які так нагадвае сваімі рысамі знакамітага дзеда. — Камора стаяла на скрыжаванні дарог. Адна ішла са Стоўбцаў на Мікалаеўшчыну, а другая — так званы Кацярынінскі шлях, ці Кацярынка — з Пецярбурга да Рыма. Камора выконвала ролю мытні. Ляснік правяраў, што вязуць, куды.

Тут, у Акінчыцах, у гэтай невялікай драўлянай каморы, і пачаў сваю службу бацька Коласа — вясной 1881 года. А праз годзік нарадзіўся... Косцік, трэці хлопчык у сям’і.

Пры шляху шырокім,
Дзе стаіць камора,
Я на свет радзіўся
Пад глухі шум бора
Позняю парою,

Восенню гнілою... — чытае на памяць дзядзька Юрка.

— А гэта калыска нашага Косціка — асноўны экспанат музея, — паказвае дзядзька Юрка. — Амаль пяць месяцаў калыхаўся ў ёй будучы паэт. А пасля яго бацьку з сям’ёй перавялі ў родную Мікалаеўшчыну.
Потым былі Ласток, Альбуць, Смольня... Нямала давялося пападарожнічаць Коласу. Але пра Акінчыцы, дзе ён з’явіўся на свет, паэт ніколі не забываўся, нават калі ад яго роднай хаткі засталося адно папялішча — у гады вайны немцы спалілі камору.

Чай з сакрэтам

Колас часта прыязджаў на радзіму. Але толькі да рэвалюцыі. Пасля родныя мясціны адышлі да Польшчы.

— Апошні раз перад вайной быў тут у 1940 годзе, калі вёска Мікалаеўшчына выгарэла ў пажары. Сто двароў згарэла! Колас тады прывозіў архітэктараў, планіроўшчыкаў, дапамагаў чым мог. Пасля вайны быў некалькі разоў, — расказвае Юрый Міхайлавіч. — Тут, у Акінчыцах, жыў старэйшы брат Коласа Уладзя. Аднойчы, калі паэт ужо быў выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета, заехаў з сябрамі-суправаджаючымі. Павячэралі са скваркай-чаркай. А раніцай госці папрасілі чаю зварыць. Але які тут чай на вёсцы! Не было таго сапраўднага чаю ва Уладзінай жонкі Любы. Колас бачыць — разгубілася нявестка. Ён і шэпча: “Ідзі ў гумно — сена ж ёсць! — назбірай трухі сянной з-пад нізу, запар у чугуне добра, працадзі і падавай на стол”. І дзівіліся ж усе: што за смак! А там жа кветачкі, зёлачкі... Колас пажартаваў яшчэ: “Гэта вам не абы-што — спецыяльны акінчыцкі чай!”

А як смачна пісаў Колас пра ежу!
І вось вячэра зачалася!
Спыніцца мушу я на квасе:
Ён колер меў чырванаваты;
Тут быў таран, мянёк пузаты,
Шчупак, лінок, акунь, карась,
Кялбок і ялец, плотка, язь,
Яшчэ засушаныя з лета.
Але не ўсё яшчэ і гэта:
Аздоблен квас быў і грыбамі,
Выключна ўсё баравічкамі;
Цыбуля, перчык, ліст
бабковы —
Ну, не ўясісь, каб я здаровы!

Для Коласа, дарэчы, — і дзіцяці, і дарослага інтэлігентага чалавека, — не было лепшай стравы за прыгатаваную па матчыных рэцэптах.

— Быў выпадак. Нанялі Коласу паварыху, каб яму гатавала, — расказвае дзядзька Юрка. — Яна і стала гатаваць яму ўсялякія французскія прысмакі. Колас сказаў ёй: “Ведаеш што, жанчынка, табе трэба ў рэстаране добрым працаваць, але не ў мяне”. І выпісаў з Мікалаеўшчыны сястру сваю Міхаліну. Яна гатавала тое, што і маці некалі. Бліны, мачанку, каўбасу хатнюю... Асабліва Колас дранікі любіў.

Апошні раз наведаўся пясняр на радзіму вясной 1956 года. Колас быў ужо цяжка хворы. Вельмі балелі яму рукі. І вось пачуў ён ад некага рэцэпт — трэба з роднай зямлі, дзе нарадзіўся, узяць бруду чорнага, нагрэць і парыць у ім рукі. І паехаў ён па той бруд на вялікім ЗіЛе, ды заграз у балоце.

— Народ сабраўся з усёй Мікалаеўшчыны, — расказвае Юрый Міхайлавіч. — Пхалі, пхалі... Ды толькі машына яшчэ больш загразла. Пабеглі да лесніка па каня, прывязалі да яго ЗіЛ, Колас узяў лейцы, паляпаў каня: “Но, малы!” І конь лёгка выцягнуў тую машыну.

Тазік для варэння

Сёння на Стаўбцоўшчыне можна не толькі пачуць цікавыя гісторыі пра паэта, але і дакрануцца ў прамым сэнсе слова да спадчыны песняра. Да стогадовых ліп, якія паэт, прывёзшы з лесу разам з дзядзькам Антосем, пасадзіў у Смольні. Да самавара, за якім Колас піў чай з Купалам — той восем кіламетраў пратэпаў ад чыгуначнай станцыі, ідучы да сябра. Да меднага тазіка, у якім маці варыла для Косціка і іншых дзяцей варэнне.

Нездарма сюды прыязджаюць не толькі з Беларусі — з усяго свету. І з Таліна, і з Парыжа, і з Пекіна... Аўтографы ў кнізе водгукаў музея пакінулі прэм’ер-міністр Азербайджана, шэйх Дубая, пасол Венесуэлы і многія іншыя. Колас зрабіў Стаўбцоўшчыну па-сапраўднаму турыстычнай мясцовасцю.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter