Калі заўтра вайна

Дзеянні Дональда Трампа могуць прывесці да пачатку трэцяй сусветнай вайны, упэўнены амерыканскі сенатар Боб Коркер. Рэспубліканец даволі жорстка крытыкуе прэзідэнта ЗША за яго паведамленні ў Twitter, якія, на думку парламентарыя, шкодзяць дыпламатычным намаганням краіны. Аднак Трамп, ацэньваючы дзеянні і праблемы папярэдніх адміністрацый, парыруе: раней мы былі на ілжывым шляху, цяпер на правільным...

Цікава, што супраць Трампа сёння зацята выступаюць розныя ўплывовыя палітыкі: дэмакраты і рэспубліканцы ствараюць яму вобраз “прэзідэнта вайны”. Гэта адбываецца на фоне даволі небяспечнага канфлікту Злучаных Штатаў і саюзнікаў з краінамі, вызначанымі Захадам як новая “вось зла”: з Паўночнай Карэяй, якая мэтанакіравана развівае ядзерную і ракетную праграмы, з Іранам, што выконвае міжнародныя дамовы аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, а таксама з Кітаем і Расіяй.

На бягучым тыдні ў ЗША павінен адбыцца зварот прэзідэнта да кангрэса з пазіцыяй цяперашняй адміністрацыі па ядзерным пагадненні “шасцёркі” міжнародных пасярэднікаў з Іранам. Хутчэй за ўсё, гаспадар Белага дома аспрэчыць згаданую ядзерную здзелку з Ісламскай Рэспублікай Іран як дакумент, які супярэчыць інтарэсам бяспекі ЗША. Пасля чаго амерыканскія заканадаўцы маюць права прыняць рашэнне аб скасаванні Сумеснага ўсеабдымнага плана дзеянняў (СУПД) і аднавіць у поўным аб’ёме антыіранскія санкцыі, якія закрануць эканамічныя інтарэсы і выклічуць незадаволенасць і ў Еўрасаюзе. Такім чынам, калі гэта адбудзецца, узнікне новы віток міжнароднай напружанасці. Хаця яшчэ год таму ў час выбарчай кампаніі Дональд Трамп абяцаў амерыканскаму народу спыніць любое ўмяшанне Амерыкі ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў.  

Пакуль кіраўніцтва Злучаных Штатаў разглядае і абмяркоўвае “варыянты ваенных дзеянняў супраць Паўночнай Карэі ў адказ на яе ядзерныя амбіцыі”, міністр абароны Джым Мэціс заклікае амерыканскіх вайскоўцаў рыхтавацца да сілавога рашэння сітуацыі.

Нагадаю, што падзеі на Карэйскім паўвостраве былі выкліканы ракетна-ядзернымі выпрабаваннямі КНДР і паслужылі падставай для ўвядзення супраць Паўночнай Карэі жорсткіх міжнародных санкцый, тады ж амерыканскі прэзідэнт з трыбуны ААН паабяцаў “поўнасцю знішчыць” Паўночную Карэю, калі Пхеньян не зробіць неабходныя высновы. Лідар КНДР Кім Чэн Ын палічыў прамову Дональда Трампа абвяшчэннем вайны і паабяцаў, што будзе “ўтаймоўваць агнём ЗША”.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...


Ігар Савосценка,
галоўны рэдактар

sav@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter