Калі ёсць праца

Па звестках Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), колькасць беспрацоўных у свеце дасягнула рэкорднага ўзроўню — 5,6 працэнта ад эканамічна актыўнага насельніцтва. 

У абсалютных лічбах па выніках мінулага года каля 192,7 мільёна чалавек (на 2,6 мільёна больш, чым у 2016 годзе). 

Эксперты МАП упэўнены: сёлета статыстыка па беспрацоўных у глабальным маштабе не зменіцца, аднак падобны сацыяльны паказчык у развітых краінах можа адрознівацца ад астатніх, знізіўшыся да 5,5 працэнта. Да таго ж асноўнымі негатыўнымі трэндамі сусветнай эканомікі застаюцца — дэфіцыт прапановы для суіскальнікаў годнай працы і недастатковая колькасць рабочых месцаў.

Мовай лічбаў прааналізуем, як вырашаюцца ў Беларусі актуальныя пытанні занятасці — адной з найважнейшых тэм для кожнага з нас. 

Па інфармацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на пачатак сакавіка 2018-га ў нашай краіне было афіцыйна зарэгістравана 23,9 тысячы беспрацоўных (гэта 0,5 працэнта ад эканамічна актыўнага насельніцтва). Параўноўваючы папярэднія паказчыкі, становіцца відавочна — гэта на 44 працэнты меней, чым за адпаведны перыяд 2017 года (42,8 тысячы беспрацоўных).

Па абласцях назіраецца наступная карціна: Брэсцкая, Віцебская, Гомельская і Магілёўская — 0,7 працэнта, Гродзенская — 0,6, Мінская — 0,5, у Мінску — 0,2 працэнта беспрацоўных.

Пры дапамозе дзяржаўнай службы занятасці на новыя і ранейшыя  працоўныя месцы ўладкавана 19,6 тысячы чалавек, альбо 65,8 працэнта тых, хто шукаў сабе працу, 14,9 тысячы з іх мелі статус беспрацоўных.

Станоўчую ролю ў стабільнасці жыцця грамадства і развіцці сацыяльна-эканамічнай галіны адыграе дзеянне Дэкрэта № 1 “Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва”.

Напачатку бягучага месяца наймальнікі прадставілі ў рэспубліканскую службу занятасці інфармацыю аб 56,2 тысячы свабодных працоўных месцаў. Сярод прапаноў прадпрыемстваў і арганізацый рабочыя прафесіі склалі большасць — 58,5 працэнта ад агульнага аб’ёму вакансій. 

Дагэтуль важным на айчынным рынку працы застаецца каэфіцыент  напружанасці: на 1 сакавіка ён знаходзіўся на ўзроўні 0,4 беспрацоўнага на адну пасаду (годам раней — 1,1). Найбольш праблемнымі ў плане працаўладкавання раней адзначаліся Веткаўскі, Ваўкавыскі і Маладзечанскі раёны, але пакрысе сітуацыя там паляпшаецца.

На гэтым тыдні пад патранатам Мінскай службы занятасці адбыліся некалькі кірмашоў вакансій. Усе жадаючыя змаглі даведацца аб умовах працы на некаторых буйных прадпрыемствах сталіцы: у ААТ “Хімрамонт”, Будаўнічым упраўленні № 207, філіяле № 3 Мінскага камбіната сілікатных вырабаў, ГПУП “Ірына-фарм”, ААТ “Амкадор-Белвар” і ў многіх іншых. Была  магчымасць знайсці работу, пракансультавацца ў спецыялістаў па працоўных пытаннях ці даведацца аб прафесійным перанавучанні, атрыманні субсідый на арганізацыю ўласнай справы.

У цэлым па краіне на атрыманне новых прафесій, запатрабаваных рынкам працы, было накіравана каля 800 чалавек, у платных грамадскіх работах задзейнічалі 6,6 тысячы грамадзян, на новае месца жыхарства і працы пераехала дванаццаць сем’яў беспрацоўных.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter