Чем привлекают работники Островского СДК Ляховичского района спонсоров и зрителей

«Калі не клічуць, самі напрошваемся»

Убачыўшы аднойчы ў адным з аграгарадкоў Міншчыны вялікую каляровую афішу, якая заклікала сельскіх гледачоў на канцэрт, пацікавілася, ці карыстаюцца яны папулярнасцю. Аказалася, што квіткі разбіраюць хутка. Адна з жанчын выказалася: «Голас у мясцовых выканаўцаў прыгожы — чаму не схадзіць? Набыць білет на сапраўднага артыста не магу, «кучаравая» цана».

Вакальны ансамбль «Альшанка».

Прыкінула: калі ў глядзельнай зале вясковага Дома культуры мінімум 150 месцаў, можна сабраць 450 рублёў за адзін раз. Гэта я пра пазабюджэтку, якой некалькі гадоў таму нагрузілі ў тым ліку і работнікаў культурнай сферы.

Але яна пры ўмелым падыходзе і жаданні саміх работнікаў дае магчымасць аказваць насельніцтву значна большы дыяпазон паслуг, чым можа забяспечыць бюджэтнае фінансаванне.

З такімі думкамі накіравалася ў Востраўскі сельскі дом культуры Ляхавіцкага раёна, куды мяне суправаджала вядучы метадыст раённага метадычнага Цэнтра культурна-асветніцкай працы Наталля Гарохавіч, а па дарозе ўводзіла ў курс справы:

— Звычайная ўстанова, дзе працуюць 10 клубных фарміраванняў і 5 аматарскіх аб’яднанняў па розных напрамках. Ёсць узорны дзіцячы ансамбль эстраднай песні «Пунцовыя агеньчыкі» і народны тэатр мініяцюр «Вастраўчане». Апошні штогод выступае на абласным фестывалі гумару «Спораўскія жарты». Наогул, у раёне працуюць 4 дзіцячыя ўзорныя і 20 дарослых народных калектываў. У асноўным, вядома, вакальныя і тэатральныя. Танцавальны жанр, на жаль, развіты слаба, не хапае добрых і прафесійных спецыялістаў. Усяго 5 харэаграфічных ансамбляў, але ўзровень аматарскі. Недахоп кадраў адчуваецца, адпраўляем вучыцца сваіх хлопцаў і дзяўчат, толькі яны больш хочуць спяваць.

З-за таго, што завіталі не ў рабочы дзень, наведвальнікаў, акрамя нас з Наталляй Васільеўнай, не было. Затое па залах і пакоях Востраўскага дома культуры нас суправаджалі яго дырэктар Валянціна Гоўша, мастацкі кіраўнік Валянціна Гаўрыльчык і рэжысёр народнага тэатра гумару Алена Кулак. У аграгарадку пражывае прыкладна 470 чалавек, моладзі няшмат.

Дырэктар Востраўскага СДК Валянціна ГОЎША,  рэжысёр і кіраўнік народнага тэатра мініяцюр «Вастраўчане»  Алена КУЛАК і мастацкі кіраўнік Валянціна ГАЎРЫЛЬЧЫК.

— З гарадоў да нас не едуць на танцы, усе свае, — тлумачыць Валянціна Міхайлаўна. — А адсюль да Баранавіч бліжэй, чым да Ляхавіч. Летам, зразумелая справа, людзей больш, гасцююць унукі на канікулах. Пры гэтым у суботу на дыскатэку можа прыйсці 15—20 чалавек. Квіткі па рубель дваццаць, выручка невялікая, вядома.

І якім чынам у такім выпадку выконваць платныя паслугі? Тут усё залежыць ад саміх культработнікаў, іх умення знаходзіць любыя шчыліны, інакш не скажу. Таму ж Востраўскаму дому культуры на 2019 год «нарэзалі» 1800 рублёў. Але ўжо да сярэдзіны лета план выканалі практычна цалкам, зарабіўшы каля паўтары тысячы. На чым? У першую чаргу на выязных канцэртах.

— Лезем усюды, дзе можна. Часам клічуць, часам самі напрошваемся, — смяецца дырэктар. — Выступаем нават у Баранавіцкім і Ганцавіцкім раёнах. На месцы таксама ўсе канцэрты платныя па паўтара ці два рублі, акрамя свят 9 Мая і Дня Незалежнасці. Людзі зараз прыходзяць, мы доўга да гэтага іх прывучалі. Спачатку яны абураліся, але, спадзяюся, зразумелі: грошы ж не сабе ў кішэню збіраем. Патрэбны тыя ж сцэнічныя касцюмы, атрыбуты... Калі едзем выступаць у арганізацыю, загадзя абмяркоўваем суму ганарару. Цесна супрацоўнічаем з Тухавіцкім СДК, гэта другая ўстанова культуры ў нашым сельсавеце. Складаем сумесную праграму і — наперад! Наша жаночая вакальная група «Альшанка» складаецца з адных культработнікаў, у тым ліку тухавіцкіх.

Дарэчы, не раз чула, заробленыя на пазабюджэтцы грошы, якія паступаюць на разліковы рахунак цэнтралізаванай бухгалтэрыі раёна, размяркоўваюцца часцяком не тым, хто іх зарабіў, а па меры неабходнасці іншым клубам або ДК, якія «жывуць» у нястачы. Таму некаторыя культработнікі абураліся: «Адныя аруць, другія скачуць, і справядлівасці ніякай». У дадзеным выпадку ўсе заробленыя грошы раён аддае тым, хто на іх «араў». У асабліва вёрткіх і хваткіх шчасліўчыкаў ёсць яшчэ і спонсары, яны даюць добрую магчымасць больш упэўнена стаяць на нагах. Але ж і яны самі па сабе не знаходзяцца. Мецэнат-дабрадзей востраўскіх масавікоў-забаўнікаў — кампанія «Белдан», чый свінакомплекс размешчаны недалёка ад Вострава. Але зноў жа, гультаяватаму ніхто і капейкі не пазычыць. Ужо гадоў 10 мясцоваму Дому культуры спонсарам вылучаецца пэўная сума грошай, на якую ўжо змаглі набыць добрую новую апаратуру, крэслы ў танцавальную залу, сталы, трыбуну, зладзіць дзіцячаму калектыву тры камплекты касцюмаў, адзець «Альшанку» і адрамантаваць кабінеты. Не абыходзіцца без дапамогі і свята вёскі. Заўсёды выдзяляюць транспарт, калі трэба выехаць на канцэрт па-за межы аграгарадка і раёна. Дырэктар СДК жартуе: «Мы надта хораша просім і сябруем. Самі сабе зайздросцім, хаця гэта праца суправаджаецца часам і бяссоннымі начамі». Згодна, кожны штосьці можа даць, але не кожны ўмее прасіць. А што наконт сяброўства, то ў гэтым спісе  — КСУП «Востраў-Агра», лясніцтва, школа, дзіцячы сад, сельвыканкам і ФАП.

ДВУХПАВЯРХОВЫ Дом культуры адкрылі ў 1984 годзе. Глядзельная зала на 177 месцаў з вялікай сцэнай. Кажуць, што на канцэртах яблыку няма дзе ўпасцi. Значыць, ёсць каму працаваць і дзеля каго працаваць. І калі не заедуць сюды мегазоркі, справяцца самі і «закоцяць» такі канцэрт, «аж гай будзе шумець». А з Калядамі, за якія таксама могуць зарабіць нейкую капейчыну, дабіраюцца нават да Баранавіч. Сумесна з сельвыканкамам у клубнай зале праводзяць вясельную рэгістрацыю, яна каштуе 40 рублёў. Кажуць, што гэта танней, чым у райцэнтры.

Свята вёскі ў Востраве кожны год прыпадае на канец ліпеня. Сёлета яно пройдзе 10 жніўня. Такія ж гулянкі праводзяцца па ўсіх вёсках сельсавета, у гэтым актыўна дапамагае старшыня сельвыканкама Уладзімір Тадра. Не абыходзіцца і без падарункаў вяскоўцам, іх уручаюць у розных намінацыях. Адзначаюць тых, хто аказвае пасільную дапамогу і папаўняе калекцыю этнаграфічнага пакоя Дома культуры з хатнімі бытавымі рэчамі продкаў-беларусаў. Экспанаты збіраюць не толькі па навакольных вёсках, іх знаходзілі і ў Столінскім, і ў Лунінецкім раёнах.

Ва ўзорным дзіцячым ансамблі эстраднай песні «Пунцовыя агеньчыкі» 10 удзельнікаў ва ўзросце ад 10 да 14 гадоў. Першапачаткова ён быў створаны на базе Ганчароўскага СДК у 1992 годзе. У 2017-м калектыў перавялі ў Востраўскі дом культуры. Зараз ансамблем кіруе мясцовы хлапец Пётр Канцэлярчык. Папулярнасцю карыстаецца і дарослы народны тэатр мініяцюр «Вастраўчане». Сюжэты бяруць у асноўным з паўсядзённага жыцця, часам перакладаюць вядомых аўтараў.

27 ліпеня «Вастраўчане» адзначылі сваё 10-годдзе, хаця першае тэатральнае зерне заклалі ў 1996-м, калі пачаў дзейнічаць драматычны гурток, якім кіравала Марыя Жарская. Самы малады — вакальны ансамбль «Альшанка» (так здаўна называюць невялікую тэрыторыю каля тутэйшага леса) — пакуль не мае высокага звання, арганізавала яго ў 2017 годзе Вольга Саванчук з ліку мясцовых артыстаў. Цікава, што сярод сямі ўдзельнікаў — тры мужчыны. У асноўным культработнікі, у тым ліку  Алена і Аляксандра Абрамавы, дырэктар і мастацкі кіраўнік Тухавіцкага СДК. Спяваюць у калектыве і дырэктар мясцовай школы разам з настаўнікам гісторыі. Выбралі кірунак — народныя і фальклорныя спевы, паступова напрацоўваюць рэпертуар.

Вярнуся да таго, з чаго пачала. Што можа даць пазабюджэтка такім культработнікам? Дзякуючы пэўным сродкам можна, напрыклад, адкрыць новы гурток. І размова не пра тое, каб браць з бацькоў грошы. Але, калі дзеці нават і будуць наведваць бясплатна гурткi «Разьба па дрэве» ці «Юны мастак», трэба ж нечым выразаць, піліць, маляваць і гэтак далей. Сам культработнік не дастане грошы з асабістага кашалька, не зарабляе ён столькі, ды і не абавязаны. Вось у такім выпадку СДК можа самастойна набыць неабходныя рэчы, каб даць магчымасць наведвальнікам займацца без затрат з боку бацькоў. Гэта так, асабістыя разважанні, але яны маюць пад сабой падставу.

КАМЕНТАРЫЙ

Загадчык аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ляхавіцкага райвыканкама Ніна ПРЫХАЧ:

— У Ляхавіцкім раёне 24 установы культуры, дзе працуюць 193 клубныя фарміраванні. 21 калектыў носіць званне народнага, узорнага, у тым ліку заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь дзіцяча-юнацкай студыі выяўленчага мастацтва «Апалон» Ляхавіцкага ГДК. 13—14 ліпеня 2019 года ў вёсцы Спорава Бярозаўскага раёна адбыліся заключныя мерапрыемствы VII абласнога фестывалю народнага гумару «Спораўскія жарты». Ляхавіцкія артысты ў намінацыі «За лепшую гумарыстычную праграму раёна, горада» ўзнагароджаны дыпломам I ступені. А прадстаўлялі раён удзельнікі народнага тэатра мініяцюр «Вастраўчане» Востраўскага СДК разам з клубам аматараў песні, гумару і гульні «Вечарнiца» Навасёлкаўскага CДК і народным тэатральным калектывам «Дом Дыягена» Ляхавiцкага ГДК.

chasovitina@sb.by

Фота аўтара і з архіва Востраўскага СДК
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter