«Ночь музеев» удивит в этом году атмосферой «Игры престолов», модным показом и сотней произведений на спортивную тематику

Калі ажываюць экспанаты

Нашы музеі працягваюць упэўнена даказваць, што яны не статычныя ўстановы, застылыя ў часе. Тут ёсць месца інтэрактыву, эксперыментам і арыгінальным акцыям. Асабліва добра гэта бачна падчас «Ночы музеяў», якая праходзіць ва ўсім свеце з 18 на 19 мая. 


У гэту суботу захавальнікі гісторыі не зачыняць дзверы да самай поўначы, а некаторыя — аж да самай раніцы. Кожны з буйных музеяў падрыхтаваў для наведвальнікаў унікальную праграму. Да прыкладу, Нацыянальны гістарычны музей правядзе «Мод найт». Тут распрацавалі квэсты, прысвечаныя модзе, па экспазіцыях «Старажытная Беларусь», «Беларусь у партрэтах і геральдыцы XVI—XVIII стагоддзяў» і па выставе з прыватнай калекцыі гісторыка моды Аляксандра Васільева «Запрашэнне на баль». Ва ўнутраным дворыку музея вас чакае паказ калекцый адзення ад маладых беларускіх дызайнераў. 

«Ноч музеяў» у Нацыянальным мастацкім музеі будзе прысвечана «Шостаму пачуццю». Кожная выставачная зала пагрузіць гасцей у шырокі спектр эмоцый і адчуванняў. Напрыклад, у галерэі пакажуць шэсць экспрэсіўных скульптур, у тым ліку «Касмічную дружбу» французскага майстра Амількара Заноні, якая раней не выстаўлялася ў музеі. А ў зале беларускага мастацтва прапануюць стаць экспертам і разгадаць таямніцы сімвалаў на палотнах калекцыі музея, прайсці квэст і змайстраваць калаж пачуццяў. Не прыйдзецца сумаваць і самым маленькім наведвальнікам — іх будуць забаўляць персанажы дыснэеўскага мультфільма «Галаваломка». Якраз у дзень правядзення міжнароднай акцыі ў музеі пачнецца маштабны выставачны праект «Гульні. Игры. Games», які ўваходзіць у культурную праграму II Еўрапейскіх гульняў. На ўсеагульны агляд выставяць каля ста жывапісных і графічных работ, скульптур і плакатаў на спартыўную тэматыку.

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў запросіць далучыцца да шматгадзіннай перформанс-інсталяцыі tum blr. Госці змогуць праявіць сябе на адной з 15 лакацый і стаць аўтарамі твора, які ўпішыцца ў вялікую галерэйную экспазіцыю. 

Пройдзе «Ноч музеяў» і ў рэгіёнах. Да прыкладу, наведвальнікі музея-запаведніка «Нясвіж» змогуць акунуцца ў атмасферу 1784 года і паўдзельнічаць у падрыхтоўцы візіту апошняга караля Рэчы Паспалітай у Нясвіж. Музей гісторыі рэлігіі ў Гродне здзівіць праграмай «Музыка на ўсе часы і густы». Адзін з сюрпрызаў — гламур-опера «Чырвоны капялюшык» у выкананні артыстаў Гродзенскага абласнога тэатра лялек. А Гомельскі палацава-паркавы ансамбль напярэдадні свайго 100-гадовага юбілею раскажа за адну ноч адразу 100 гісторый! Яркія музейныя праекты пройдуць у кожным з рэгіёнаў краіны, таму ўважліва сачыце за афішамі.

mila@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter