Педагог з Целяханаў сабраў збожжавае насенне з усяго свету

Каласы пад сярпом яго

Унікальная калекцыя насення збожжавых з усяго свету захоўваецца ў невялікім кабінеце Цэнтра дзіцячай творчасці гарадскога пасёлка Целяханы Івацэвіцкага раёна. Яно ў слоічках і папяровых пакетах. Іншай такой батанічна і геаграфічна разнастайнай калекцыі, акрамя як у Целяханах, у краiне няма. Яе стварыў педагог і аграном Леанід Жыцянёў, які больш за 20 гадоў кіруе навуковым таварыствам «Колас».

Леанід ЖЫЦЯНЁЎ: «Мне заўсёды падабалася працаваць на зямлі. Рады, калі ўдаецца захапіць гэтым і дзяцей. Пасля заняткаў яны вельмі стомленыя. Але гэта прыемная стома»

Педагог разам з дзецьмі рыхтуецца да пачатку веснавога сезона. Тое-сёе пасеялі яшчэ ў лютым, а цяпер чакаюць пацяплення: 

— У снежні нам даслалі з Банка збожжавых культур ЗША, які знаходзіцца ў Айдаха, калекцыю азімай пшаніцы. Мы вырашылі пасадзіць яе ў лютым, каб насенне правяло ў мёрзлай зямлі пару месяцаў, — расказвае Жыцянёў.

Аснова калекцыі «Коласа» — пшаніца. Таксама ёсць жыта, авёс, проса і hordeum vulgare — ячмень звычайны

Насенне ў Целяханы дасылаюць амаль з усіх кантынентаў. Па невялікіх слоіках можна вывучаць геаграфію. Тут ёсць узоры з Германіі, Нідэрландаў, Бразіліі, Індыі, Канады. Супрацоўніцтва ўзаемавыгаднае: навуковыя ўстановы далёкага замежжа атрымліваюць інфармацыю аб рэалізацыі генетычнага патэнцыялу сваіх узораў ва ўмовах Беларускага Палесся. Леанід Аляксеевіч расказаў, што самую вялікую калекцыю збожжавых даслалі з Нацыянальнага цэнтра генетычных рэсурсаў раслін, што ў Нідэрландах:

— На сайце навуковай установы можна даведацца, што захоўваецца ў калекцыі. Потым трэба зрабіць запыт на патрэбны ўзор. Так, навукоўцы з Нідэрландаў, ЗША хутка і ахвотна высылаюць нам насенне — вельмі добра ставяцца да нашай дзейнасці, імкнуцца даслаць нават больш відаў раслін, чым просім. Атрыманае насенне мы рыхтуем да пасадкі ў новых умовах. Пасля адсочваем, наколькі прымальны для замежнага «госця» беларускі клімат.

На дзялянцы ў Леаніда ЖЫЦЯНЁВА ўжо растуць першацветы. Хутка тут закаласiцца i збожжа

Вопытная пляцоўка «Коласа» досыць вялікая — 30 сотак. На заняткі да Жыцянёва ходзяць 52 вучні. Хоць, здавалася б, чым могуць прыцягнуць дзяцей аграрная, фізічна няпростая праца, дасканалае вывучэнне сцяблінак, карэньчыкаў, насення? І ўсё ж больш чым за 20-гадовую гісторыю існавання «Коласа» навучанне тут прайшлі каля 200 дзяцей. Дзевяць з іх былі ўдастоены прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Былыя вучні Жыцянёва працуюць аграномамі на сельгаспрадпрыемствах, займаюцца навукай у даследчых інстытутах. 

Работа навуковага таварыства адзначана шматлікімі дыпломамі. У тым ліку — ад Міністэрства адукацыі

— Я не стаўлю сабе на мэце, каб усе мае вучні сталі аграномамі або навукоўцамі. Нашмат больш важна заняць іх нечым карысным і навучыць паважліваму стаўленню да зямлі. У «Колас» не ідуць займацца выдатнікі вучобы — тыя паглыбіліся ў кнігі, факультатывы. Да нас прыходзяць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія вучацца слаба або на сярэднім узроўні. Але тут яны раскрываюцца з лепшага боку, хоць спачатку і скептычна ставяцца да батанічнай скіраванасці навучання. 

Ёсць у запасе «Коласа» калекцыя дэкаратыўных культур — летась тут сабралі 70 узораў сухацвету
Фота Валерыя КАРАЛЯ

Сам Жыцянёў зацікавіўся батанікай яшчэ ў школе. У   9-м—10-м класах ён вёў перапіску з даследчымі цэнтрамі Савецкага Саюза. Яму дасылалі насенне і давалі метадычныя ўказанні па яго вырошчванні. Затым захапленне прывяло Леаніда Жыцянёва ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, пасля прыехаў працаваць у Целяханы.

У лютым «коласаўцы» пасадзілі азімую пшаніцу, якую атрымалі з Айдаха. Да новага веснавога сезона ўсё гатова

У «Коласа» няма ні сучаснага абсталявання, ні звышновай тэхнікі для апрацоўкі зямлі. Затое ёсць захопленыя, неабыякавая людзі і жаданне працаваць. А яшчэ кавалачак зямлі, які хавае ў сабе процьму магчымасцей.

p.losich@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter