С чем носить вышиванку

Каларытныя штрыхі

Раней вопратку з нацыянальным арнаментам можна было ўбачыць хіба на артыстах самадзейнасці. Сёння яе апранаюць і поп-зоркі, і мадэлі, і ўдзельнікі вулічных фестываляў, і звычайныя гараджане. Як правіла, не ў яе аўтэнтычным выглядзе, а стылізаваным. Але гэта не змяншае цікавасць беларусаў да народнай культуры. Майкі з прынтам ў выглядзе арнаменту, вышытыя блузкі і кашулі, гальштукі і мятлікі з нацыянальнымі ўзорамі -- усе яны так хутка і ярка ўвайшлі ў моду, што не мець іх ужо здаецца дурным тонам. Як жа насіць гэтыя рэчы, каб выглядаць не толькі па-народнаму, але і стыльна?

Фота Сяргея Лазюка

Прасцей за ўсё прыстасаваць вышыванку да летняга і курортнага гардэробу. Лёгкія блузы, тунікі і майкі выдатна спалучаюцца з кароткімі шортамі, плеценымі сумкамі, саламянымі капялюшамі, адкрытымі сандалямі… А што наконт халоднай пары года? Варыянты таксама ёсць.

Ці не самы папулярны вобраз -- гэта спалучэнне кашулі ці блузы ў нацыянальным стылі з джынсамі. Прычым пад вышыванку падыходзіць любы фасон -- вузкія, роўныя, завужаныя. Выдатна, калі арнамент супадае па тоне з колерам джынсаў, але гэта неабавязкова. Можна, каб колер ўзору быў у тон абутку. Вытанчана глядзіцца белая вышыванка з блакітным узорам пад блакітныя джынсы. З цёмнымі джынсамі лепш насіць кашулю з чырвоным або цёмна-сінім узорам. І жанчыны, і мужчыны могуць насіць верх як запраўлены ў джынсы, так і не.

Вышыванку можна апранаць і з класічнымі штанамі або спадніцамі -- у такім разе атрымаецца строгі строй. Такі варыянт падыдзе і для працы, і для нейкага сур’ёзнага мерапрыемства або свята. У вышыванку са строгімі штанамі часам нават апранаюцца жаніхі на вяселле. Добра глядзіцца кашуля з арнаментаваным каўнерыкам, манжэтамі ці нейкай іншай асобнай дэталлю з дзелавым касцюмам -- у такім вобразе не сорамна адправіцца нават на міжнародныя перамовы.

Калі мы кажам пра жаночыя вышыванкі ў выглядзе сукенак ці тунік, то яны будуць добра спалучацца з бацільёнамі на сярэднім і высокім абцасе, каўбойскімі ботамі і казакамі, зручным модным абуткам без абцаса кшталту оксфардаў, чаравікамі чэлсі, простымі белымі кедамі і красоўкамі.

У мужчын, якія апранаюць кашулі з арнаментам, таксама ёсць выбар. У залежнасці ад жадаемага вобразу яны могуць выбраць як спартыўны, так і больш дзелавы абутак.

Аксэсуары падбіраюцца не столькі пад вышыванку, колькі пад увесь образ. Жанчыны могуць выбраць і маленькія клатчы, і аб’ёмныя заплечнікі. Да месца будуць выглядаць сумкі з махрамі, кутасікамі, перфарацыяй, буйнымі спражкамі, ланцужкамі і аплікацыяй. Пад мужчынскі класічны касцюм падыдзе барсетка або клатч. З джынсамі і штанамі ў стылі casual будуць добра глядзецца заплечнікі, спартыўная сумка праз плячо, пасавая мадэль. Пад штаны можна апрануць маленькую сумку праз плячо. Гальштукі і мятлікі з нацыянальнымі ўзорамі лепш надзяваць на аднатонную кашулю без узораў -- каб вобраз не быў перагружаны.

Што датычыцца верхняй вопраткі, калі гэта кашуля, блуза або туніка, якіх не будзе відаць, то яе трэба спалучаць з абуткам, сумкай і ніжняй часткай вобразу. Калі гаворка ідзе пра доўгую сукенку-вышыванку, тут падыдзе многае. У залежнасці ад тэмпературы за акном можна выбіраць аб’ёмнае або прыталенае паліто ў стылі мілітары, свабодны кейп або понча ў стылі боха, кароткую ці падоўжаную джынсаву куртку, падоўжаныя паркі, футры са штучнага футра і дублёнкі.

Міла Кавалёва

infong@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter