Калі здзяйсняюцца мары

У Рызе адкрыўся Беларускі інфармацыйны ЦэнтрНядаўна мне пашчасціла наведаць Латвію, бліжэй пазнаёміцца з тамтэйшымі беларусамі. Ведала, што ў лёсах беларусаў і латышоў ёсць нямала супольнага. Ужо ў ХІІ-ХІІІ стагоддзях іх продкі разам змагаліся супраць крыжакоў. А пазней па Дзвіне-Даўгаве ішла ў Латвію з нашых земляў праваслаўная вера. Цяпер у Латвіі жыве каля 76 тысяч беларусаў, дзейнічае амаль два дзясяткі беларускіх суполак. З 1988 года (сёлета — юбілей!) існуе Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. У Рызе працуе Беларуская школа, у якой навучаюцца дзеці з першага па дзявяты класы, ладзіць выставы Аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, дзейнічае Саюз беларусаў Латвіі.Мая першая сустрэча з суайчыннікамі адбылася ў Музеі Яна Райніса — латышскага паэта, які быў сапраўдным сябрам і дарадцам беларусаў. Музей ладзіў вечарыну “Ян Райніс і Беларусь”.
У Рызе адкрыўся Беларускі інфармацыйны Цэнтр

Беларускі інфармацыйны Цэнтр у Латвіі гасцінна расчыніў дзверыНядаўна мне пашчасціла наведаць Латвію, бліжэй пазнаёміцца з тамтэйшымі беларусамі. Ведала, што ў лёсах беларусаў і латышоў ёсць нямала супольнага. Ужо ў ХІІ-ХІІІ стагоддзях іх продкі разам змагаліся супраць крыжакоў. А пазней па Дзвіне-Даўгаве ішла ў Латвію з нашых земляў праваслаўная вера. Цяпер у Латвіі жыве каля 76 тысяч беларусаў, дзейнічае амаль два дзясяткі беларускіх суполак. З 1988 года (сёлета — юбілей!) існуе Латвійскае таварыства беларускай культуры “Сьвітанак”. У Рызе працуе Беларуская школа, у якой навучаюцца дзеці з першага па дзявяты класы, ладзіць выставы Аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, дзейнічае Саюз беларусаў Латвіі.
Мая першая сустрэча з суайчыннікамі адбылася ў Музеі Яна Райніса — латышскага паэта, які быў сапраўдным сябрам і дарадцам беларусаў. Музей ладзіў вечарыну “Ян Райніс і Беларусь”. Пад час імпрэзы выступаў фальклорны гурт “Вытокі”, артысты якога — мясцовыя беларусы Алесь Карповіч, Таісія Хмялеўская, Людміла Яновіч, Марыя Каляда, Валер Буль, Язэп Малахоўскі, Людміла Хамяк, Ларыса Целічына, Феня Дзянісава і Ніна Гаршкова. Паклон ім усім! Глядзела я на іх адухоўленыя твары ды міжволі пранікалася павагай, адчула шчырую прыязнасць да людзей, якія збераглі ў сэрцах любоў да Бацькаўшчыны, да роднай мовы. Пасля канцэрта і экскурсіі па музеі былі пасядзелкі, гутаркі за гарбатаю. Аказваецца, не так усё і лёгка ў Латвіі, як часам нам здаецца. Аднак суайчыннікі поўныя аптымізму і веры, што надыдуць лепшыя часы, а галоўнае: нішто не перашкодзіць ім збірацца разам, гаварыць і спяваць па-беларуску, адзначаць народныя святы, адчуваючы сябе часцінкаю Бацькаўшчыны. Тады я і даведалася пра адкрыццё Беларускага інфармацыйнага Цэнтра ў Рызе. Без якога, па словах маіх суразмоўцаў, латвійскім беларусам бракавала аб’ектыўнай інфармацыі на роднай мове, а яна ж вельмі патрэбная, каб адчуваць сябе далучанымі да Бацькаўшчыны ды захоўваць сваю ідэнтычнасць.
Рыга сённяУрачыстаць ладзілася ў бібліятэцы Латвійскага ўніверсітэта, туды мяне гасцінна праводзіў мастак Вячка Целеш — цудоўны чалавек, глыбокі знаўца беларускай гісторыі, культуры і мовы. У фае гасцей прыветна страчалі жанчыны ў прыгожых беларускіх нацыянальных строях, гучала народная музыка, была чуваць беларуская гаворка. На сцэне выступаў дзіцячы гурт “Сузор’е”, гучалі песні на беларускай і латышскай мовах — гэткі спеўны камертон да маючай адбыцца дзеі.
Па словах рэктара Латвійскага ўніверсітэта прафесара Марцэса Аўзіньша, стварэнне Цэнтра паспрыяе ўмацаванню пазітыўнага іміджа Беларусі, пашырэнню эканамічных, навуковых і культурных стасункаў. Іншыя выступоўцы гаварылі пра неабходнасць супрацоўніцтва, і што нам усім трэба болей ведаць пра гісторыю і культуру адзін аднаго — тады тыя “гімалайскія горы”, вобразна заўважыла адна жанчына, якія часам паўставалі між нашымі краінамі, нарэшце знікнуць. Выступленне пасла Беларусі ў Латвіі Аляксандра Герасіменкі было цалкам па-беларуску, што вельмі ўзрадавала не толькі мяне. Дарэчы, адной з першых спраў БІЦ стануць курсы беларускай мовы ў Рызе. Спадар пасол падкрэсліў, што Беларускі інфармацыйны Цэнтр стане важным складнікам ва ўмацаванні сувязяў паміж Латвіяй і Беларуссю, і плённая праца на карысць абедзвюх краін прадоўжыцца. Прызнаюся, пазней мне было прыемна чуць ад маіх новых сяброў добрыя, цёплыя словы ў адрас нашага пасла.
І вось перарэзана стужка, Беларускі інфармацыйны Цэнтр гасцінна расчыніў дзверы. Гэта прыгожыя сучасныя памяшканні, там нямала паліц, застаўленых беларускімі кнігамі. Асабіста мяне вельмі зацікавіў “Беларуска-латышскі. Латышска-беларускі слоўнік”. Газета “Голас Радзімы”, дарэчы, раней расказвала пра гэтае выданне. Аказваецца, да рэалізацыі важнага праекта спрычыніліся не толькі перакладчыца і даследчыца латышскай і беларускай літаратур доктар філалогіі Мірдза Абала, Саюз беларусаў Латвіі, беларускія навукоўцы, але і асабіста жонка пасла спадарыня Ганна Герасіменка, якая цудоўна валодае беларускай мовай. На вокладцы выдання я разгледзела і такія словы: “ Саюз беларусаў Латвіі выказвае падзяку за падтрымку праекта Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу Рэспублікі Беларусь у Латвійскай Рэспубліцы Герасіменку Аляксандру Міхайлавічу”.
Доўга яшчэ не разыходзіліся госці ўрачыстасці, сярод якіх былі прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзімір Панарадаў, дырэктар Фундаментальнай бібліятэкі БДУ Пётр Лапо. Было адчуванне, што ў Рызе сустрэліся добрыя сябры, аб’яднаныя пачуццём любові да Бацькаўшчыны. І я разам з імі радавалася, што мара маіх сяброў спраўдзілася: цяпер у сталіцы Латвіі ёсць Беларускі інфармацыйны Цэнтр. Дзверы яго адчынены як для прадстаўнікоў беларускай дыяспары, так і для ўсіх, каму цікавая наша краіна.

Людміла Хрышчановіч, выкладчыца беларускай мовы, дацэнт БДУ

На здымках:
Беларускі інфармацыйны Цэнтр у Латвіі гасцінна расчыніў дзверы
Рыга сёння
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter